Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аскар Акаеў: Расея — мая другая Радзіма


Сайт праекту «Расея і я»

Аскар Акаеў быў першым прэзыдэнтам Кіргізстану з 1990 года па 2005 год. Адукацыю атрымаў у Расеі, у Ленінградзкім інстытуце дакладнай мэханікі і оптыкі, а доктарскую дысэртацыю абараніў у Маскоўскім інжынэрна-фізычным інстытуце, быў прэзыдэнтам Акадэміі навук Кіргіскай ССР. У красавіку 2005 году ў выніку народнага пратэсту «цюльпанавай рэвалюцыяй», склаў зь сябе паўнамоцтвы, парлямэнт дэ-юрэ прыняў адстаўку. Пратэсты былі выкліканыя фальсыфікацыяй выбараў, зьменай Канстытуцыі і карупцыяй. Пры дапамозе спэцслужбаў Акаеву ўдалося выехаць з тэрыторыі Кіргізстану. Ужо дзесяць гадоў ён жыве ў Расеі, займаецца навуковай дзейнасьцю ў Маскве ў Інстытуце матэматычных дасьледаваньняў складаных сыстэм імя Прыгожына. У 2015 годзе ў Філіпінах быў узнагароджаны ў Прэміяй міру Гузі, азіяцкім аналягам Нобэлеўскай прэміі міру, за ўклад у пабудову дэмакратыі ў Кіргізстане ў час ягонага кіраваньня. 71-гадовы Аскар Акаеў, адзін з 12 былых кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаваў, выказвае свае погляды на адносіны з Расеяй карэспандэнту Ганьне Соўсь ў рамках спэцыяльнай сэрыі інтэрвію «Расея і я».

Інтэрвію запісвалася ў чэрвені 2015 года.


Ганна Соўсь: Аскар Акаевіч, а зь якой думкай сёньня прачнуўся першы прэзыдэнт Кіргізстану?

Аскар Акаеў: Заўсёды прачынаюся з думкай, што трэба мабілізавацца, трэба працаваць, трэба дамагацца новых вынікаў, таму што для навуковага работніка кожны дзень трэба рабіць крок наперад.

Ганна Соўсь: Мы запісваем інтэрвію ў прыгожым будынку Дома вучоных у Маскве. Вы як навуковец вельмі актыўны ў апошнія гады, пішуць, што вы нават прадказалі фінансава-эканамічны крызіс лета 2011 года. А можаце прагноз зрабіць, у якім стане праз два гады будзе расейская эканоміка?

Аскар Акаеў: Праз два гады расейская эканоміка будзе ў значна лепшым стане, чым сёньня. Я думаю, дно крызісу Расея пераадолее сёлета і ў наступным годзе пойдзе на ўздым.

Ганна Соўсь: А калі працягнуцца ваенныя дзеяньні на Ўсходзе Ўкраіны, то як гэта паўплывае на стан расейскай эканомікі?

Аскар Акаеў: Як вядома, Расея не зьяўляецца на сёньняшні дзень удзельнікам ваенных дзеяньняў ні ў паўднёва-ўсходняй Украіне, ні ў якім-небудзь іншым пункце сьвету... Спадзяемся, што так яно будзе і далей... Я нават правёў дасьледаваньне, як паўплываюць магчымыя доўгатэрміновыя санкцыі з боку Захаду, і нават гэта... У Расеі ўсё ж калясальныя, найперш чалавечыя рэсурсы, а аб прыродных рэсурсах ўвесь сьвет ведае добра, таму я перакананы, што расейцы мабілізуюцца і вырашаць праблемы, і эканоміка Расеі пойдзе на ўздым. У гэтым у мяне няма ніякага сумневу.


Ганна Соўсь: Спадар прэзыдэнт, наш праект называецца «Расея і я». Якая яна — ваша Расея? Маглі б вы назваць тры імені расейскіх палітыкаў — цяперашніх, з мінулага — якія ўвасабляюць вашу Расею?

Аскар Акаеў: Калі назваць тры імені, то, вядома ж, гэта тыя палітыкі, зь якімі мне пашчасьціла працаваць, гэта лідэры Расеі, пачынаючы ад 1985-га года за апошнія 30 гадоў. Вядома, Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў, Барыс Мікалаевіч Ельцын і Ўладзімер Уладзіміравіч Пуцін. Я думаю, што сёньня менавіта Пуцін ўвасабляе зьнешнюю і ўнутраную палітыку Расеі самым годным чынам.



Ганна Соўсь: Ці маглі б вы назваць тры імені палітыкаў, якія — ня ваша Расея, якім вы б руку не падалі?

Аскар Акаеў: У мяне няма такой праблемы, таму што я сёньня ў асноўным бываю ў сьвеце навукі, адукацыі. Я маю зносіны ў асноўным з навукоўцамі, выкладчыкамі унівэрсытэтаў. З палітыкамі ў мяне рэдкія сустрэчы, якія праходзяць у непрадказальных месцах, нядаўна вось у кансэрваторыі на канцэрце я сустрэўся з адным з палітыкаў. Таму сустрэч няма, і праблем у мяне няма, падаваць-ня падаваць.

Ганна Соўсь: Калі ў 2005-м годзе вы вымушаныя былі пакінуць Радзіму, чаму вы выбралі Расею? Ці разглядалі вы магчымасьць зьехаць у Казахстан, у Беларусь, у краіны Эўрапейскага Зьвязу?

Аскар Акаеў: У мяне, уласна кажучы, альтэрнатывы Расеі не было, таму што сапраўды Расея — гэта мая другая Радзіма. Тут я правёў найлепшыя гады — 18 гадоў у Ленінградзе, цяпер Санкт-Пецярбургу, я там вучыўся, працаваў, прайшоў шлях ад студэнта да прафэсара. Я лічу, што Расея — мая другая Радзіма, таму што тут я стаў навуковым работнікам, тут я завёў сям’ю, тут, у Ленінградзе, нарадзіліся мае старэйшыя дзеці, дачка і сын, яны, увогуле ленінградцы, народжаныя ў Ленінградзе, таму нейкай альтэрнатывы Расеі не было. Вось вы задалі вельмі добрае пытаньне — якая мая Расея. Вось мая Расея — гэта сьвет расейскай навукі, сьвет вялікай расейскай культуры, паколькі я сам зьяўляюся паводле адукацыі матэматычным фізыкам, гэта прыкладная матэматыка, фізыка.

Вядома ж, я абавязаны станаўленьнем расейскай навуцы, расейскім навукоўцам. Мне вельмі пашчасьціла ў жыцьці, маімі настаўнікамі былі выбітныя расейскія, савецкія навукоўцы. Першы мой настаўнік Сяргей Аляксандравіч Маёраў быў стваральнікам першай савецкай міні-ЭВМ, мінікампутара, ён за гэта быў уганараваны дзяржаўнай прэміяй СССР, ён мне быў як другі бацька са студэнцкай лавы і да прафэсара, суправаджаў і калі я ўжо працаваў у Кіргізстане, прыяжджаў, дапамагаў, раіў, падтрымліваў. Наступным маім настаўнікам быў Юрый Мікалаевіч Дзенісюк, славуты фізык, оптык, акадэмік, першаадкрывальнік трохмернай галяграфіі. Сьвет трохмернай галяграфіі быў адкрыты Дзенісюком, ён быў уганараваны Ленінскай дзяржаўнай прэміяй СССР, ён мог бы атрымаць і Нобэлеўскую, таму што Дзяніс Габар, ангельскі вучоны, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію за адкрыцьцё галяграфіі, вынайшаў толькі плоскую галяграму, а Дзенісюк стварыў усеабдымную трохмерную галяграфію, якая атрымала велізарнае разьвіцьцё. Ён часта бываў у нас у Кіргізстане, суправаджаў мяне ў далейшай маёй кар’еры. Не магу не сказаць аб трэцім настаўніку, які, напэўна, ключавую ролю адыграў у маёй кар’еры—гэта акадэмік Прохараў. Я займаўся лазэрна-аптычнымі сыстэмамі захоўваньня, перадачы, апрацоўкі інфармацыі, і я абараняў доктарскую дысэртацыю ў Маскоўскім інжынэрна-фізычным інстытуце як раз пад кіраўніцтвам Прохарава, ён таксама вельмі падтрымліваў мяне. Ён зьяўляецца адным са стваральнікаў лазэраў...

Ганна Соўсь: І гэта таксама ваша Расея.

Аскар Акаеў: Так, гэта мая Расея. Гэта, вядома, сьвет культуры, таму што гэта тое, што падтрымлівае навукоўца, натхняе... Мы з жонкай зьяўляемся вялікімі прыхільнікамі клясычнай музыкі і сябруем з многімі музыкамі, у прыватнасьці, Юрыем Цемірканавым, адным з выбітных дырыжораў сучаснасьці, з Мсьціславам Растраповічам мы сябравалі сем’ямі , ён называў маю жонку «дачкой па жыцьці»... І сёньня мы часта бываем у Вялікай залі кансэрваторыі, у Ленінградзкай філярмоніі, мы рэгулярна наведваем Санкт-Пецярбург...

2012 год. У Маскоўскай кансэрваторыі
2012 год. У Маскоўскай кансэрваторыі



Ганна Соўсь: Як вы лічыце, чаму беглы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў абраў Беларусь? Пасьля гэтых чатырох гадоў, як прытуліў яго Аляксандр Лукашэнка, ці зьмянілася ваша стаўленьне да яго?

Аскар Акаеў: Не, я ня той чалавек, які мяняе стаўленьне ў сувязі з кан’юктурнымі падзеямі, ці то па палітычных ці то па іншых матывах. Вядома, што сам Лукашэнка заўсёды сьцьвярджаў, што яны людзі блізкія па духу, што ў іх аднолькавыя погляды ў палітыцы, што ў іх аднолькавае стаўленьне да ўлады, таму, напэўна гэта заканамерна, што Бакіеў апынуўся менавіта ў Беларусі.

2004 год. З Уладзімірам Пуціным
2004 год. З Уладзімірам Пуціным



Ганна Соўсь: У Кіргізстане рэйтынг Уладзімера Пуціна, па дадзеных кансалтынгавай канадзкай кампаніі «М-вектар», складаў напачатку года каля 90%, на той момант нават больш, чым у Расеі. Чым вы гэта можаце патлумачыць?

Аскар Акаеў: Я думаю, што гэта заканамерна. Па-першае, Уладзімер Уладзімеравіч Пуцін зьяўляецца моцным, яркім палітыкам. Калі я не памыляюся, часопіс «Тайм» нават двойчы прызнаваў Пуціна найлепшым палітычным лідэрам сьвету, аддаючы перавагу нават перад прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі Абамам. Што тычыцца Кіргізстану, то я выдатна разумею кіргізстанцаў, маіх суайчыньнікаў. Кіргізстан атрымаў незалежнасьць, сувэрэнітэт напярэдадні трэцяга тысячагодзьдзя, і вядома, вельмі даражыць гэтым. І яны бачаць, што Ўладзімер Уладзімеравіч Пуцін цьвёрда абараняе сувэрэнітэт Расеі, таму для іх гэта добры прыклад, кіргізы хочуць, каб іх прэзыдэнт таксама цьвёрда абараняў інтарэсы Кіргізстану, сувэрэнітэт Кіргізстану, як гэта робіць прэзыдэнт Пуцін у Расеі. А па-трэцяе, ёсьць і прычыны зямныя. У Кіргізстане эканоміка знаходзіцца цяпер у вельмі жаласным стане, людзям трэба выжываць, людзі зьвязваюць свае надзеі з больш цесным супрацоўніцтвам з Расеяй, мяркуюць, што Расея дапаможа дынамічнаму разьвіцьцю эканомікі Кіргізстану, паляпшэньню жыцьця народа, і дапаможа таксама ўмацаваньню бясьпекі, паколькі гэты рэгіён сёньня знаходзіцца пад пільнай увагай міжнароднага тэрарызму, радыкалізму... Мне здаецца, што праблемы скіравалі погляды Кіргізстанцаў у бок Расеі. Заўсёды адносіны дзяржаваў, вядома, зьвязваюцца з лідэрам краіны, таму я лічу, што заканамерна, што па ўсіх парамэтрах Пуцін зьяўляецца самым папулярным палітыкам у Кіргізстане.



Ганна Соўсь: Ёсьць такое меркаваньне, што для Ўкраіны, Беларусі і Малдовы геапалітычны выбар стаіць паміж Усходам і Захадам, паміж Эўразьвязам і Расеяй. А для Кіргізстану і краінаў Азіі гэты выбар зусім іншы — паміж Расеяй і Кітаем. Вы згодныя з такім вызначэньнем? Я ў адным з інтэрвію чула, як вы казалі, што ваш рэгіён без Расеі не самадастатковы. Гэта насамрэч так?

Аскар Акаеў: Найперш я добра ведаю і ўкраінцаў, і беларусаў, у мяне шмат сяброў і ў той, і ў іншай рэспубліцы, і ў савецкі, і ў постсавецкі пэрыяд. Мне здаецца, трэба адрозьніваць адносіны народу. Мне здаецца, што за выключэньнем прыбалтыйскіх рэспублік (там свая гісторыя), што тычыцца астатніх постсавецкіх рэспублік, то я думаю, што гэта выбар часткі палітычнай эліты, але не народу. Бо калі ў 91-м годзе быў рэфэрэндум, то пераважная частка народа галасавала за захаваньне Савецкага Саюза, за выбар менавіта Расеі. Але частка палітычнай эліты сёньня памыляецца, я лічу. Гэта частка палітычнай эліты, якая сілкуе ілюзіі адносна прагрэсу ў кірунку эўраінтэграцыі, як раз знаходзіцца паміж гэтым выбарам... Што тычыцца маёй краіны, то перад Кіргізстанам такая праблема ніколі не стаяла. Наша гісторыя зьвязаная з гісторыяй двух вялікіх суседніх дзяржаваў — Расеі і Кітая. З Кітаем у першым тысячагодзьдзі ў нас былі вельмі цесныя гандлёвыя, культурныя сувязі, і ў першым тысячагодзьдзі мы найбольш залежалі ад узаемаадносінаў з Кітаем, пачынаючы з новай эры, і пік гэтых адносінаў прыпадае на Таньскую эпоху, эпоху росквіту Кітая, гэта дзесьці 6-9 стагодзьдзі. Кіргізы тады выключна дзякуючы гандлю, культурным сувязям з Кітаем стварылі магутную дзяржаву на Алтаі, у вярхоўях Енісея, у Саянскіх гарах, пра што вялікі усходазнаўца Васіль Бартольд пісаў як пра эпоху кіргізскага вялікадзяржаўніцтва. Тады праходзіў кіргізскі шлях на Вялікім шаўковым шляху, самая ажыўленая была гэтая галіна. І кіргізскія кіраўнікі былі частымі гасьцямі кітайскага імпэратара ў Пэкіне, і займалі ганаровыя месцы, гэта вядома з гістарычных дакумэнтаў... А апошнія 200 гадоў выбар быў зроблены на карысьць Расеі, і я ганаруся тым, што мае продкі — кіраўнікі паўночных рэгіёнаў. Быў такі славуты кіраўнік Атаке баатыр, які паслаў паслоў да Кацярыны Вялікай з просьбай прыняць падданства Расеі, каб абараніцца ад шматлікіх ворагаў, якія хацелі спусташэньня Кіргізстану, разбурэньня Кіргізскай дзяржавы. У 2015 годзе роўна 230 гадоў споўнілася з таго дня, як Кацярына Вялікая прыняла зь вялікай пашанай гэтых паслоў, паслала сыгнал, што вітае гэта. Тады Расея была занятая расейка-турэцкімі войнамі і іншымі праектамі на поўдні, у Закаўказьзі, вядома Расеі было не да Цэнтральнай Азіі. Але вось праз 80 гадоў Кіргізстан добраахвотна, я хачу падкрэсьліць гэта, добраахвотна ... Так, былі розныя формы далучэньня...



Ганна Соўсь: У 91-м годзе вы галасавалі за незалежнасьць Кіргізстану, гэты працэс адбываўся фактычна пад вашым кіраўніцтвам. Я чытала ў адным з інтэрвію, як вы казалі, што ганарыцеся тым, што вашым апошнім прэзыдэнцкім загадам быў загад «не страляць» у сакавіку 2005-га года. Я вас працытую: «загады некаторых прэзыдэнтаў у арабскім сьвеце страляць па суайчыньнікам прывялі да нацыянальных катастрофаў, найнебясьпечных рэгіянальных пажараў». Ва Ўкраіне на Майдане быў дадзены загад «страляць», і цяпер на Ўсходзе Ўкраіны фактычна ідзе вайна. Скажыце, якую памылку дапусьціў Віктар Януковіч тады? Калі параўнаць, вядома, не зусім карэктнае параўнаньне, але ўсё ж, калі параўнаць тое, што адбылося з вамі, і тое, што адбылося з Віктарам Януковічам, вы абодва зараз знаходзіцеся ў Расеі: у чым прынцыповая розьніца паміж вамі?

Аскар Акаеў: Наколькі мне вядома, як раз Януковіч не аддаваў загаду «страляць», і як высьвятляецца, стральба адбывалася ў сьпіну, гэта самі арганізатары Майдану арганізавалі, каб дамагчыся эскаляцыі падзей. Гэта першае. Другое, самая вялікая памылка Януковіча была ў тым, што ён падпісаў так званы мэмарандум з трыма заходнімі міністрамі замежных справаў аб здачы ўлады, хоць у яго быў такі горкі вопыт, за дзесяць гадоў да гэтага ён таксама здаваў выйграную практычна ўладу Юшчанку таксама пад ціскам у трэцім туры выбараў, не прадугледжаных Канстытуцыяй Украіны. Але, што тычыцца параўнаньняў гісторый да і пасьля гэтых пераваротаў, я абсалютна ня бачу ніякіх паралеляў. Я лічу, што нічога агульнага паміж нашымі гісторыямі няма і ня можа быць. Я ўжо казаў, мы з розных сьветаў. Я са сьвету навукі, я вярнуўся ў навуку, а Януковіч быў родам з чыноўнікаў, напэўна, ён вернецца туды ж.

Ганна Соўсь: Ці зьмянілася ваша стаўленьне да Расеі, да яе лідэраў пасьля анэксіі Крыма і ваеннага канфлікту на тэрыторыі Ўсходняй Украіны?

Аскар Акаеў: Калі і зьмянілася стаўленьне, то толькі ў лепшы бок. Я тлумачу чаму. Па-першае, я лічу, што канфлікт у паўднёва-ўсходняй Украіне цалкам ляжыць на сумленьні кіраўніцтва Ўкраіны на чале з прэзыдэнтам Парашэнкам. Гэта яны разьвязалі гэтую вайну супраць уласнага народа. Што тычыцца Крыму...

Ганна Соўсь: А Крым чый?

Аскар Акаеў: Крым расейскі. Я абсалютна перакананы. Любы чалавек, дасьведчаны ў сусьветнай гісторыі, у гісторыі Расейскай дзяржавы вам скажа тое ж самае. Крым — гэта выключна, чыста расейскі праект Кацярыны Вялікай, які быў рэалізаваны яе выбітнымі палкаводцамі: князем Пацёмкіным, князем Румянцавым, генэралісімусам Суворавым і вялікімі флатаводцамі Ўшаковым і Нахімавым. Я адмыслова пералічваю гэтыя прозьвішчы, і я мог бы яшчэ дзясятак прывесьці, дзе вы ня знойдзеце ніводнага ўкраінскага дзеяча, выхадца з Украіны. Крым — гэта выключна расейскі праект. Валюнтарысцкае рашэньне Хрушчова перадаць Крым не было аформлена па літары і духу Канстытуцыі Савецкага Саюза, гэта быў проста валюнтарысцкіх жэст Хрушчова. Я думаю, што не было на яго другога Сталіна. Калі б нават сёньня ажылі сэр Уінстан Чэрчыль і прэзыдэнт Рузвэльт, яны б таксама сказалі, што Крым — расейскі. Калі браць сэра Ўінстана Чэрчыля, то ён заўсёды называў рэчы сваімі імёнамі. Калі на ялцінскай канфэрэнцыі яго частавалі армянскім каньяком, ён так і называў гэта армянскім каньяком, а не расейскім каньяком, а Крым называў, а Севастопаль называў расейскім горадам.

Аскар Акаеў з жонкай, Нурсултан Назарбаеў і Іслам Карымаў на гарналыжнай базе Чымбулак ў Казахстане
Аскар Акаеў з жонкай, Нурсултан Назарбаеў і Іслам Карымаў на гарналыжнай базе Чымбулак ў Казахстане


Ганна Соўсь: Вы калісьці называлі ЗША пазарэгіянальнай сілай, у бытнасьць прэзыдэнтам далі згоду на разьмяшчэньне амэрыканскіх ваенных сіл на тэрыторыі Кіргізстану. Пазьней вы вінавацілі ЗША ў арганізацыі «цюльпанавай рэвалюцыі». А як вы бачыце адносіны Злучаных Штатаў Амэрыкі і Кіргізстана цяпер?

Аскар Акаеў: Я заўсёды называў ЗША пазарэгіянальнай сілай для Цэнтральнай Азіі, і сёньня я прытрымліваюся гэтай жа пазыцыі. Хоць ЗША самі лічаць сябе суседзямі ўсіх краінаў на ўсіх кантынэнтах, і лічаць, што ўсюды ў іх ёсьць свае інтарэсы. Што тычыцца згоды прыняць у 2001-м годзе амэрыканскую авіяцыю, авіяцыю краінаў НАТА, то я лічу гэтае рашэньне правільным, таму што тады Амэрыка згуртавала міжнародную антытэрарыстычную кааліцыю. Я лічыў, што гэта прагрэсіўны крок з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. І сёньня я лічу, што гэта на пачатковым этапе сапраўды было прагрэсіўным пачынаньнем у інтарэсах, можа быць, усяго сьвету, усіх народаў сьвету. Тым больш што ў 1999 і 2000 гадах мы самі зьведалі нашэсьце тысячных бандфармаваньняў міжнародных тэрарыстаў з Аўганістана, мы тады страцілі сваіх воінаў, таму для нас быў лягічным якраз удзел у гэтай антытэрарыстычнай кааліцыі, якую ўзначалілі США, таму што крыніца тэрарызму была па суседзтву з намі. Што тычыцца сёньняшніх адносінаў, я не думаю, што яны сталі лепшымі, чым былі ў 90-я гады, калі мы ўсе лічылі, што Амэрыка шчыра дапамагае станаўленьню дэмакратычных дзяржаваў, мы лічылі бескарысьлівай іх дапамогу, падтрымку ў дэмакратызацыі. Сёньня людзі на ўсёй плянэце ўбачылі, што дэмакратызацыя па-амэрыканску стала трагедыяй для многіх дзяржаў. Возьмем Ірак — старажытная дзяржава, якая перастае сёньня існаваць, развальваецца. Не стала Лібіі, руйнуецца Сырыя, Аўганістан ляжыць у руінах, так што ўсюды, дзе амэрыканцы займаліся дэмакратызацыяй, мы бачым сумную карціну. Ну і ўсе краіны, дзе прайшлі каляровыя рэвалюцыі, сёньня не квітнеюць. Ва Ўкраіне, мы бачым, ідзе грамадзянская вайна. Украіна была самай магутнай савецкай рэспублікай. Мне нават здавалася ў 80-я гады, я падлічыў (быў славуты Інстытут кібэрнэтыкі Віктара Міхайлавіча Глушкова), мне здавалася, што Ўкраіна ўжо адной нагой знаходзіцца ў камунізме. Гэта была самадастатковая рэспубліка з калясальным навукова-тэхнічным патэнцыялам, была адной з жытніц Савецкага Саюза. А сёньня што адбываецца? У Грузіі таксама ня стала лепш, у мяне шмат сяброў, яны распавядаюць, што ня стала лепш. За савецкім часам у 80-я гады Грузія была адной нагой ужо ў камунізме. Так што стаўленьне народу Кіргізстану таксама будуецца на гэтым, таму няма былога даверу народа, і не думаю, што адносіны з ЗША будуць паляпшацца.

Ганна Соўсь: Калі вярнуцца да тэмы адносінаў з Расеяй, калі за 15 гадоў, якія вы кіравалі Кіргізстанум, выбраць адзін дзень, найлепшы дзень у вашых адносінах з Расеяй, і адзін найбольш складаны, якія б два дні вы назвалі?

Аскар Акаеў: Калі казаць пра найлепшы дзень, то я б вярнуўся ўсё ж у 1962-ы год, калі вы кажаце пра маё жыцьцё, а не жыцьцё Кіргізстану, таму што ў 1961-м годзе 31-га жніўня я якраз прыехаў у горад Ленінград. Гэта быў найлепшы дзень у маім жыцьці, ад якога пачалася мая навуковая кар’ера. А дрэнных дзён я не ўзгадваю. Не было дрэнных дзён ні ў апошнія 15, ні ў апошнія 100 гадоў. Я лічу, што 20-е стагодзьдзе — я заўсёды аб гэтым гаварыў — быў стагодзьдзем Рэнэсансу для Кіргізстана, Рэнэсансам ў культуры, у навуцы, у адукацыі. У 20-м стагодзьдзі вырасьлі такія сусьветна вядомыя людзі, як пісьменьнік Айтматаў, балерына, «кіргіская Плісецкая» яе называлі, Бюбюсара Бейшеналіева, Булат Мінжілкіеў — опэрны сьпявак, які сьпяваў у Вялікім тэатры цара Барыса, у 90-я гады сьпяваў у Марыінскім тэатры , ленінградцы яго параўноўвалі з Шаляпіным. Я б мог назваць яшчэ шмат імёнаў, якія зьяўляюцца спараджэньнем гэтага Рэнэсансу...

Ганна Соўсь: А вы маглі б расейскую мову назваць сваёй роднай мовай нароўні з кіргізскай?

Аскар Акаеў: Безумоўна. Я сам навуковы работнік, і калі я разважаю аб праблемах навукі, я думаю на расейскай мове, ніяк не на кіргізскай. Мая навуковая мова — расейская. У іншым жыцьці, палітычным, я магу разважаць і на роднай кіргізскай мове, але што тычыцца асноўнага майго занятку, навуковага дасьледаваньня, то яна для мяне родная. Таму я прапагандаваў расейскую мову, і ў Канстытуцыі Кіргізстану, першай Канстытуцыі, я дамогся, каб афіцыйна быў замацаваны статус расейскай мовы. Мяне крытыкавалі кіргізскія нацыяналісты і ў 90-я гады, і сёньня, але затое... Вы ведаеце, будучы ў Расеі, я тут вельмі шмат сустракаю нашай моладзі, і моладзь мне дзякуе. Ведаеце, за што найперш? За тое, што я дамогся афіцыйнага статусу расейскай мовы. Яны ўсё добра валодаюць расейскай мовай, мае кіргізстанцы, а іх мільён сёньня ў Расеі. Я зь вялікім зьдзіўленьнем даведаўся, што яны лічаць, што гэта галоўнае іх канкурэнтная перавага тут. Мае кіргізстанцы працуюць тут у сфэры паслугаў, у рэстаранах, у дзяржаўных установах, ва унівэрсытэтах, у музэях, тады як выхадцы з суседніх рэспублік працуюць на будоўлях, дворнікамі, гэта значыць там, дзе ўвогуле не патрабуюцца ведаць расейскую мову. Расейская мова прынесла такую канкурэнтную перавагу маім суайчыньнікам, і я вельмі рады.

Ганна Соўсь: Вы неаднаразова казалі пра тое, што вернецеся на Радзіму, «калі ў краіне будзе канстытуцыйны парадак, калі ў краіне будуць выконвацца правы і свабоды, будзе забясьпечаная асабістая бясьпека вам і сям’і». Ці абмяркоўвалі вы зь цяперашнімі ўладамі Кіргізстану магчымасьць вярнуцца і гарантыі бясьпекі?

Аскар Акаеў: Вядома, абмяркоўваў. Калі казаць аб статусе, то я зьяўляюся экс-прэзыдэнтам Кіргізстану, ніхто мяне ў канстытуцыйным парадку гэтага не пазбаўляў. Вы ведаеце, пазбавіць мяне можа толькі парлямэнт, вось як цяпер прэзыдэнт Украіны Парашэнка спрабуе гэта зрабіць са сваім папярэднікам — праз парлямэнт, Канстытуцыйны суд. Таму Бакіеў найперш заклапаціўся тым, каб пазбавіць мяне статусу экс-прэзыдэнта, але тады яго ж парлямэнт прагаласаваў супраць. Так што я застаюся экс-прэзыдэнтам. Так, рашэньне было прынятае часовым неканстытуцыйным урадам Кіргізстану на чале з Атунбаевай, я лічу, што гэты часовы ўрад складаўся з палітычных авантурыстаў. І іх рашэньне, вядома, не зьяўляецца канстытуцыйным...

Ганна Соўсь: Калі вы вернецеся зараз, ці вы будзеце ў бясьпецы?

Аскар Акаеў: Не, вядома, калі казаць аб недатыкальнасьці, спадзявацца на гэта не выпадае, таму што Кіргізстан дзесяць гадоў таму перастаў быць прававой дзяржавай, там кіруюць рэвалюцыйны лідэры, спачатку Бакіеў, потым Атунбаева, цяпер Атамбаеў. Вось яны трое якраз узначальвалі дзяржаўны пераварот у сакавіку 2005-га года. С той пары Кіргізстан перастаў быць прававой дзяржавай. Неправавая дзяржава. Пра якую недатыкальнасьць можна казаць? Але я хацеў бы падкрэсьліць, што ніякім чынам, ні ў якім пляне сваім статусам не карыстаўся, але, тым ня менш, факт ёсьць факт, мяне парлямэнт кіргізскі яго не пазбаўляў.



Ганна Соўсь: У вас шмат калег, былых калег, прэзыдэнтаў-доўгажыхароў. Нурсултан Назарбаеў, Аляксандр Лукашэнка больш за 20 гадоў кіруюць дзяржавай. Шмат прэзыдэнтаў ёсьць, якія ня могуць, ня хочуць, баяцца, напэўна, сыходзіць, вельмі доўга застаюцца ва ўладзе самымі рознымі спосабамі. Якую параду вы маглі даць, напрыклад, прэзыдэнту Лукашэнку — чаму ня трэба баяцца быць былым? І якія, можа быць, ёсьць перавагі ў тым, каб быць былым?

Аскар Акаеў: Я чамусьці думаю, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ня мае патрэбы ні ў чыіх парадах. Ён сам мудры прэзыдэнт, актыўны, дзейны, дай Бог яму здароўя, посьпехаў і ўдачы на карысьць беларускага народу. Што тычыцца даўгалецьця на пасадзе прэзыдэнта — калі яны запатрабаваныя сваім народам, яны пасьпяхова кіруюць дзяржавай — чаму б не? Чаму нават у Злучаных Штатах Амэрыкі прэзыдэнт Рузвэльт чатыры разы пераабіраўся, хоць па Канстытуцыі, па традыцыях не належыць быць больш за два тэрміны? Таму я лічу, што пераход ад адной фармацыі да іншай фармацыі — гэта таксама такі ж цяжкі момант, як і вайна. Я ведаю прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. У мяне шмат сяброў-казахаў, яны бываюць тут у Маскве вельмі часта. Яны яго любяць, яны лічаць, што ён вядзе іх да прагрэсу, да росквіту, і яны падтрымліваюць.

Ганна Соўсь: А якія ўсё ж перавагі ў былога прэзыдэнта?

Аскар Акаеў: Свабода. Я — вольны чалавек, я асабіста сёньня здабыў свабоду, я займаюся тымі праблемамі, якія мяне цікавяць, і атрымліваю ад гэтага велізарнае задавальненьне, асалоду. Я атрымліваю асалоду ад свабоды.

Ганна Соўсь: Мая калега, дырэктар кіргізскай службы Радыё Свабода, Венера Джуматаева калісьці напісала блог, у якім распавядала, як вельмі свабодна сябе адчувала прэса ў часы вашага прэзыдэнцтва, што не было ціску на журналістаў. А каб вы маглі сказаць пра ролю Радыё Свабода ў вашым рэгіёне, у вашай краіне? Ці слухаеце вы, ці чытаеце інтэрнэт-сайт Свабоды, як ацэньваеце ўплыў Радыё Свабода?

Аскар Акаеў: Прызнаюся, што ў апошнія 10 гадоў я не чытаў, ня слухаў радыё проста па загружанасьці. Я адразу вярнуўся ў сваю родную стыхію, я заняўся навуковай працай. Пачаўшы другое навуковае жыцьцё, мне трэба быў паказаць, найперш сабе, сябрам, што я яшчэ не сказаў апошняе слова ў навуцы. Таму я проста не мог дазволіць сабе слухаць радыё, чытаць газэты. І сёньня таксама: я рэдка цікаўлюся падзеямі і ў сваёй роднай рэспубліцы, можа быць, гэта няслушна. Навуковая праца патрабуе ўсіх сілаў. А ў тыя гады, калі я займаўся палітыкай, вядома ж, я чытаў газэты, слухаў радыё, разважаў над крытыкай... Яна заўсёды дазваляе неяк выпраўляць памылкі, бывае здаровая крытыка... Я лічу, што ў 90-я, у гады станаўленьня дэмакратыі Радыё Свабода адыграла канструктыўную, карысную ролю. А зараз я ня ведаю...

Ганна Соўсь: Вы сказалі, што яшчэ не сказалі апошняе слова ў навуцы. Калі азірнуцца на 10 гадоў назад, якія галоўныя навуковыя дасягненьні вы зрабілі?

Аскар Акаеў: Я лічу, што добра тое, што мне ўдалося аднавіць былую навуковую форму. За 10 гадоў я ўдзельнічаў у напісаньні больш за дзесятку кнігаў і ўласнай кнігі. У мяне было больш за сто навуковых артыкулаў у прызнаных навуковых выданьнях і ў Расеі, і на Захадзе. А гэта добры вынік — адна-дзьве кнігі ў год і больш за сто артыкулаў. Нават для маладых навукоўцаў адзін артыкул у месяц — гэта лічыцца добрым навуковым вынікам... Калі я вярнуўся ў Расею, то атрымаў запрашэньне адразу ад некалькіх унівэрсытэтаў, інстытутаў, акадэмій, у прыватнасьці ад Фізычнага інстытута Акадэміі навук, дзе я рабіў сваю доктарскую дысэртацыю... Але я выбар зрабіў на карысьць Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта і працую ў групе выдатнага расейскага матэматыка, я лічу, аднаго з самых, напэўна, праслаўленых матэматыкаў сьвету, Віктара Антонавіча Садоўнічага. Я шчасьлівы, што працую ў яго групе, у яго ў інстытуце, ён мой дырэктар і ён мой рэктар. Я працую ў Інстытуце матэматычных дасьледаваньняў складаных сыстэм, які быў заснаваны Нобэлеўскім ляўрэатам Прыгожыным сумесна з Садоўнічым. Мы займаемся распрацоўкай мадэляў сусьветнай дынамікі. Гэта і сацыяльна-эканамічная дынаміка, гэта дэмаграфічная дынаміка, якая вельмі хвалюе людзей, гэта і зьмена клімату. Я лічу, што адна з найлепшых маіх работ за апошнія 10 гадоў — мадэль стабілізацыі клімату ў 21-м стагодзьдзі. Якой павінна быць энэргетычная стратэгія, якая дазволіла б стабілізаваць клімат, незалежна ад таго, як будзе разьвівацца пацяпленьне? Сёньня навукоўцы спрачаюцца, а ёсьць невялікая група, якая сьцьвярджае, што наадварот, наступіць малы ледніковы пэрыяд, пахаладаньне. Я распрацаваў мадэль, якая дазваляе разьлічыць энэргетычную стратэгію і ў выпадку пацяпленьня, і ў выпадку пахаладаньня. Гэтая праца была ўключаная ў вельмі прэстыжны Оксфардзкі даведнік, які выпускаецца раз у 15-20 гадоў, і гэтая праца атрымала добры рэзананс. У траўні на запрашэньне Патсдамскага Інстытуту клімату я там чытаў лекцыі, выступаў з навуковымі дакладамі, а дырэктар гэтага інстытуту зьяўляецца галоўным навуковым дарадцам канцлеркі Мэркель.



І другая праца была вельмі цікавая, яе мы выканалі сумесна з Садоўнічым. Мы распрацавалі нелінейныя мадэлі, якія дазваляюць прадказваць крызысныя зьявы. Доўгатэрміновыя прадказваць лягчэй, а мы знайшлі кляс мадэляў, якія дазваляюць прадказваць кароткатэрміновыя. Вось мы прадказалі ў 2010 годзе, што другая хваля фінансавага крызісу выбухне 4-га жніўня 2011-га года. Прычым мы апублікавалі нашы вынікі і ў расейскіх, і ў амэрыканскіх часопісах у 2010-м годзе, за год прыкладна прадказалі. І сапраўды, другая хваля здарылася на адзін дзень раней 3-га жніўня 2011-га года з-за краху Азіяцкай біржы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG