Былая прэм’ер-міністарка Малдовы, старшыня апазыцыйнай партыі «Дзеяньне і салідарнасьць» Мая Санду перамагла ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у нядзелю. Пра гэта сьведчаць апублікаваныя ў панядзелак дадзеныя ЦВК краіны. Прэзыдэнтам Малдовы на наступныя чатыры гады ўпершыню стане жанчына.
Пасьля падліку пратаколаў 100 адсоткаў выбарчых участкаў, Санду атрымала 57,75 % галасоў выбарнікаў, а яе супернік, дзейны прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон — 42,25%.
За Санду зноў, як і ў першым туры, прагаласавалі буйныя гарады, акрамя Бельц, а таксама моладзь і дыяспары ў эўрапейскіх краінах. Дадона падтрымалі жыхары Бельц, сельскія раёны, жыхары Прыднястроўя, а найбольшага посьпеху ён дабіўся ў Гагаузіі, дзе яго падтрымалі 95 адсоткаў жыхароў.
Мая Санду падзякавала сваім выбарнікам. Яна абяцала абʼяднаць расколатае ў ходзе выбараў грамадзтва і вырашаць эканамічныя праблемы. Яна таксама заявіла пра намер дамагацца роспуску парлямэнту і датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.
Ігар Дадон пакуль свайго паражэньня не прызнаў.
Мая Санду — кандыдат ад праэўрапейскай Партыі дзеяньня і справядлівасьці. У першым туры яна набрала 36 % галасоў, Дадон — 32 %. Дадон, падтрыманы Партыяй сацыялістаў, лічыцца прарасейскім кандыдатам. Санду выступае за эўрапейскую арыентацыю Малдовы, у той жа час падкрэсьліваючы, што яна ня хоча псаваць адносіны з Масквой. Галоўнай праблемай краіны яна называе карупцыю, у гэтым жа кантэксьце кажа і аб праблеме Прыднястроўя.
Мая Санду ўжо была суперніцай Дадона на выбарах прэзыдэнта ў 2016 годзе, тады яна прайграла. У 2019 годзе некалькі месяцаў яна была прэмʼер-міністаркай, сфармаваўшы нечаканы альянс з Дадонам супраць алігарха Ўлада Плахатнюка, які ў выніку быў вымушаны пакінуць краіну. Пасьля прэзыдэнт звольніў Санду і яна стала лідэрам апазыцыі.