Судмэдэксперты выявілі і апублікавалі зьвесткі пра асобы дваіх загінулых.
Яшчэ 16 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак, перадае агенцтва AP. Мясцовыя ўлады лічаць, што колькасьць загінулых можа ўзрасьці.
Нацыянальная мэтэаралягічная служба ЗША апублікавала папярэджаньне пра сур’ёзныя пажары, якія будуць працягвацца да серады, з хуткасьцю ветру 50 міляў на гадзіну (80 км/г), якая будзе дасягаць 113 кілямэтраў на гадзіну ў гарах. Найбольш небясьпечным днём стане аўторак, 14 студзеня, паведаміў мэтэароляг службы надвор’я Рыч Томпсан.
«Будзе вельмі моцны парывісты вецер Санта-Ана, вельмі сухое паветра і ўсё яшчэ вельмі сухі хмызьняк, таму ў нас застаюцца крытычныя ўмовы надвор’я, спрыяльныя для пажараў», — сказаў Томпсан на сустрэчы з грамадзкасьцю 11 студзеня.
Начальнік пажарнай службы акругі Лос-Анджэлес Энтані С. Маронэ паведаміў, што 70 дадатковых аўтамабіляў з вадой прыбылі, каб дапамагчы пажарным змагацца з полымем, якое распаўсюджваецца праз новыя парывы ветру.
Чыноўнікі паведамілі, што вогнетрывалая сумесь, скінутая з самалётаў у нядзелю, будзе дзейнічаць як бар’ер уздоўж схілаў.
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн 8 студзеня абвясьціў рэжым стыхійнага бедзтва ў штаце Каліфорнія праз маштабныя пажары.
У сувязі з павышэньнем тэмпэратуры і скарачэньнем ападкаў, зьвязаных са зьмяненьнем клімату, сэзон пажараў у рэгіёне пачынаецца ўсё раней і заканчваецца ўсё пазьней, набліжаючыся да круглагадовага, адзначае Асацыяцыя пажарных.
Форум