Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Новы год без дыктатуры!» Як прайшоў «Марш волі». Галоўнае

абноўлена

Марш пратэсту ў Масюкоўшчыне (Менск), 6 сьнежня
Марш пратэсту ў Масюкоўшчыне (Менск), 6 сьнежня

У Менску сямнаццатую нядзелю запар прайшлі акцыі пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. У розных раёнах сталіцы адбыліся дзясяткі «маршаў волі», у самых буйных зь іх удзельнічала да тысячы чалавек.

Трэцюю нядзелю запар акцыі пратэсту праходзяць у лякальным фармаце. Менчукі зьбіраюцца ў дварах і далей ідуць калёнамі да вызначанага ў кожным мікрараёне пункту.

  • Дзень пачаўся з калён спэцтэхнікі ў розных раёнах Менску. Улады закрылі тры станцыі мэтро ў цэнтры гораду, прыкладна праз гадзіну іх адкрылі.
  • Карыстальнікі мелі праблемы з працай мэсэнджара Telegram. У розных раёнах Менску і іншых гарадах прынамсі на 15 хвілін зьнік мабільны і стацыянарны інтэрнэт.

Мяркуючы па відэа, шматлюдныя дэманстрацыі ў Менску адбыліся ў менскім Уруччы, Сухараве, Лошыцы, ля Камароўскага рынку, у Грушаўцы, на Старажоўцы, Партызанскім праспэкце і інш. Людзі скандавалі: «Далучайся!», «У Новы год без дыктатуры!», «Лукашэнку ў аўтазак!» і «Верым, можам, пераможам!»

Калёна дэманстрантаў у Каменнай Горцы
Калёна дэманстрантаў у Каменнай Горцы

Групы сілавікоў на мікрааўтобусах зьяўляліся ў месцах збору людзей, пачыналі разгоны і затрыманьні. У розных раёнах Менску разам зь сілавікамі заўважылі кінолягаў з сабакамі. Прэс-служба ўнутраных войскаў пракамэнтавала, што «сабака выступае як фактар стрыманьня для чалавека».

Менская міліцыя паведаміла, што падчас нядзельных пратэстаў затрымалі каля 300 чалавек. З Маскоўскага РУУС Менску трох затрыманых мужчын павезьлі пад канвоем машыны хуткай дапамогі.

Сярод затрыманых былі 79-гадовая мянчанка Ларыса Соўсь (пазьней яе вызвалілі), паэт і музыка Ўладзь Лянкевіч, актор Аляксей Сапрыкін, хірург Менскай абласной дзіцячай бальніцы Артур Ермаркевіч, намесьнік дэкана факультэта факультэта інфармацыйных камунікацый БДТУ Раман Азарчык. У Горадні на некалькі гадзін затрымлівалі журналістаў БелаПАН Марысю Харэвіч і Сяргея Людкевіча (выпусьцілі зь Ленінскага РАУС без пратаколаў).

Праваабаронцы і валянтэры абнаўляюць сьпісы затрыманых і падрабязнасьці тут і тут.

Акцыі пратэсту прайшлі таксама ў Берасьці, Горадні, Гомлі, Віцебску, іншых гарадах і мястэчках Беларусі.

Прыхільнікі перамен цягам 113 дзён працягваюць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіваньне і катаваньне мірных дэманстрантаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG