Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі разагналі адзінаццаты «Марш мудрасьці» ў Менску, удзельнікаў атачылі і затрымалі


Акцыя пэнсіянэраў «Марш мудрасьці». Менск, 14 сьнежня
Акцыя пэнсіянэраў «Марш мудрасьці». Менск, 14 сьнежня

У Менску людзі сталага веку сабраліся каля Чырвонага касьцёла на свой адзінаццаты марш пратэсту супраць гвалту і беззаконьня. ​

На апошніх маршах сілавікі не давалі пратэстоўцам рухацца праспэктам Незалежнасьці, блякавалі і расьсякалі калёну, затрымлівалі і судзілі ўдзельнікаў. Гэтак выйшла і цяпер.

Каля сотні пэнсіянэраў сабраліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску з нацыянальнымі сьцягамі. Праспэкт быў перакрыты, таму яны пачалі ладзіць акцыю на плошчы, вадзілі карагод вакол ялінкі і гукалі «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!» Плошчу атачылі жоўтыя аўтобусы і мікрааўтобусы з сілавікамі, карагод разагналі, удзельнікаў акцыі пратэсту затрымалі і забралі ў аўтобусы.

16.30. На Маршы пэнсіянэраў затрымалі каля 40 чалавек. Затрыманых даставілі ў Кастрычніцкі РУУС Менску. Каля пастарунку дзяжурыць брыгада хуткай дапамогі.

15.30.Невялікая група пэнсіянэраў сабралася і каля чыгуначнага вакзалу ў Менску і пакінула там інсталяцыю.

15.15. Як піша канал «Мая краіна Беларусь», затрымалі ўсіх, каго маглі, а адпусьцілі толькі Яна Грыба і Ніну Багінскую. Пасьля затрыманьняў адкрылі ўваход у станцыю мэтро «Плошча Леніна».

15.00. Карагод пэнсіянэраў на плошчы Незалежнасьці скончыўся. Цяпер вакол ялінкі стаяць сілавікі ў чорным.

14.55. Некаторыя ўдзельнікі акцыі адышлі на ганак Чырвонага касьцёла.

14.50. Сілавікі атачылі плошчу Незалежнасьці і пачалі затрымліваць пэнсіянэраў, якія вадзілі карагод вакол ялінкі, і адводзіць іх у аўтобусы, паведамляе Онлайнер. Сілавікі не прапускаюць да плошчы нават грамадзкі транспарт.

Сілавікі ў жоўтых аўтобусах атачылі пэнсіянэраў.
Сілавікі ў жоўтых аўтобусах атачылі пэнсіянэраў.

14.45. Менскі метрапалітэн закрыў уваход у вэстыбюль станцыі «Плошча Леніна» з боку плошчы Незалежнасьці.

14.40. Праспэкт Незалежнасьці перакрыты. Паводле каналу «Глаза Минска», ДАІ перакрыла выезд на праспэкт Незалежнасьці з боку вакзалу і вуліцы Маскоўскай. Уздоўж праспэкту стаяць аўтобусы сілавікоў.

Удзельнікі маршу скандуюць: «Сыходзь!»

14.38. На менскі «Марш мудрасьці» на плошчу Незалежнасьці прыбылі сілавікі, патрабуюць разысьціся.

14.35. Пэнсіянэры таксама зьбіраюцца і на менскім вакзале, там іх каля 20.

14.30. Каля 20 пэнсіянэраў выйшлі на марш у цэнтры Горадні. Яны трымалі бел-чырвона-белыя парасоны, гукалі «Жыве Беларусь!». Зьбіраліся ў іншым месцы, ня там, дзе раней.

Марш пэнсіянэраў у Горадні
Марш пэнсіянэраў у Горадні

Цяпер іх не суправаджала міліцыя, але здымалі «людзі ў цывільным». Удзельнікі маршу разышліся, затрыманьняў не было відаць.

Марш пэнсіянэраў у Горадні
Марш пэнсіянэраў у Горадні

14.25. Каля кінатэатру «Цэнтральны» стаяць вялікія жоўтыя аўтобусы без нумароў. Паводле відавочцаў, унутры аўтобусаў сілавікі.

Аўтобусы стаяць уздоўж маршруту, якім плянуюць ісьці пэнсіянэры
Аўтобусы стаяць уздоўж маршруту, якім плянуюць ісьці пэнсіянэры

14.20. «Марш мудрасьці» ў Менску пачаўся з карагоду вакол ялінкі і выгуканьня «Жыве Беларусь!».

14.15. Сярод удзельнікаў акцыі заўважылі Ніну Багінскую з нацыянальным сьцягам і Яна Грыба.

14.00. Людзі пачалі зьбірацца ля Чырвонага касьцёла. Сабраліся каля сотні чалавек, ёсьць нацыянальныя сьцягі. Тут жа відаць машыны ДАІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG