Гэтым разам пунктам збору выбралі ня плошчу Незалежнасьці, а плошчу Якуба Коласа. Сюды прыйшлі некалькі соцень чалавек, але ўзмоцненыя сілы міліцыі і тэхніка блякавалі тратуары і праезную частку і не дазволілі людзям выйсьці за межы плошчы.
Сілавікі затрымалі падчас маршу 10 чалавек, у тым ліку журналістку тэлеканалу «Белсат» Любоў Лунёву і апэратара Івана Куракевіча. Цяпер усе яны знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсьціна.
На апошніх маршах сілавікі таксама не давалі пратэстоўцам рухацца праспэктам Незалежнасьці, блякавалі і расьсякалі калёну, затрымлівалі і судзілі ўдзельнікаў.
14.15. Частка ўдзельнікаў маршу пэнсіянераў дайшла да плошчы Незалежнасьці. Пэнсіянэры сабраліся каля елкі, міліцыянт у гучнагаварыцель паўтарае, што акцыя несанкцыянаваная, яшчэ частка людзей дайшла да Прывакзальнай плошчы паведамляе Onliner.
13.00. Людзі разышліся з плошчы Якуба Коласа, пачаць свой марш пэнсіянэрам не ўдалося, бо плошча была блякаваная сілавікамі, аўтобусамі, грамадзкі транспарт тут не спыняўся, пераходы і мэтро былі закрытыя.
12.50. Людзі на плошчы Якуба Коласа разьбіліся на групы, да іх падыходзяць сілавікі ў чорным і выціскаюць з плошчы. Пэнсіянэры разыходзяцца. Затрыманьняў не заўважана.
12.40. Пэнсінянэраў фактычна заблякавалі на плошчы Якуба Коласа, шмат сілавікоў у чорным і мікрааўтобусаў, яны не даюць прайсьці людзям. Тратуары перакрытыя вялікімі жоўтымі аўтобусамі і сілавікамі ў чорным. Людзі ня могуць нікуды перасоўвацца.
На плошчы Якуба Коласа не спыняюцца трамваі. Для аўтамабіляў праспэкт перакрылі ад Акадэміі навук.
12.30. У маршы бяруць удзел некалькі соцень чалавек, сілавікі перакрылі бліжэйшыя ад плошчы Якуба Коласа выхады з мэтро. Міліцыя папярэджвае, што іх мітынг незаконны, людзі адказваюць, што ім «часам не да законаў», як казаў у разгар палітычнага крызсіу Лукашэнка.
12.20. Супрацоўнікі ДАІ «традыцыйна» перакрылі праспэкт Незалежнасьці ў Менску, як звычайна робяць падчас акцыяў пратэсту.
12.15. Невялікая калёна тых, хто сабраўся на плошчы Якуба Коласа, пачала рух у кірунку плошчы Перамогі. Міліцыянт папярэджвае па гучнагаварыцелі, што дзеяньні грамадзян несанкцыянаваныя, паведамляе Onliner.by.
12.10. ДАІ пачынае перакрываць пад'езды да плошчы Якуба Коласа, дзе зьбіраюцца пэнсіянэры на традыцыйны марш.
Побач з плошчай стаяць некалькі невялікіх аўтобусаў. На праспэкце Машэрава, які знаходзіцца непадалёк, утварыўся затор з-за перакрыцьця з боку вуліцы Чырвонай.
12.05. На плошчы Якуба Коласа ўжо пачалі зьбірацца людзі. Да іх падышлі міліцыянт і «чалавек у цывільным» з рупарам і камэрай. Пакуль размаўляюць, не затрымліваюць.