Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч пакінулі пад вартай у СІЗА КДБ да выстаўленьня абвінавачаньня


Кацярына Барысевіч.
Кацярына Барысевіч.

Сёньня скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрыманьня журналісткі Кацярыны Барысевіч. Яна не выйшла на свабоду і застаецца ў СІЗА КДБ да прад'яўленьня абвінавачваньня – як мінімум да 29 лістапада, паведамляе Tut.by.

Кацярына застаецца падазраванай паводле ч. 3 арт. 178 КК – раскрыцьцё лячэбнай тайны, якое прывяло да цяжкіх наступстваў. Крымінальную справу завяла Генэральная пракуратура.

Вечарам 19 лістапада Кацярыну затрымалі супрацоўнікі ў цывільным і ў масках, якія пасьля ператрусу ў кватэры павезьлі яе ў СІЗА КДБ. 20 лістапада адбыўся яе першы допыт.

Як вядома з паведамленняў Генпракуратуры, заведзена крымінальная справа па факце выдаваньня лячэбнай тайны пра стан забітага Рамана Бандарэнкі.

Кацярына была аўтарам артыкулу, дзе паказвалася, што ў яго крыві не было алькаголю, хоць Лукашэнка заявіў, што забіты нібыта быў пʼяны. Ён загадаў праверку па факце сьмерці перадаць у Генпркуратуру. Крымінальную справу з гэтай нагоды не завялі, падазраваныя ў выкраданьні і забойстве Банадрэнкі ня знойдзеныя.

Затое Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу на доктара лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі і іншай асобы на падставе ч. 3 арт. 178 КК (выдаваньне мэдычнай тайны, якое пацягнула цяжкія наступствы).

«Дзейнічаючы наўмысна, без службовай неабходнасьці, падазраваны ўступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу, якому паведаміў зьвесткі аб выніках мэдыцынскага агляду Рамана Бандарэнкі. Тым самым ён выдаў мэдычную тайну, пры гэтым даў недакладную інфармацыю, – заявілі ў Генпракуратуры. – Дзеі названых асоб пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія выявіліся ў павышэньні напружанасьці ў грамадзтве, стварэньні атмасфэры недаверу да кампэтэнтных дзяржаўных органам, падахвочваньне грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеяньняў».

За гэта пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Сваякі Бандарэнкі прэтэнзій не маюць ні да лекара, ні да журналісткі

Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе неадкладна вызваліць Кацярыну Барысевіч. Кацярына больш за 10 гадоў працуе журналісткай, адзначана прафэсійнымі ўзнагародамі, спэцыялізуецца на асьвятленьні прававых тэм.

Зьвяртаючыся Генэральнай пракуратуры, БАЖ заклікае засяродзіцца на пошуку вінаватых у сьмерці Рамана Бандарэнкі, а не перасьледваць журналістку, якая падрыхтавала матэрыял, і лекара, які даў камэнтар на важную для грамадзтва тэму, не парушыўшы правоў сваякоў загінулага.

Сваякі Рамана прэтэнзій СМІ і мэдпэрсаналу не выказвалі, маці дала згоду на пашырэньне інфармацыі аб стане сына.

Кацярына Барысевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Ёй можна дасылаць лісты на адрас: 220050, г. Мінск, а/с 8 – Барысевіч Кацярына Анатолеўна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG