Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэгамітынг» за Лукашэнку скасавалі нібыта праз каранавірус. Былі зьвесткі, што яго байкатуюць у рэгіёнах

абноўлена

На плошчы Незалежнасьці каля Дома ўраду ў Менску рабочыя разьбіраюць сцэну, якую ўстаўлёўвалі ўчора. «Такое ўказаньне», — кажуць яны.
На плошчы Незалежнасьці каля Дома ўраду ў Менску рабочыя разьбіраюць сцэну, якую ўстаўлёўвалі ўчора. «Такое ўказаньне», — кажуць яны.

Заплянаваны на 25 кастрычніка ў Менску праўладны мітынг «у падтрымку міру, дабра і росквіту Беларусі» скасавалі.

«Галоўная прычына — у складанай эпідэміялягічнай сытуацыі ў краіне. Улады берагуць насельніцтва, разумеюць, што другая хваля каранавірусу набірае абароты, таму асьцерагаюцца рэзкага росту захворваньня. Усім ахвотным наведаць мерапрыемства — пакуль адбой», — цытуе «Наша Ніва» афіцыйнае паведамленьне.

У штаб-кватэры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі наўпрост не пацьвердзілі, ці сапраўды мітынг скасаваны, параіўшы пачакаць інфармацыі на сайце.

У «Белай Русі» журналістам паведамілі, што паводле інфармацыі, якую яны маюць, мітынгу ня будзе, яго скасавалі. Зь якой прычыны, там ня ведаюць.

«Мы прымаць у ім удзел ня будзем. Арганізатарамі зьяўляюцца прафсаюзы, тут ня мы лякаматыў, прафсаюзы афармлялі на сябе дазвол, трэба пытаць іх», — сказалі ў «Белай Русі». Высьветліць лёс мітынгу пакуль не ўдалося ні ў ФПБ, ні ў Менгарвыканкаме — там не адказваюць тэлефоны.

Лукашэнка: «Адзін выбух недзе ў натоўпе, і людзі пачнуць ціснуць, як на Нямізе»

Агенцтва БелТА тым часам паведаміла, што Лукашэнка ня ёсьць прыхільнікам правядзеньня ў Менску маштабнага мітынгу. Ён патлумачыў, што на гэты мітынг з усёй краіны захацелі прыехаць шмат людзей — каля 250–300 тысяч. І яго хвалюе пытаньне бясьпекі.

«Я сёньня пазваніў прэмʼер-міністру і кажу: Раман Аляксандравіч [Галоўчанка], зьбяры людзей, губэрнатараў і іншых, парайцеся. Ня трэба ў Менск зьбіраць людзей. Гэта будзе каляпс. Мы паралізуем цалкам Менск».

«Чалавек едзе Бацьку падтрымаць, але ён жа Бацьку хоча і пабачыць. А як ён пабачыць? Я думаў, выступлю на Кастрычніцкай плошчы. Ну 15 тысяч мяне пабачаць».

«І галоўнае — мы не гарантуем бясьпеку людзей. Вось што галоўнае. Мы ўжо атрымліваем гэтую інфармацыю. Гэта мяне насьцярожвае. Я не баюся, але мяне насьцярожвае. Адзін выбух недзе ў натоўпе, і людзі пачнуць ціснуць, як на Нямізе», — сказаў Лукашэнка.

Яшчэ адной прычынай ён назваў каранавірус.

«Старыя, яны рвуцца, мы іх не ўтрымаем. Яны ўсе могуць заразіцца. І ў нас будзе яшчэ большы ковід, чым у краінах навокал».

«Таму мая думка на сёньняшні дзень — нельга, ня трэба нам зьбіраць людзей. Перабʼёмся. Чаго нам прыпадабняцца да іх? Я, вядома, вельмі ўдзячны грамадзкім арганізацыям, прафсаюзам нашым, што яны не пабаяліся вылучыць гэтую ініцыятыву. Але за 3-4 дні, пакуль гэта ўсё разгортвалася, я прыходжу да высновы, што нам нельга рызыкаваць людзьмі».

Лукашэнка прапанаваў перанесьці масавае мерапрыемства на вясну, калі будзе цёпла, і сабраць там усіх ахвотных.

Раней паведамлялі, што людзі ў рэгіёнах адмаўляюцца ехаць на праўладную акцыю, адпаведна не ўдаецца сабраць патрэбнай колькасьці мітынгоўцаў. Тым часам сцэны на праспэкце Пераможцаў і на плошчы Незалежнасьці дэмантавалі.

Плянавалася, што акцыя стартуе ў нядзелю а 14-й гадзіне каля стэлы «Менск — горад-герой», пасьля чаго ўдзельнікі шэсьцем рушаць да плошчы Незалежнасьці, дзе анансаваўся выступ Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG