Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чакайце новага кодэксу». Улады адказалі на зварот аб судаводзтве па-беларуску


У беларускіх судах дамінуе расейская мова.
У беларускіх судах дамінуе расейская мова.

Кампанія «Ўмовы для мовы» атрымала адказ на свой зварот аб пашырэньні ўжываньня беларускай мовы ў судах з Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў.

У адказе паведамляецца, што цяпер замест Грамадзянскага і Гаспадарчага працэсуальных кодэксаў Вярхоўным судом распрацоўваецца адзіны Працэсуальны кодэкс у грамадзянскіх і эканамічных справах. У ім, як чакаецца, будзе замацавана палажэньне аб вызначэньні мовы судаводзтва ў залежнасьці ад той мовы, на якой складзены зварот.

Прадстаўнік ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Ігар Случак.
Прадстаўнік ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Ігар Случак.

«Іншымі словамі, калі пазоў будзе пададзены на беларускай мове, працэс у судзе ў абавязковым парадку будзе весьціся па-беларуску. Гэта справядлівая норма, і новы кодэкс будзе другім у Беларусі прававым актам, пасьля закону «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў», дзе дакладна прапісана, якая зь дзяржаўных моў выкарыстоўваецца ў канкрэтным выпадку»,— адзначыў актывіст кампаніі «Ўмовы для мовы» юрыст Ігар Случак.

У згаданым лісьце дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледваньняў Вадзім Іпатаў таксама прызнаў актуальнасьць пытаньня аб неабходнасьці апублікаваньня нарматыўных прававых актаў як на расейскай, так і на беларускай мове.

Ён прызнаў, што на сёньняшні дзень пераважная большасьць нарматыўных прававых актаў, у тым ліку працэсуальныя кодэксы, нормы якіх прымяняюцца пры разглядзе спраў, афіцыйна апублікаваны толькі на расейскай мове. На думку Вадзіма Іпатава, наяўнасьць афіцыйнага перакладу нарматыўных прававых актаў на беларускую мову, безумоўна, будзе спрыяць пашырэньню якасьці судаводзтва, а таксама рэалізацыі грамадзянамі права карыстацца тэкстамі гэтых актаў на беларускай мове.

Цяпер у судах і органах, якія разглядаюць адміністрацыйныя справы, амаль няма спраў, у якіх судаводзтва вялося б на беларускай мове, бо судзьдзі і іншыя службовыя асобы звычайна адмаўляюць грамадзянам у ажыцьцяўленьні іхнага канстытуцыйнага права на суд па-беларуску.

Прадстаўніца ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная.
Прадстаўніца ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная.

«Намі распрацаваны і ўнесены прапановы па карэктаваньні шэрагу кодэксаў і законаў Беларусі з мэтай спыніць дыскрымінацыю паводле моўнай прыкметы. Спадзяёмся, наступны год будзе ня менш плённым, чым сёлетні. Мы працягнем працу над тым, каб і ў астатнія працэсуальныя кодэксы і іншае заканадаўства былі ўнесены нормы, якія спыняць дыскрымінацыю беларускамоўных грамадзян паводле моўнай прыкметы», — адзначыла прадстаўніца кампаніі «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная.

Нагорная паведаміла, што на працягу 7 гадоў грамадзянская ініцыятыва «Ўмовы для мовы» вядзе перапіску з парлямэнтам, Канстытуцыйным судом, Вярхоўным судом і Міністэрствам юстыцыі аб неабходнасьці ўнясеньня зьменаў у Крымінальна-працэсуальны, Гаспадарча-працэсуальны, Грамадзянскі працэсуальны кодэксы, Кодэкс аб судаўладкаваньні і статусе судзьдзяў і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэнняў, паводле якіх мову судовага працэсу павінен выбіраць не суд, а той хто ўдзельнічае ў працэсе, у першую чаргу той, супраць каго ён вядзецца, слабы бок працэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG