Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаго зь лідэраў магілёўскіх пратэстаў адправілі на «хімію» за абразу судзьдзяў


Валадар Цурпанаў у дзень прысуду
Валадар Цурпанаў у дзень прысуду

58-гадовага Валадара Цурпанава, аднаго зь лідэраў мясцовых акцыяў пратэсту і праваабаронцу, Магілёўскі раённы суд прызнаў вінаватым у абразе двух судзьдзяў ды пакараў 3 гадамі так званай «хіміі» — пазбаўленьня волі ва ўстанове адкрытага тыпу.

У судовую залю Валадара Цурпанава не пускала міліцыя, а судзьдзя не казаў, чаму.

Судзьдзя Аляксандар Халадцоў на пачатку працэсу выдаліў актывіста з судовай залі пасьля слоўнай перапалкі зь ім без тлумачэньня фармальнай прычыны такога рашэньня. На судовае пасяджэньне, дзе Цурпанаў меў выступіць з апошнім словам, яго не пусьціў нарад міліцыі. У прысудзе Халадцоў таксама не згадаў, чаму выдаліў з залі абвінавачанага.

Цурпанава не пускаюць у залю міліцыянты
Цурпанава не пускаюць у залю міліцыянты

Зьняважыў гонар і годнасьць дзьвюх судзьдзяў

Нагодай для крымінальнага перасьледу актывіста сталі рэзкія выказваньні пра судзьдзяў Вікторыю Палякову і Вольгу Краўчанку, калі тыя разглядалі яго адміністрацыйныя справы за ўдзел у несанкцыянаваных шэсьцях. У абодвух выпадках Цурпанава судзілі ў рэжыме відэаканфэрэнцыі, бо ён быў пад арыштам у ізалятары часовага ўтрыманьня. Пасьля тых выказваньняў яго пазбаўлялі ўдзелу ў працэсах за непавагу да суду, а адзін раз яшчэ і аштрафавалі.

Судзьдзі, прызнаныя пацярпелымі ў справе, зьвярнуліся да свайго начальства, бо палічылі выказваньні Цурпанава зьняважлівымі.

У матэрыялах справы адзначана, што актывіст, «кіруючыся нізкімі намерамі, каб адпомсьціць за разгляд неправамернай, на ягоны погляд, справы аб адміністрацыйным правапарушэньні, сумысьля абразіў» судзьдзяў. Сьледзтва палічыла, што абвінавачаны сваёй фразай зьняважыў іхны гонар і годнасьць пры выкананьні службовых абавязкаў.

Прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачваньня прасіла пакараць Цурпанава 3 гадамі «хіміі» і ў сваім выступе заўважыла: паводзіны актывіста «недапушчальныя для чалавека і грамадзяніна, які заяўляе, што бароніць правы іншых людзей». Яна адзначыла, што абвінавачанага выдалілі з працэсу, бо ён парушаў парадак правядзеньня судовага пасяджэньня.

Цурпанаў: «Судзьдзя наўмысна парушыў працэсуальныя нормы і правы абвінавачанага»

Сваёй віны Валадар Цурпанаў не прызнаў. Журналістам заявіў, што ня можа пагадзіцца з тым, чаго няма. Актывіст настойвае, што ў ягоных дзеяньнях няма складу інкрымінаванага яму злачынства. Сваю пазыцыю суду, аднак, давесьці ня змог. Судзьдзя выдаліў яго з залі, калі ён адмовіўся адказваць на пытаньні пра сябе.

Журналістам Цурпанаў тлумачыў свае паводзіны тым, што судзьдзя непаважліва зьвяртаўся да яго як да ўдзельніка працэсу і грамадзяніна. Акрамя таго, не гаварыў зь ім па-беларуску. Ад удзелу ў працэсе, тым ня менш, актывіст не адмаўляўся, бо рыхтаваўся да яго.

Адваката ён ня меў, і ягоныя правы на працэсе не было каму адстойваць. Цурпанаў некалькі разоў спрабаваў трапіць на суд, але марна. 23 сьнежня яго спрабавалі вывесьці з залі супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы, выкліканыя ў суд, а 24-га зранку Цурпанава чакаў нарад міліцыі, які затуліў сабою перад ім дзьверы.

Цурпанаў спадзяваўся на 1 год «хіміі».

Актывіст настойвае: выдаліўшы яго з залі, судзьдзя парушыў працэсуальныя нормы і правы абвінавачанага. На думку падсуднага, Халадцоў зрабіў так наўмысна, каб вярнуць справу на перагляд і тым самым пазьбегчы адказнасьці за вынясеньне палітычна матываванага прысуду. Цурпанаў падаў у пракуратуру яўку з павіннай, бо мяркуе, што выдаленьне з залі магло быць правакацыяй, каб прыцягнуць яго да больш жорсткага пакараньня за незьяўленьне ў суд.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG