2 лістапада даляр у Беларусі каштуе 2,65 рубля. Да жнівеньскага максымуму засталася 1 капейка. Разьбіраемся, з чым гэта зьвязана і ці будзе даляр расьці далей.
Што адбываецца зь беларускім рублём
Рост даляра ў Беларусі ў панядзелак зьвязаны са зьніжэньнем цаны на нафту, пра гэта гаворыць фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.
«Гэта падзеньне расейскага рубля, зьвязанае са зьмяншэньнем цаны на нафту, кошт валютнага кошыка ў Беларусі сёньня, наадварот, зьнізіўся. А вось цана на нафту з раніцы апусьцілася да мінімальнага значэньня з канца траўня», — кажа Вадзім Іосуб.
Падзеньне цаны на нафту, у сваю чаргу, зьвязана з магчымай перамогай на выбарах у ЗША Джо Байдэна.
«У яго адкрытая антырасейская пазыцыя, што можа значыць пашырэньне антырасейскіх санкцый, а таксама ў яго больш ляяльная палітыка да Ірану, што азначае адмену эмбарга на пастаўку іранскай нафты, а гэта, у сваю чаргу, паўплывае на далейшае падзеньне цаны на нафту», — мяркуе Вадзім Іосуб.
Што далей будзе зь беларускім рублём
На думку Вадзіма Іосуба, даляр можа працягнуць расьці адносна расейскага рубля, гэта значыць, што ў Беларусі даляр таксама працягне расьці.
«Думаю, рэзкага скачка ня будзе, але паступова за наступны тыдзень даляр можа вырасьці, адначасова са зьніжэньнем расейскага рубля», — кажа Вадзім Іосуб.