Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагадненьне аб Карабаху. Што атрымліваюць і губляюць бакі


Самалёт з расейскімі міратворцамі прызямляецца ў аэрапорце каля Ерэвану, 10 лістапада 2020 г.
Самалёт з расейскімі міратворцамі прызямляецца ў аэрапорце каля Ерэвану, 10 лістапада 2020 г.

У Нагорным Карабаху сёньня пачалося разгортваньне частак расейскіх міратворцаў. Гэта стала вынікам дамоўленасьцяў лідэраў Армэніі, Азэрбайджану і Расеі.

Хто выйграў і хто прайграў ад мірнага пагадненьня? Свой аналіз прапануе расейскае агенцтва РБК.

У ноч на 10 лістапада лідэры Армэніі, Азэрбайджану і Расеі паведамілі аб дасягненьні пагадненьня аб спыненьні агню на тэрыторыі непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі. Баявыя дзеяньні вяліся з 27 верасьня, з абодвух бакоў загінулі некалькі тысяч.

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў назваў дамову пераможнай, прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян паведаміў, што быў вымушаны пайсьці на яе, гэтага патрабавала становішча на фронце.

Пагадненьне прадугледжвае поўнае спыненьне агню і ваенных дзеяньняў у зоне канфлікту ад поўначы 10 лістапада, азэрбайджанскія і армянскія сілы спыняюцца на займаных імі пазыцыях. Пачынаецца неадкладнае разгортваньне міратворчага кантынгенту Расеі.

Армэнія таксама пачынае перадачу тэрыторыяў Азэрбайджану.

Што губляе Армэнія

  • Згодна з заключаным пагадненьнем, армянскі бок мусіць вярнуць Азэрбайджану больш тэрыторыяў, чым гэта прадугледжвалі раней пляны мірнага ўрэгулявання.
  • У выніку карабаскай вайны 1992–1994 гадоў армянскі бок усталяваў кантроль ня толькі над тэрыторыяй Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці, якая ўваходзіла ў склад Азэрбайджану, але і яшчэ над сямю раёнамі, якія ўваходзілі ў Азэрбайджанскую ССР.
  • У ранейшыя гады, калі абмяркоўвалася перадача сямі раёнаў, ішлося пра Джэбраільскі, Фізулінскі, Лачынскі, Зангеланскі, Кельбаджарскі, Агдамскі і Кубатлінскі раёны.
  • Паводле пагадненьня, усе яны пяройдуць пад кантроль Азэрбайджану. Некаторыя зь іх былі ўжо занятыя азэрбайджанскімі войскамі, напрыклад, Джэбраільскі і Зангеланскі, а іншыя, як Лачынскі і Кельджабарскі, якія цяпер кантралюе Армэнія, павінны быць перададзеныя Азэрбайджану.
  • Да таго ж пад кантроль Баку пяройдзе горад Шушы (Шуша) і частка тэрыторыяў, таксама занятых з 27 верасьня.
  • Пакінуць за сабой армянскі бок можа Лачынскі калідор шырынёй 5 кілямэтраў, які будзе забясьпечваць сувязь Нагорнага Карабаху з Армэніяй.
  • Улічваючы тое, што Азэрбайджан у Нагорным Карабаху застаецца на занятых пазыцыях, непрызнаная НКР і Армэнія губляюць частку тэрыторыі, у тым ліку старажытны горад Шушы (Шуша).
  • Значны ўплыў пагадненьне будзе аказваць на ўнутрыпалітычную стабільнасьць. 9 лістапада 17 апазыцыйных партыяў запатрабавалі адстаўкі прэмʼер-міністра Нікола Пашыньяна, сярод іх Рэспубліканская партыя і другая колькасна ў парлямэнце (24 месцы) партыя «Квітучая Армэнія».
  • Пашыньян раніцай 10 лістапада запэўніў усіх, што застаецца ў Армэніі, і заклікаў да спакою. Аднак пра раскол ва ўладзе сьведчыць заява прэзыдэнта Армэна Саркісьяна. Ён заявіў, што пра сутнасьць пагадненьня даведаўся са СМІ.
  • Няма ўказаньня на будучы статус Карабаху. У падпісаным пагадненьні няма адсылак да таго, што статус Нагорнага Карабаху павінен быць вызначаны ў будучыні.
  • Цяпер важней было спыніць баявыя дзеяньні, бо пасьля заняцьця Шушы для Азэрбайджану адкрывалася магчымасьць узяць сталіцу Карабаху Стэпанакерт.
  • Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, адказваючы на пытаньне пра будучы статус Карабаху, заявіў, што застаюцца ў сіле ўсе папярэднія праўныя акты, у тым ліку рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН. У іх дэкляруецца прыналежнасьць Карабаху Азэрбайджану.
  • У Армэніі дасягнутыя дамоўленасьці справакавалі акцыі пратэсту — сёньня ноччу людзі ўварваліся ў будынкі ўраду і парлямэнту і пабілі сьпікера парлямэнту, прадстаўніка кіроўнага блёку «Мой крок» Арарата Мірзаяна.​



Што атрымлівае Азэрбайджан

  • Азэрбайджан дамогся вяртаньня значнай часткі тэрыторыяў — ня толькі раёнаў і Шушы, але і аднаўленьня наземнай камунікацыі з Нахічэваньню. Пагадненьне прадугледжвае разблякаваньне ўсіх эканамічных і транспартных сувязяў у рэгіёне. Армэнія павінна забясьпечыць транспартныя зносіны паміж заходнімі раёнамі Азэрбайджану і Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікай, кантроль за транспартнымі сувязямі будзе ажыцьцяўляць памежная служба ФСБ РФ.
  • Дасягнутае пагадненьне ўмацоўвае ролю Ільхама Аліева. Яго бацька Гейдар Аліеў прыйшоў да ўлады на фоне ўнутрыпалітычнай нестабільнасьці, выкліканай вайной у Карабаху, але дамагчыся перамогі ў вайне ён ня змог. Аліеў-малодшы выконвае бацькава абяцаньне вярнуць Карабах.
  • Умацаваны альянс з Турэччынай. Анкара ад пачатку баявых дзеяньняў аказвала актыўную вайскова-тэхнічную падтрымку Баку. Прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган на дыпляматычным узроўні абараняў права Азэрбайджану на ваеннае вяртаньне тэрыторыяў.

Што атрымлівае Расея

  • Цяперашняе пагадненьне вяртае Маскве ролю лідэра на Паўднёвым Каўказе. «Status quo немагчыма было ўтрымаць пасьля таго, як высьветлілася, што армянскі бок ня здольны больш здабываць перамогу ў ваенным канфлікце. Да гэтага часу было прынята зыходзіць з прэзумпцыі перамогі армян, але ў гэты раз азэрбайджанцы падрыхтаваліся лепш, а калі няма дастатковай вайсковай моцы, тады рассыпаецца ўся канструкцыя, якая ўсталявалася за апошнія гады», — мяркуе галоўны рэдактар часопіса «Расея ў глябальнай палітыцы» Фёдар Лукʼянаў.
  • На Маскву кладуцца і асноўныя выдаткі пры выкананьні пляну. Міратворцы разьмяшчаюцца ў Нагорным Карабаху мінімум на пяць гадоў з магчымасьцю падаўжэньня тэрміну. Транспартны калідор у Нахічэвань таксама будзе забясьпечвацца расейскімі памежнікамі.

Што атрымлівае Турэччына

  • Турэччына замацавалася на Паўднёвым Каўказе. «Выгады Турэччыны цалкам відавочныя, яна дамаглася неймаверных посьпехаў, стала ўдзельнікам найважнейшага рэгіянальнага канфлікту. У апошнія гады Турэччына так ці інакш пашырыла свой уплыў на ўсе тэрыторыі, якія некалі належалі да Асманскай імпэрыі. У Нагорным Карабаху яна згуляла бліскучую партыю, нічым асабліва не рызыкуючы і без асаблівых выдаткаў», — кажа Лукʼянаў.
  • «Без кантролю ў рэгіёне Паўднёвага Каўказу нельга думаць аб энэргетычнай бясьпецы Турэччыны. Гэта перш за ўсё трубаправоды. Прычым як цяперашнія (Баку — Джэйхан), так і пэрспэктыўныя з краінамі Цэнтральнай Азіі», — тлумачыць дырэктар расейскага Цэнтру вывучэньня найноўшай Турэччыны Юрый Мавашаў.
  • Рознагалосьсі пакуль выклікае пяты пункт пагадненьня. Аліеў заявіў, што ён прадугледжвае сумесную міратворчую місію Расеі і Турэччыны. Прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава настойвае, што ідзецца выключна пра расейскіх міратворцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG