Удзельнікі маршу пратэсту 6 сьнежня прыйшлі ў двор у Берасьці, дзе жыў 43-гадовы Раман Рашэцкі, каб разьвітацца з памерлым, паведамляе тэлеканал «Белсат». Людзі прынеслі з сабой чырвоныя і белыя кветкі, у нагах у Раман паклалі беларускі сьцяг.
На пахаваньні Рамана Рашэцкага быў затрыманы актывіст Віталь Казак, ён вёў развітальную цырымонію ў двары, паведаміў «Белсат». Яго даставілі ў Ленінскі РАУС горада.
Памёр Раман Рашэцкі ў ноч на 4 сьнежня, раніцай жонка заўважыла, што ён ня дыхае. Цяпер у ягонай кватэры працуюць экспэрты.
3 сьнежня ў кватэру Рашэцкага прыходзілі судовыя выканаўцы і апісвалі маёмасьць.
Да апошняга дня Раман актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім руху Берасьця, дапамагаў зь перадачамі і транспартам для тых, хто адбыў адміністрацыйны арышт. Меў кантакты з валянтэрамі і ўдзельнікамі берасьцейскіх маршаў.
Упершыню за ўдзел у пратэстах супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў Рамана Рашэцкага затрымалі 30 жніўня. Пасьля 15 дзён арышту ён прыйшоў забіраць свой бел-чырвона-белы сьцяг, але яго затрымалі міліцыянты Ленінскага РАУС у прысутнасьці намесьніка начальніка Самасюка. У выніку правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня яшчэ трое сутак, пасьля чаго суд накіраваў справу на дапрацоўку, а ў канцы лістапада па ёй скончыўся тэрмін разгляду.
У нядзелю Рашэцкі вызваліўся з ізалятара пасьля чарговага затрыманьня, тады ён правёў у камэры яшчэ тры дні.
Як сказаў у камэнтары Свабодзе праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, 3 сьнежня Раман Рашэцкі прыходзіў да яго ў офіс для кансультацый у сваіх справах. Казаў, што на ім «вісіць» штраф 3600 рублёў за старыя парушэньні ПДР, за што раней канфіскавалі аўтамабіль. Менавіта за гэтыя неаплачаныя штрафы і апісалі маёмасьць у кватэры актывіста. Акрамя таго, раней суд зьмяніў умовы стрыманьня Рашэцкага, выдаўшы яму прадпісаньне ня ўдзельнічаць у акцыях пратэсту.
У Рамана Рашэцкага засталіся жонка і чацьвёра непаўналетніх дзяцей.