Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпрэсіі выйшлі на іншы ўзровень». У Новай Баравой адключылі ваду і ацяпленьне. БХК зьвяртаецца ў ААН


Людзі стаяць ў чарзе па ваду, якую прывезьлі валянтэры
Людзі стаяць ў чарзе па ваду, якую прывезьлі валянтэры

У кампаніі «А-100 Камфорт», якая абслугоўвае менскі мікрараён Новая Баравая, Свабодзе паведамілі, што сёньня з раніцы пасёлак быў адключаны ад ацяпленьня. Трэці дзень там няма вады.

«У кацельні здарылася аварыя, рамонтная брыгада ўжо працуе на месцы, спадзяёмся, што ўдасца выправіць сытуацыю да вечара», — паведамілі ў «А-100 Камфорт».

Тым часам трэція суткі пайшлі як у частцы дамоў Новай Баравой няма вады, адмененыя заняткі ў школе і садках.

БХК: «Гэта парушэньне фундамэнтальнага права чалавека»

У сувязі з гэтым Беларускі Хэльсынскі камітэт рыхтуе зварот спэцдакладчыку ААН аб праве на ваду. Згодна зь міжнародным стандартам, доступ да чыстай пітной вады і санітарных паслуг зьяўляецца найважнейшай умовай жыцьця і неад'емным правам чалавека.

Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, абураны адключэньнем вады ў Новай Баравой.

«Гэта парушэньне фундамэнтальнага права чалавека, і гэта адбываецца ў адказ на пазыцыю людзей, якія там жывуць, з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад сваіх выказваньняў, свабоды слова. Гэта незаконныя мэтады. Гэта ўжо новае слова ў рэпрэсіях, улады выкарыстоўваюць для ціску сацыяльна-бытавыя ўмовы, што ставіць пад пагрозу і здароўе людзей, і санітарна-эпідэмічную сытуацыю. Людзей пазбаўляюць умоваў для нармальнага жыцьця, доступу да чыстай вады. Гэта злоўжываньне, і дзяржава не прымае мераў, каб гэта спыніць», — заявіў Алег Гулак.

Вада ў большасьці дамоў у Новай Баравой прапала яшчэ ў нядзелю раніцай, праблему дагэтуль ня вырашылі.

Праўдападобна, хтосьці пашкодзіў засаўку ў адным з калодзежаў па магістралі падачы вады ў раён. На працягу двух дзён «Менскводаканал» гэтую праблему вырашыць ня змог.

Як расказалі Tut.by чытачы, вады не было ўчора і ў школе ў Новай Баравой, дзе вучацца каля 1800 дзяцей. Таму ўрокі былі скарочанымі, а ўвечары клясныя кіраўнікі паведамілі бацькам і вучням, што праз адсутнасьць вады заняткі на сёньня адмяняюцца.

Валянтэры прывезьлі ваду з дамоў, дзе вада ёсьць
Валянтэры прывезьлі ваду з дамоў, дзе вада ёсьць

Мяцежная Новая Баравая

Мікрараён Новая Баравая пад Менскам праславіўся сваёй палітычнай актыўнасьцю яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі. Тамтэйшыя жыхары праводзілі флэшмобы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты, масава запісваліся ў сябры выбарчых камісій і ў назіральнікі, ладзілі ўласныя ланцугі салідарнасьці і шэсьці са сьцягамі.

Затрыманьні АМАПам, дадатковыя патрулі міліцыі і барацьба ўладаў з масавым вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў сталі часткай штодзённага жыцьця мікрараёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG