Супрацоўнікі «Гродна Азот» расказалі, што ранкам іх затрымлівалі сілавікі ў чорнай і аліўкавай форме, у балаклавах.
Аднаго з хлопцаў ударылі нагой у сьпіну, дзяўчыне пры затрыманьні пашкодзілі нагу, яна кульгала, калі выйшла з РАУС. У аўтобусе мужчын білі дручкамі і рукамі па твары. Адзін зь сілавікоў пры гэтым сказаў: «Што, с***, працаваць ня хочаце?».
Большасьць выйшла з РАУС без адміністрацыйных пратаколаў.
У цэхах «Аміяк-3» і «Карбамід-4» дагэтуль працуе начная зьмена — ужо больш за 20 гадзін, — а таксама кіраўніцтва. Работнікі, якія прыйшлі ранкам, адмаўляюцца пераймаць зьмену і чакаюць распараджэньня пачаць спыненьне вытворчасьці. Начальства прапануе ім узяцца за працу.
Сёньня раніцай на «Гродна Азот» пачалася забастоўка. Каля ста чалавек сабраліся на прахадной, яны адмовіліся ісьці на зьмену. Цяпер агулам бастуюць каля 150 чалавек.
Да заводу пад’ехалі 5 міліцэйскіх машын і два аўтобусы. Азотаўцаў пачалі затрымліваць. Па словах лідэра страйкаму Юрыя Рававога, на «Гродна Азот» затрымалі прыкладна 5–10 чалавек, астатнія зьехалі дадому, сышлі ў іншыя месцы або зайшлі на тэрыторыю заводу.
Два цэхі «Гродна Азот» не прынялі зьмену: «Аміяк-3» і зьвязаны зь ім «Карбамід-4». Да рабочых прыехалі генэральны дырэктар Ігар Бабыр і галоўны інжынэр Сяргей Сілівонік, угаворвалі пачаць працу.