Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чачні пахавалі 18-гадовага Анзорава, які адрэзаў галаву настаўніку ў Францыі


Пахаваньне Абдулаха Анзорава
Пахаваньне Абдулаха Анзорава

У вёсцы Шалажы Урус-Мартанаўскага раёну Чачні прайшло пахаваньне 18-гадовага чачэнца Абдулаха Анзорава, застрэленага пасьля забойства настаўніка Самюэля Паці ў прадмесьці Парыжу, паведамляе тэлеграм-канал 1ADAT.

Паводле дадзеных каналу, цела прывезьлі 5 сьнежня, пасьля чаго сяло закрылі на карантын. У Шалажы нікога не пускалі, акрамя прапісаных там жыхароў, у суседніх вёсках утварыліся заторы «з прычыны вялікай колькасьці ахвочых наведаць пахаваньне», сказана ў паведамленьні.

У афіцыйных чачэнскіх СМІ інфармацыі пра пахаваньне Анзорава і блякаваньне вёскі Шалажы не было.

Тэлеграм-канал Baza піша, што ў цырымоніі разьвітаньня ўзялі ўдзел каля 200 чалавек — гэта сваякі сям’і Анзоравых. Мясцовыя ўлады, паводле дадзеных рэсурсу, ужылі асаблівыя захады бясьпекі, у прыватнасьці, вакол вёскі для аховы парадку выставілі 65 супрацоўнікаў паліцыі.

Самюэль Паці быў забіты ўвечары 16 кастрычніка ў францускім мястэчку Канфлан-Сэнт-Анарын у прыгарадзе Парыжу. Абдулах Анзораў паведаміў у сацыяльных сетках, што ён пайшоў на злачынства пасьля таго, як настаўнік правёў у школе ўрок аб свабодзе слова для вучняў ва ўзросьце 12-13 гадоў і расказаў ім пра карыкатуры на прарока Мухамада. Нягледзячы на тое, што настаўнік прапанаваў выйсьці з клясы падчас гэтага ўроку ўсім вучням, якія вызнаюць іслам, падлетку не спадабалася сама пастаноўка пытаньня, ці можа Мухамад быць абʼектам карыкатураў, і ён вырашыў адпомсьціць за прарока. Анзорава застрэліла паліцыя на вуліцы, калі ён ішоў з адрэзанай галавой настаўнікі і нажом у руках.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон жорстка пракамэнтаваў забойства Паці: ён назваў яго «ісламісцкім тэрактам», заявіў, што іслам знаходзіцца ў стане крызісу і заклікаў да абароны сьвецкіх каштоўнасьцяў Францускай Рэспублікі. Гэтыя словы выклікалі бурную рэакцыю ў ісламскіх лідэраў у сьвеце.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган абвінаваціў Макрона ў ісламафобіі, назваў яго «хворым» і параіў «абсьледавацца на прадмет яго псыхічнага стану». Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што Макрон «сам робіцца падобным на тэрарыста», а вярхоўны муфтый Чачні назваў Макрона «тэрарыстам №1».

Ужо пасьля пачатку хвалі пратэстаў мусульманаў супраць Францыі і яе лідэра ўцякач з Тунісу напаў у Ніцы на мінакоў і вернікаў ля базылікі Нотр-Дам, у выніку чаго загінулі тры чалавекі. Напады таксама адбыліся ў Авіньёне і Ліёне: там быў цяжка паранены сьвятар грэцкай праваслаўнай царквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG