Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі гурт запісаў песьню пра гібель Рамана Бандарэнкі. ВІДЭА


Вядомы расейскі гурт «Танцы минус» выпусьціў музычнае відэа на кампазыцыю «За шагом шаг».

Гледачы ўбачылі ў ім відавочныя адсылкі да трагічнай гібелі менчука Рамана Бандарэнкі.

Лідэр гурту Вячаслаў Пяткун напісаў музыку і словы для песьні «За шагом шаг», у якой карыстальнікі інтэрнэту ўбачылі дасылкі да менскіх падзей, калі ў ноч на 12 лістапада невядомыя людзі зьбілі Рамана Бандарэнку, пазьней яго забралі з аддзелу міліцыі ў шпіталь, дзе ён памёр ад атрыманых траўмаў.

У тэксьце песьні Пяткун зьмясьціў фразы: «Он просто встал и просто вышел», «Ботинки крепкие у тех ребят», «Под холодным дождём ноября», «Под минский дождь по минским крышам шёл и шёл».

За адну ноч відэазапіс гурта «Танцы минус» сабраў больш за 12 тысяч праглядаў на відэасэрвісе YouTube.

«Танцы минус» – ня першыя прадстаўнікі расейскай культуры, якія падтрымалі беларускія пратэсты. На пачатку сьнежня барацьбу беларусаў падтрымаў анімацыйны пэрсанаж «Mr.Freeman», які з нагоды дэманстрацый у Беларусі аднавіў сваю дзейнасьць.

Яшчэ ў кастрычніку беларускае змаганьне падтрымаў лідэр знакамітага гурта «Машина времени» Андрэй Макарэвіч.

Дагэтуль не заведзена крымінальнай справы супраць тых, хто зьбіў да сьмерці Рамана Бандарэнку. Сілавікі зьнішчылі народны мэмарыял у двары на скрыжаваньні Смаргоўскага тракту і вуліцы Захарава ў Менску, на так званай плошчы Пераменаў. Затое крымінальная справа заведзена супраць лекара, які даказаў, што ў крыві Бандарэнкі не было алькаголю, і на журналістку Кацярыну Барысевіч, якая рабіла матэрыял пра гэта. Абое ўтрымліваюцца пад вартай.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG