Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы 107 затрыманых учора падчас разгону Маршу пэнсіянэраў. Валянтэры ініцыятывы «Сьпісы затрыманых» сабралі 115 прозьвішчаў.
Большасьць затрыманых адпусьцілі з пастарунку, склаўшы адміністратыўныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Але вядома, што некалькіх накіравалі да суду ў турму на Акрэсьціна. «Вясна» сярод такіх называе Тамару Кукарэку 1950 года нараджэньня, апрача таго вядома, што затрыманую Ларысу Сысоеву пакінулі на ноч у Кастрычніцкім РУУС Менска.
Паводле валянтэраў ініцыятывы «Сьпісы Акрэсьціна» у цэнтар ізаляцыі парушальнікаў на Акрэсьціна былі дастаўленыя 4 затрыманых з прозьвішчамі Засьценчык, Закіцкая, Зялко, Лагун.
14 сьнежня ў Менску людзі сталага веку сабраліся каля Чырвонага касьцёла на свой адзінаццаты марш пратэсту супраць гвалту і беззаконьня.
На апошніх маршах сілавікі не давалі пратэстоўцам рухацца праспэктам Незалежнасьці, блякавалі і расьсякалі калёну, затрымлівалі і судзілі ўдзельнікаў. Гэтак выйшла і цяпер.
Каля сотні пэнсіянэраў сабраліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску з нацыянальнымі сьцягамі. Праспэкт быў перакрыты, таму яны пачалі ладзіць акцыю на плошчы, вадзілі карагод вакол ялінкі і гукалі «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!» Плошчу атачылі жоўтыя аўтобусы і мікрааўтобусы з сілавікамі, карагод разагналі, удзельнікаў акцыі пратэсту затрымалі і забралі ў аўтобусы.