Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 асобаў і 7 прадпрыемстваў. Эўразьвяз ухваліў трэці пакет санкцыяў адносна Беларусі


Амбасадары краінаў Эўразьвязу сёньня ўхвалілі новы пакет санкцыяў адносна Беларусі

Пад санкцыі трапілі яшчэ 29 асобаў і 7 прадпрыемстваў. Рашэньне будзе апублікаванае заўтра ў афіцыйным часопісе Зьвязу і з заўтрашняга дня ўступіць у сілу. Пра гэта паведаміў наш карэспандэнт у Брусэлі Рыкард Юзьвяк.

Санкцыі трэцяга пакеты тычацца ня толькі беларускіх чыноўнікаў, але і некаторых бізнэсоўцаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, і іх бізнэсаў.

Як паведаміла «Наша ніва», некаторыя з гэтых прадпрымальнікаў, блізкіх да Лукашэнкі, здолелі пазьбегнуць гэтых санкцыяў.

Аляксандар Машэнскі
Аляксандар Машэнскі

Паводле выданьня, сярод іх — Аляксандар Машэнскі, уласьнік кампаніі «Санта Брэмар». Паводле крыніц НН, ён давёў уладам Ісляндыі — краіны, адкуль імпартуе рыбу на сотні мільёнаў даляраў, — што ўдар па яго бізнэсе будзе азначаць канкрэтныя страты для Ісляндыі. А Рэйк'явік, паведамляюць крыніцы, прыняў да увагі аргумэнты Машэнскага і паўплываў на рашэньне ЭЗ.

Паводле НН, Машэнскі прызнаў карэспандэнту выданьня, што ягонае прозвішча сапраўды было ў першапачатковым санкцыйным спісе.

«Але словы аб аргумэнтах пра аб'ёмы экспарту рыбы — гэта казкі! Я думаю, што ў тых, хто складае гэтыя сьпісы, ёсьць пэўныя крытэры ўключэньня. Напэўна, карэктна ставіць пытаньне аб тым, ці адпавядае «Санта Брэмар» гэтым крытэрам? Можа, мы расстрэльвалі дэманстрантаў? Можа, мы «кашалькі» — у тэрміналёгіі аўтараў? Я ня думаю. Я думаю, што яны прымаюць рашэньні не на падставе інфармацыі, хто колькі рыбы экспартуе, а на падставе іншых крытэраў, якім «Санта Брэмар» не адпавядае», — сказаў Машэнскі «Нашай ніве».

Нагадаем хроніку сёлетніх санкцыйных рашэньняў Эўразьвязу адносна Беларусі.

  • 2 кастрычніка Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генэральнага пракурора.
  • 6 лістапада сьпіс быў пашыраны, у яго дадалі яшчэ 15 чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў, а таксама кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, старшыню КДБ, старшыню Сьледчага камітэту, прэс-сакратарку Лукашэнкі, старшыню Канстытуцыйнага суду і іншых асобаў з найвышэйшага кіраўніцтва.
  • 19 лістапада міністры замежных справаў ЭЗ дамовіліся аб трэцім пакеце эўрапейскіх санкцыяў супраць уладаў Беларусі.
  • 19 лістапада кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што Лукашэнка больш не атрымае ад Эўразьвязу ніводнага эўра.
  • Таксама 19 лістапада стала вядома, што Эўразьвяз зьбіраецца блякаваць перамовы Беларусі з МВФ аб крэдытах і аб уступленьні ў СГА.
  • Пазьней да санкцыяў ЭЗ далучыліся яшчэ 8 краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз: Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Украіна, Чарнагорыя і Швайцарыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG