Беларуская стала адной з 33 моў, на якіх супрацоўнікі музэю прапануюць правядзеньне экскурсій.
Як паведамілі Свабодзе ў музэі, над стварэньнем аўдыёгідаў паўтара года працавалі 20 арганізацый і 135 спэцыялістаў. Усяго запісалі 170 гадзін экскурсій на розных мовах. Да рэалізацыі гэтага праекту найперш стараліся залучыць носьбітаў моў.
«Беларуская мова вельмі падобная да ўкраінскай, таму не было ніякіх складанасьцяў ні зь перакладам, ні з начытваньнем. Да таго ж я, хоць і нарадзіўся ў Кіеве, маю беларускія карані і сваякоў у Беларусі», — сказаў Свабодзе Антон Глушко, які займаўся стварэньнем беларускамоўнага аўдыёгіда. Ён працуе перакладчыкам са славянскіх моў — славацкай, беларускай, харвацкай і славенскай.
Працягласьць аўдыёэкскурсіі — амаль 2,5 гадзіны.
Музэй «Мэмарыял памяці ахвяраў Галадамору ва Ўкраіне» пачаў працаваць у 2010 годзе, але яго будуюць яшчэ і дагэтуль. Рашэньне яго стварыць было ўхвалена ў 2006-м. З 2009-га ва Ўкраіне зьявілася традыцыя кожную чацьвёртую суботу лістапада зьбірацца на тэрыторыі мэмарыялу для ўшанаваньня памяці ахвяраў Галадамору. Увечары гэтага ж дня людзі ставяць зьнічы на падвоканьне ў сваіх будынках і кватэрах, успамінаючы тых, хто загінуў ад голаду ў 1932–1933 гадах.
У 2006-м украінскі парлямэнт прызнаў Галадамор генацыдам украінскага народу і заклікаў іншыя дзяржавы далучыцца да такога прызнаньня. Галадамор як масавае зьнішчэньне ўкраінскага народу прызналі 16 дзяржаў і шэраг міжнародных арганізацый. Беларусі ў шэрагу гэтых краін няма.
У 2017 годзе Аляксандар Лукашэнка перад пачаткам афіцыйнай цырымоніі сустрэчы з украінскім калегам Пятром Парашэнкам упершыню і адзіны раз наведаў кіеўскі музэй «Мэмарыял памяці ахвяраў Галадамору ва Ўкраіне».