У менскае РУУС Кастрычніцкага раёну прывезьлі ад 35 да 40 чалавек. У Ленінскае РУУС — каля 40 чалавек. Агулам колькасьць затрыманых праваабаронцы ацэньваюць у больш чым 100 чалавек. Увечары некаторых вызвалілі пасьля складаньня пратаколаў па адміністрацыйным арыткуле аб незаконных масавых мерапрыемствах, а іншых адправілі ў ізалятар на Акрэсьціна да суду.
Удзень аўтамабіль хуткай дапамогі прыбыў да пастарунку на выпадак праблем са здароўем у кагосьці з пэнсіянэраў. Затрыманыя сядзелі ўнутры будынку, паводле валянтэраў, якія знаходзіліся на месцы падзеяў.
14 сьнежня ў Менску людзі сталага веку сабраліся каля Чырвонага касьцёла на свой адзінаццаты марш пратэсту супраць гвалту і беззаконьня.
На апошніх маршах сілавікі не давалі пратэстоўцам рухацца праспэктам Незалежнасьці, блякавалі і расьсякалі калёну, затрымлівалі і судзілі ўдзельнікаў. Гэтак выйшла і цяпер.
Каля сотні пэнсіянэраў сабраліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску з нацыянальнымі сьцягамі. Праспэкт быў перакрыты, таму яны пачалі ладзіць акцыю на плошчы, вадзілі карагод вакол ялінкі і гукалі «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!» Плошчу атачылі жоўтыя аўтобусы і мікрааўтобусы з сілавікамі, карагод разагналі, удзельнікаў акцыі пратэсту затрымалі і забралі ў аўтобусы.