Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр амбасадар Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка. У яго быў каранавірус


Алег Краўчанка, архіўнае фота
Алег Краўчанка, архіўнае фота

Ва ўзросьце 49 гадоў памёр намесьнік міністра замежных справаў Беларусі, амбасадар у Злучаных Штатах Алег Краўчанка.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Анатоль Глаз паведаміў пра гэта парталу Tut.by. Алег Краўчанка быў на дыпляматычнай службе ад 1994 году, стаў амбасадарам 20 ліпеня 2020 году, але так і ня быў адкамандзіраваны ў Штаты.

Прычынаў сьмерці Краўчанкі не называюць, але вядома, што ў яго быў пацьверджаны станоўчы тэст на COVID-19.

Паводле Глаза, Краўчанка не пасьпеў выехаць у ЗША і прыступіць да абавязкаў амбасадара, знаходзіўся ў Беларусі.

Пра Алега Краўчанку выказаўся ў сваім Тэлеграм-канале былы дыплямат Павал Латушка:

«Асабіста ведаў яго ад першых гадоў дзейнасьці незалежнага Міністэрства замежных справаў Беларусі. Ня раз нам давялося сустракацца, размаўляць аб будучыні нашай краiны і дзяржавы. Алег Краўчанка быў таленавітым беларускім дыпляматам, шмат працаваў над фармаваньнем самастойнай зьнешнепплітычнай пазыцыі незалежнай Беларусі».

Алег Краўчанка нарадзіўся ў Менску ў 1971 годзе.

Скончыў юрыдычны факультэт БДУ, асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Быў кандыдатам юрыдычных навук.

У 1994-1999 гадах — аташэ, трэці сакратар службы дзяржаўнага пратаколу, трэці сакратар, другі сакратар, начальнік аддзелу дамоўна-прававога ўпраўленьня МЗС.

У 1999-2003 гадах — дарадца беларускай амбасады ў Швэцыі.

У 2003-2007 гадах — дарадца, намесьнік загадчыка ўпраўленьня гуманітарнага супрацоўніцтва і правоў чалавека МЗС.

У 2007-2008 гадах — дарадца амбасады Беларусі ў ЗША,

У 2008-2014 гадах — часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША.

У 2014-2017 гадах — намесьнік загадчыка ўпраўленьня, загадчык упраўленьня Амэрыкі МЗС.

Ад студзеня 2017 году займаў пасаду намесьніка міністра замежных справаў.

20 ліпеня 2020 года быў прызначаны паслом у ЗША.

Бацька траіх дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG