Прайшло 100 дзён пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся 9 жніўня. Ад таго часу ўва ўсёй краіне няспынна працягваюцца самыя масавыя ў гісторыі незалежнай Беларусі пратэсты. Палітолягі называюць гэты рух супраціву рэвалюцыяй. Свабода падсумоўвае, што адбылося за гэты час.
Больш за мільён пратэстоўцаў
Толькі ў Менску падчас нядзельных маршаў за апошнія 100 дзён агулам выйшлі больш за мільён чалавек.
Маштаб пратэстаў — беспрэцэдэнтны для Беларусі. Ніколі ў гісторыі не было такіх працяглых і такіх масавых пратэстаў. Колькасьць іх удзельнікаў — даволі прыблізная і ў большасьці выпадкаў ацэньвалася журналістамі паводле розных мэтодык. Мы сабралі інфармацыю пра маршы ў Менску з ацэнкай колькасьці ўдзельнікаў рознымі мас-мэдыя.
Жнівень
16.08 — больш за 200 тысяч (паводле TUT.BY)
23.08 — да 250 тысяч (паводле DW)
30.08 — больш за 100 тысяч (паводле DW)
Верасень
6.09 — больш за 100 тысяч (паводле TUT.BY)
13.09 — 100-150 тысяч (паводле БелаПАН і Интерфакс)
20.09 — больш за 100 тысяч (паводле DW)
27.09 — больш за 100 тысяч (паводле Интерфакс)
Кастрычнік
4.10 — больш за 100 тысяч (паводле БелаПАН)
11.10 — больш за 100 тысяч (паводле Радыё Рацыя)
18.10 — да 30 тысяч (паводле ВВС)
25.10 — 200 тысяч (паводле Свабоды)
Лістапад
Тройчы праходзілі маршы ў лістападзе — 1, 8 і 11 лістапада. Усе гэтыя пратэсты былі жорстка разагнаныя сілавікамі, у пратэстоўцаў амаль не зьяўлялася магчымасьці сабрацца разам. Штораз вакол месцаў збору былі тысячы людзей, але ацаніць маштаб гэтых акцый нават прыблізна даволі цяжка.
Спэцыялізаваныя маршы
Рэгулярна, штотыдзень, у Менску праходзяць чатыры маршы:
Марш пэнсіянэраў — штопанядзелка, удзельнічаюць некалькі тысяч чалавек.
Марш людзей з інваліднасьцю — шточацьвер, дзясяткі ўдзельнікаў.
«Жаночыя маршы» — штосуботы, ад некалькіх соцень да дзесяці тысяч удзельніц.
Галоўны марш — штонядзелі, ад некалькіх дзясяткаў да 200-250 тысяч удзельнікаў.
Пратэсты ад Менску да вёсак
Штоыдзень акцыі пратэстаў і «ланцугі салідарнасьці» праходзяць амаль ува ўсіх гарадах. У жніўні, напрыклад, прайшлі надзвычай буйныя акцыі пратэсту ў Горадні (30 тысяч чалавек выйшлі 23 жніўня), Магілёве (10 тысяч чалавек 16 жніўня). Пратэсты праходзілі нават у вёсках. Вядома пра выкарыстаньне АМАПу ў вёсцы Лебедзеве Маладачанскага раёну і затрыманьні ў Жодзішках Смаргонскага раёну.
Ахвяры супраціву
За ўвесь час падчас пратэстаў пры розных абставінах загінулі прынамсі 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:
- Аляксандар Тарайкоўскі, 34, гады, Менск, застрэлены на вуліцы Прытыцкага
- Аляксандар Віхор, 25 год, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі
- Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены
- Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, зьбіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі
Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.
Мікіта Крыўцоў, 28 год, Жодзіна, знойдзены павешаным
Аляксандар Дзямідаў, 25 год, Бараўляны, знойдзены мёртвым
Канстанцін Шышмакоў, 29 год, Ваўкавыск, учыніў самагубства
Арцём Парукаў, 19 год, Менск, зьбіты машынай
Перасьлед пратэстоўцаў
Афіцыйных зьвестак пра сумарную колькасьць затрыманых, асуджаных і зьбітых няма. Але Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва апублікавала такую статыстыку з унутранай справаздачы МУС:
25 800 затрыманых
24 000 адміністрацыйных пратаколаў (штрафы ці арышты)
4 000 заяваў аб гвалце сілавікоў
900 крымінальных справаў (паводле «Вясны»)
Адказнасьць за гвалт
0 крымінальных справаў за злоўжываньне сілаю і гвалт над мірнымі пратэстоўцамі
Звароты прафэсійных групаў
Шэраг прафэсійных групаў, у тым ліку вядомыя спартоўцы, мэдыкі, навукоўцы, творцы, зрабілі публічныя звароты да ўладаў і выставілі патрабаваньні перагледзець вынікі выбараў, спыніць перасьлед мірных грамадзян, выпусьціць усіх палітзьняволеных. Больш за ўсё выказаліся прадстаўнікі наступных прафэсіяў.
4 500 мэдыкаў
2 800 прадстаўнікоў навуковай супольнасьці
1 500 дзеячоў культуры і мастацтва
1 100 спартоўцаў