Ужо другі дзень у некаторых кварталах Новай Баравой, а таксама ў школе і дзіцячым садку няма вады. Пітную ваду людзі набіраюць з двух вадавозаў на вуліцы. Яны абураныя, што ні ў «Менскводаканале», ні ў забудоўшчыка «А-100», ні ў Бараўлянскім сельсавеце ня могуць адказаць, калі зьявіцца вада.
Вада ў мікрараёне зьнікла ў нядзелю а 9-й раніцы. Потым каля 15-й у некаторых дамах зьявілася. А 19-й — зноў зьнікла.
У панядзелак у некаторых раёнах вада зьявілася, але напор слабы, кажуць мясцовыя жыхары. А вось кварталы Кедравы, Сасновы, «Форэст» і «Нясумны сад» дагэтуль без вады.
Зранку на Авіяцыйную вуліцу прыехалі дзьве аўтацыстэрны.
«Цугам ідуць людзі з каністрамі, вёдрамі, плястыкавымі бутэлькамі, — кажа кіроўца адной з цыстэрнаў. — Раніцай папрасілі пад’ехаць тэрмінова ў дзіцячы садок. Там набралі вельмі шмат вады, каб хапіла і на заўтрашнюю раніцу. Зараз не магу адлучыцца — просяць тэрмінова да школы пад’ехаць. А тут людзі ідуць і ідуць».
Паводле маладога чалавека, які прыйшоў па ваду, у панядзелак раніцай у мікрараён прыяжджала высокае начальства.
«Раніцай бачылі тут памочніка прэзыдэнта па Менску Аляксандра Барсукова. Была тут і старшыня Бараўлянскага сельсавету. Але зь людзьмі яны не сустрэліся, ціха зьехалі», — сказаў мясцовы жыхар.
Жанчына адной рукой набірае ваду, а другой трымае за руку дзіця.
«Я абураная — з малымі дзецьмі павінна ісьці па ваду. Другія суткі няма вады зусім. Муж пітную прынёс з крамы. Але ж, прабачце, як быць з прыбіральняй?».
«Ваду нам нездарма адключылі. Гэта помста»
Малады чалавек, які адмовіўся назваць сябе, лічыць, што ўлада помсьціць жыхарам Новай Баравой за іх актыўную пазыцыю.
«Ваду нездарма нам адключылі. І пра заглушкі, якія нібыта трэба павярнуць, як адказалі камусьці, — гэта лухта поўная. Я перакананы, што сёньня прыедуць „людзі ў чорным“ і да нас — са сьцягамі, стужкамі і мэмарыялам разьбірацца, як было на „плошчы Перамен“ і ў „Каскадзе“. Гэта помста», — сказаў ён.
Паміж Новай Баравой і мікрараёнам Уручча-6 паставілі тры біяпрыбіральні, але з кварталаў, дзе няма вады, да іх ісьці 10 хвілін.
Чаму вады няма — знайшлі, але калі дадуць рады — ня кажуць
А 15-й гадзіне ў чаце «Новай Баравой» кампанія «А-100» паведаміла, што выявілі пашкоджаньне засаўкі ў адным з калодзежаў».
Менскі гарвыканкам заявіў, што разглядае варыянт «наўмыснага пашкоджаньня сыстэмы водазабесьпячэньня».
Калі гэтую няўпраўку ліквідуюць, не паведамляецца.