Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да кожнага, хто зрабіў злачынства супраць чалавечнасьці, дабяруцца». Экс-кіраўнік МЗС Украіны — пра расьсьледаваньне ў Гаазе


Паўло Клімкін
Паўло Клімкін

У пятніцу пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Фату Бэнсуда заявіла, што папярэдняе расьледаваньне знайшло, як цытуе АР, «разумную на гэты момант падставу меркаваць», што ва Ўкраіне былі зробленыя злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы, якія заслугоўваюць шырокамаштабнага расьсьледаваньня.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе разглядае справы выключна пра генацыд, агрэсіі, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя фізычнымі асобамі. На лаве падсудных ня можа апынуцца дзяржава, а толькі канкрэтныя асобы.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Фату Бэнсуда
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Фату Бэнсуда

Папярэднія шэсьць гадоў пракуроры суду расьсьледавалі заявы пра злачынствы, якія пачаліся з жорсткіх рэпрэсіяў за праэўрапэйскія пратэсты ў 2013–2014 гг., уключалі расейскую анэксію Крыму і працяглы канфлікт на ўсходзе Ўкраіны. У гэтай вайне за апошнія шэсьць гадоў загінулі больш як 14 тысяч чалавек, нагадвае АР.

Міністар замежных спрвааў Украіны ў 2014–2019 гадах Паўло Клімкін расказаў журналісту Ўладзіміру Міхайлаву у эфіры «Настоящего времени», як Міжнародны суд больш за шэсьць гадоў атрымліваў ад Украіны матэрыялы крымінальных справаў і нарэшце вызначыў, што яны трапляюць пад юрысдыкцыю суду.

— Гэта добрая рэалізацыя прынцыпу «Цішэй едзеш — далей будзеш». Папраўдзе гэта пытаньне юрыдычнай чысьціні. Міжнародны крымінальны суд займаецца тым, што адбывалася і адбываецца ў рамках расейскай агрэсіі на ўсходзе Ўкраіны, але важна адзначыць, што гэта будзе тычыцца ня толькі Данбасу і Крыму, гэта будзе агульная гісторыя расейскай агрэсіі.

Усё вывучалася дэталёва, і цяпер суд выразна сказаў: «Гэта наша юрысдыкцыя», што ў перакладзе зь юрыдычнай мовы на нармальную азначае: «Гэта сапраўды адбывалася і гэта ўваходзіць у нашу кампэтэнцыю».

Мы ня можам сказаць, колькі яшчэ будзе ісьці расьсьледаваньне. Але справядлівасьць — не пытаньне часу. Справядлівасьць — гэта вельмі важная для нас этычная і каштоўнасная катэгорыя. Яе трэба дасягнуць.

— Ці ўсе матэрыялы, якія Ўкраіна перадавала ў Міжнародны крымінальны суд, праходзілі празь Міністэрства замежных справаў, якое вы ўзначальвалі?

— Ёсьць спэцыяльны мэханізм. Натуральна, Міністэрства замежных справаў гэтаму спрыяла, але яно не магло і ня можа быць асноўным, бо ёсьць інстытуцыі, якія адказваюць за юрыдычны бок пытаньня. А мы ж маем справу зь Міжнародным крымінальным судом. Таму вядучымі ў гэтым пытаньні былі іншыя, у прыватнасьці, Генэральная пракуратура Ўкраіны. А ў Міністэрства замежных справаў была роля спрыяць гэтаму працэсу.

— Калі суд шэсьць гадоў толькі разглядаў, падлягаюць або не падлягаюць матэрыялы крымінальных справаў яго юрысдыкцыі, дык ці можна выказаць здагадку, колькі будзе доўжыцца само расьсьледаваньне?

— Не хачу займацца такімі спэкуляцыямі. Нешта можа расьсьледавацца два гады, штосьці можа расьсьледавацца яшчэ пяць гадоў. Для мяне Міжнародны крымінальны суд — гэта сымбаль таго, што справядлівасьць будзе дасягнута. У адносінах да былой Югаславіі казалі, што гэтага ня будзе. Тым ня менш з усімі складанасьцямі ў тым, каб пакараць вінаватых, гэты працэс рухаецца.

Таму кожны, хто чыніў злачынствы супраць чалавечнасьці, ваенныя злачынствы, павінен ведаць, што калі-небудзь яго дастануць.

І ўлада ў Расеі ад гэтага таксама не ўратуе. Па-першае, улада ня вечная. А па-другое, спосабы дастаць вінаватых існуюць.

— Як вы лічыце, хто можа апынуцца на лаве падсудных?

— Я сьвядома не хацеў бы казаць загадзя. Мне б вельмі хацелася, каб Міжнародны крымінальны суд рэальна дастаў усіх. Усё роўна, колькі гэта будзе адбывацца: год, ці пяць, ці нават дзесяць гадоў. Ніхто з тых, хто ўдзельнічаў у гэтых злачынствах, не павінен сысьці ад адказнасьці. Ідзецца не пра колькасьць і не пра прозьвішчы ў гэтым выпадку.

Для мяне гэта фундамэнтальны прынцып. Рэальна мусяць быць пакараныя ўсё. Гэта якраз тая гісторыя, якая для мяне эмацыйна важная ў кантэксьце Міжнароднага крымінальнага суду.

— Наколькі вялікая імавернасьць таго, што людзі, якія робяць ваенныя злачынствы ў Крыме і на Данбасе, добраахвотна апынуцца ў судзе?

— Вельмі складана сказаць пра кожнага чалавека. Мне здаецца, што для некаторых зь іх вельмі важна задумацца: ці ня лепш самому здацца, пачаць гаварыць і супрацоўнічаць са сьледзтвам? Гэта кожны для сябе будзе вырашаць сам. У працэсе расьсьледаваньня знойдзеныя факты будуць ствараць ціск. У тых, хто рабіў гэтыя злачынствы, прастора, каб падарожнічаць, быць свабодным чалавекам, рэалізоўваць сябе, будзе фундамэнтальна абмежаваная.
Сказаць, што будзе рабіць кожны з тых, хто будзе абвінавачаны, я, вядома ж, сёньня не магу.

— Вы кажаце, што сярод падазраваных можа апынуцца і найвышэйшае расейскае кіраўніцтва.

— Мы з вамі выдатна разумеем, што расейская агрэсія накіроўвалася з адзінага цэнтру. З Масквы. Хто і як аддаваў загады, якім чынам — гэта прадмет расьсьледаваньня. Паглядзіце на паралельнае расьсьледаваньне зьбіцьця малайзійскага «Боінгу». Гэта разьвіваецца паступова, і суд спадзяецца, што разматае гэты клубочак.

Таксама спадзяюся, што Міжнародны крымінальны суд разматае яго да канца.

— Тое, што Міжнародны крымінальны суд узяўся за гэтую справу, прызнаў яе ў сваёй юрысдыкцыі, — гэта ўжо перамога Ўкраіны?

— Палітычна і эмацыйна — на сто адсоткаў. Калі справа разглядаецца ў Міжнародным крымінальным судзе, то Расея і яе грамадзяне гэтыя злачынствы рабілі і гэтыя злачынствы расьсьледуюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG