Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сцэнар Ціханоўскай. Франак Вячорка пра транзыт улады і пераходны пэрыяд


Франак Вячорка і Сьвятлана Ціханоўская. Бэрлін, 2020 год.
Франак Вячорка і Сьвятлана Ціханоўская. Бэрлін, 2020 год.

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што гатовая ўзначаліць Беларусь у пераходны пэрыяд. Яе дарадца ў пытаньнях міжнароднай палітыкі Франак Вячорка расказвае ў інтэрвію Свабодзе пра дэталёвы плян, які распрацаваны штабам экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты.

Пра каманду Ціханоўскай

  • За тры месяцы ад выбараў сфармавалася каманда экспэртаў, якая распрацавала дакумэнты, пляны, праекты рэформаў. Якім чынам могуць быць праведзеныя выбары за кароткі тэрмін, а таксама якія зьмены і рэформы павінны быць неадкладна зробленыя, як толькі адбываецца дыялёг.

Пра легітымнасьць

  • Сьвятлана Ціханоўская і Каардынацыйная рада — гэта легітымныя органы, якія прызнаюцца сьветам і беларусамі. Гэтыя два інстытуты павінны забясьпечыць мірны пераход улады да правядзеньня новых выбараў.

Пра транзыт улады

  • Схема, паводле якой улада пераходзіць прэм’еру і ён праводзіць выбары, — гэта не беларускі выпадак. У Беларусі няма падзелу ўладаў, і прэм’ер — гэта проста прызначаны Лукашэнкам ляяльны чалавек.
  • Самы верагодны варыянт, незалежна ад таго, калі ён адбудзецца, — што будуць перамовы наконт транзыту ўлады. І, хутчэй за ўсё, гэтая транзытная ўлада будзе складацца і зь людзей, якія знаходзяцца цяпер у рэжыме, і зь людзей, якія прадстаўляюць Каардынацыйную раду. Але так ці інакш павінен быць лідэр, чалавек, які правядзе гэты транзытны пэрыяд. І, хутчэй за ўсё, гэта будзе Сьвятлана Ціханоўская.

Пра новыя выбары

  • Новыя выбары можна правесьці за 45 дзён. Нават пры цяперашнім выбарчым заканадаўстве выбары могуць быць празрыстымі і дэмакратычнымі. Офісам Сьвятланы Ціханоўскай і экспэртамі, якія праводзілі выбары ва Ўкраіне пасьля Майдану, распрацаваны дакумэнт, які тлумачыць, якія падзаконныя акты трэба прыняць, якія тлумачаць працэдуру фармаваньня камісіяў і забясьпечваюць працэдуру падліку галасоў, удзел назіральнікаў.

Пра праграму падтрымкі Беларусі

  • Да яе далучыліся Польшча, Румынія, некалькі іншых дзяржаваў. Некаторыя дзяржавы выказалі гатоўнасьць удзельнічаць і дапамагаць на макраўзроўні. Гэта могуць быць такія структуры, як Сусьветны банк. Такая дапамога вымяраецца не мільёнамі, а мільярдамі. У МВФ і іншых структур ёсьць прыклады выдзяленьня вялікіх сродкаў краіне, якая перажыла крызіс.
  • Сьвятлана Ціханоўская мела размовы з асобнымі бізнэсоўцамі. Ёсьць групы кампаній, якія гатовыя прапанаваць асобныя інвэстыцыйныя пляны ў Беларусі. Некаторыя кампаніі Крэмніевай даліны прапаноўваюць плян інвэстыцыяў у беларускі IT-сэктар, стварэньне беларускага IT-унівэрсытэту. Ідзе размова пра пашырэньне тых пляцовак для IT-кампаній, якія ўжо існуюць. Ёсьць пляны іх маштабаваньня ў беларускія рэгіёны.
  • Падчас сустрэчаў з прадстаўнікамі прыватнага сэктару ў Даніі была размова, каб група міжнародных кампаній зь Нямеччыны, Даніі і Нідэрляндаў падрыхтавала свае прапановы інвэстыцыяў у прамысловасьць Беларусі. Але гэта рэчы на поствыбарчы пэрыяд.
  • Ёсьць яшчэ пляны падтрымкі на транзытны пэрыяд. Большасьць сустрэчаў Сьвятланы Ціханоўскай у эўрапейскіх дзяржавах датычыць атрыманьня гарантыяў гэтай дапамогі. Гэта дапамога лекарам, прафсаюзам, рабочым, прадпрымальнікам, усім тым неабароненым групам, якія пацярпелі за 2020 год ад рэжыму Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG