Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ трох пратэстоўцаў асудзілі за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Тарайкоўскага. Выракі — да 2 гадоў калёніі


Надпіс «Не забудзем», за які асудзілі менчукоў
Надпіс «Не забудзем», за які асудзілі менчукоў

Суд Фрунзэнскага раёну асудзіў Дзяніса Граханава, Ігара Самусенку і Ўладзіслава Гуліса да тэрмінаў да двух гадоў калёніі за надпіс «Не забудзем», які яны пакінулі ў ноч на 9 верасьня на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага ў Менску.

25-гадоваму аўтамыйніку Ўладзіславу Гулісу прысудзілі два гады калёніі строгага рэжыму, паведамляе «Медиазона».

25-гадовы адміністратар пазычальні ровараў Ігар Самусенка і 42-гадовы бармэн Дзяніс Граханаў атрымалі па паўтара года «хіміі» (абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).

Уначы 9 верасьня, паводле абвінавачаньня, кожны з траіх падсудных «у групе асобаў» нанёс на ходнік «цынічны надпіс, які абражае пачуцьці грамадзян, дэманструе пагарду да маральных каштоўнасьцяў, накіраваны на прычыненьне шкоды грамадзкаму парадку і маральнасьці».

Спачатку дзеяньні фігурантаў справы кваліфікавалі паводле двух артыкулаў: ч. 2 арт. 339 КК — «Хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў», і ч. 2 арт. 218 КК — «Наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці, зьдзейсьненыя агульнанебясьпечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненьне шкоды ў буйным памеры».

Падчас спрэчак бакоў пракурор Валерыя Таратынка адмовілася ад абвінавачаньняў паводле ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэксу. У выніку яна папрасіла суд пакараць Уладзіслава Гуліса 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі, а Дзяніса Граханава і Ігара Самусенку асудзіць на 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, так званую хімію.

Абвінавачаныя прызналі віну часткова. Яны пагадзіліся, што пісалі «Не забудзем», але ня лічаць гэты надпіс цынічным.

Граханаў і Самусенка прызнаныя палітычнымі зьняволенымі.

Ужо другі прысуд за надпіс

8 сьнежня суд Фрунзэнскага раёну вынес першы прысуд паводле таго ж артыкулу за такі ж надпіс, толькі з памылкай: «Не забубем». Максіму Паўлюшчыку прысуджана два гады калёніі агульнага рэжыму, Марыі Бабовіч — 1,5 года абмежаваньня волі, так званай «хатняй хіміі».

Забойства Тарайкоўскага і змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

10 жніўня падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў 34-гадовы мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. Тарайкоўскі стаў першай вядомай ахвярай гвалту сілавікоў падчас пратэстаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэа, зробленае 10 жніўня 2020 году. На запісе відаць, як ён падае пасьля стрэлаў сілавікоў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

Паводле былога намесьніка камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігара Макара, у Тарайкоўскага страляў супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі на дыстанцыі ад 50 мэтраў, хоць да ахвяры было 20–25 мэтраў.

Бацька Тарайкоўскага таксама перакананы, што сына застрэлілі сілавікі.

У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце сьмерці Тарайкоўскага. Крымінальную справу не распачалі, падазраваных у сьмерці няма. ​

Змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

11 жніўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Людзі прыносілі да імправізаванага мэмарыялу кветкі і вянкі.

У жніўні камунальнікі пад кантролем міліцыі спрабавалі засыпаць літары пяском і рэагентамі, аднак кожны раз менчукі аднаўлялі надпіс. У верасьні людзі ў масках зафарбавалі надпіс «Не забудзем».

Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
Ігар Самусенка (25), ​Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG