Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці пакет санкцыяў Эўразьвязу супраць кіраўніцтва Беларусі маюць папярэдне ўхваліць ужо заўтра


Трэці пакет санкцыяў Эўразьвязу супраць кіраўніцтва Беларусі прадстаўнікі краін у ЭЗ могуць ухваліць у сераду, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк.

У новым санкцыйным сьпісе 29 чалавек і 7 юрыдычных асобаў, піша Юзьвяк.

Ён дадае, што рашэньне да афіцыйнай публікацыі яшчэ маюць ухваліць міністры навакольнага асяродзьдзя краінаў Эўразьвязу. Паводле Юзьвяка, гэта мае адбыцца ў чацьвер.

На пачатку кастрычніка Эўразьвяз узгадніў санкцыі да 40 чалавек, адказных за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Аляксандра Лукашэнку ў санкцыйны сьпіс тады ня ўнесьлі. У дадатковым сьпісе Эўразьвязу, прынятым 6 лістапада, наступныя асобы:

  • Аляксандар Лукашэнка
  • Віктар Лукашэнка — памочнік прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы
  • Ігар Сергеенка — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта
  • Іван Тэртэль — старшыня КДБ
  • Раман Мельнік — начальнік Галоўнай управы аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС
  • Іван Наскевіч — старшыня Сьледчага камітэту
  • Аляксей Волкаў — былы першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту, цяпер старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў
  • Сяргей Аземша — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Андрэй Смаль — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Андрэй Паўлючэнка — кіраўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнту
  • Ігар Бузоўскі — намесьнік міністра інфармацыі
  • Натальля Эйсмант — прэс-сакратарка прэзыдэнта
  • Сяргей Зубкоў — камандзір групы «Альфа» (спэцназ)
  • Андрэй Раўкоў — былы дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі
  • Пётра Міклашэвіч — старшыня Канстытуцыйнага суду

Прычынамі санкцыяў сталі рэпрэсіі і запалохваньне мірных дэманстрантаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, у прыватнасьці — адвольныя арышты і жорсткае абыходжаньне, у тым ліку катаваньні, а таксама запалохваньне журналістаў і гвалт над імі. Таксама — парушэньні правілаў прэзыдэнцкіх выбараў, невыкананьне асноўных міжнародных стандартаў справядлівасьці і празрыстасьці выбараў, фальсыфікацыя вынікаў выбараў, адхіленьне на ўяўных падставах ад выбарчай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў, стварэньне абмежаваньняў назіральнікам на выбарчых участках, перадузятае фармаваньне выбарчых камісіяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG