Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску будуць судзіць 87-гадовую жанчыну за бел-чырвона-белы сьцяг на гаўбцы


Бел-чырвона-белыя сьцягі на дамах, ілюстрацыйнае фота
Бел-чырвона-белыя сьцягі на дамах, ілюстрацыйнае фота

«Пераемнасьць з нацызмам дэманструе калгасна-фашысцкая ўлада», — напісаў у фэйсбуку культурны і грамадзкі дзяяч Аляксандар Белы ў сувязі з судовым працэсам над ягонай 87-гадовай цёткай Лізаветай, які адбудзецца ў наступны аўторак.

Яе будуць судзіць за бел-чырвона-белы сьцяг, які яна вывесіла на гаўбцы сваёй кватэры ў Менску.

Аляксандар напісаў:

«А ў аўторак у 15:12 у Кастрычніцкім раённым судзе будуць судзіць маю родную цётку Лізавету, маці майго стрыечнага брата Жэні (які цяпер у Жодзінскай турме за пратэсты каля лякарні хуткай дапамогі), за бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе яе кватэры на Асаналіева. Ёй 87 гадоў і 7 месяцаў.

Калі казаць пра нацызм, які нібыта ўвасабляе бел-чырвона-белы сцяг. Разам з маёй бабуляй Фрумай і маім бацькам Валяр'янам яны здолелі ўцячы зь Віцебску на апошнім эвакуацыйным цягніку ў ліпені 1941 году і таму не былі забітыя нацыстамі. А 16 нашых сваякоў Шэйніных былі забітыя ў Віцебскім і Бешанкавіцкім гета. Яшчэ трое Шэйніных, яе родныя дзядзькі, загінулі на франтах вайны са зброяй у руках. Таму да нацызму ў цёткі Лізаветы свае рахункі.

І я думаю, што папраўдзе пераемнасьць з нацызмам дэманструе калгасна-фашысцкая ўлада, якая будзе яе судзіць.

Дарэчы, я быў бы вельмі ўдзячны, калі б знайшліся яўрэйскія (і ня толькі) СМІ і блогі, якія б напісалі пра гэты выпадак. Цётка Ліза найстарэйшая з нашай сям’і і апошняя, хто ў дзяцінстве размаўляў на ідыш.

У 1950-х яна была шматразовай чэмпіёнкай і рэкардсмэнкай БССР і Беларускай вайсковай акругі ў кулявой стральбе, рэкардсмэнка СССР, бараніла гонар Беларусі на агульнасаюзных і міжнародных спаборніцтвах, калі яшчэ Лукі нават на сьвеце не было».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG