Пра гэта паведамляе сайт аблвыканкаму. Горадзенская вобласьць стала першай, у якой чыноўнікі афіцыйна адрэагавалі на ўказаньні Лукашэнкі стварыць базы беспрацоўных.
Уладзімер Каранік на пашыранай нарадзе аб ахове правапарадку, абароне насельніцтва ад надзвычайных сытуацый, прафіляктыцы ДТЗ зьвярнуў увагу на базы беспрацоўных грамадзян. Раней пра неабходнасьць працаўладкаваць «дармаедаў» заявіў Лукашэнка, адзначыўшы, што такія асобы патэнцыйна могуць стаць злачынцамі.
Каранік даручыў падначаленым дапамагчы тым жыхарам рэгіёну, хто хоча працаваць.
«Тых, хто заняты ў ценявым бізнэсе, — вывесьці на празрыстую эканамічную дзейнасьць. Да ўзаемадзеяньня зь пітушчымі і тымі, хто вядзе асацыяльны лад жыцьця, падключаць псыхолягаў і наркалягічную службу».
Наконт дарожна-транспартных здарэньняў у вобласьці Каранік падкрэсьліў неабходнасьць у першую чаргу сачыць за бясьпекай частых ахвяр такіх інцыдэнтаў — пешаходаў і раварыстаў. На прадпрыемствах ён даручыў забясьпечыць усё працоўнае адзеньне сьвятлаадбівальнымі элемэнтамі.
Уладзімер Каранік выказаўся і пра прафіляктыку каранавірусу. Чыноўнік рэкамэндаваў ладзіць калядныя і навагоднія сьвяты для дзяцей зь мінімальнай прысутнасьцю бацькоў, а карпаратывы лепш перавесьці ў онлайн-фармат.