Украінскі журналіст Аркадзь Бабчанка, які крытыкаваў беларускія пратэсты за мірны характар, у інтэрвію «Свабодзе» прызнаўся, што скарэктаваў думку пра радыкальны характар пратэстаў у Беларусі.
У жніўні журналіст скептычна выказваўся пра перамены ў Беларусі, называючы ўдельнікаў пратэстаў «ружовымі поні». Цяпер Бабчанка кажа, што ў гэтым выразе няма нэгатыўнай канатацыі.
Пра «ружовых поні»
Людзі мусяць дайсьці да таго, каб выкарыстоўваць супраціў гвалту. Гэта звычайны шлях, яго праходзяць усе і заўсёды. Гэта псыхалягічнае высьпяваньне. Немагчыма прымусіць чалавека кінуць сваё нармальнае жыцьцё і пайсьці паліць шыны ці гінуць на барыкадах. Трэба ўсьвядоміць: або будзе бойка, або будзе пройгрыш. Па-іншаму не бывае. Проста мірным шэсьцямі, робячы сэрцайкі ў інстаграме, такую дыктатуру ня скінуць.
Пра памылку беларусаў
Вырашальнымі былі першыя тры дні, калі ўлада захісталася і была разгубленая. Тады нельга было адступаць. У першыя дні і сілавікі ня ведаюць, за каго яны, і пачынаюць выбіраць. У Менску адбыўся, на жаль, крок назад. Вяртаньне на тыя пазыцыі будзе каштаваць цяпер нашмат больш сілаў.
Пра гандызм
Усе чамусьці любяць прыводзіць прыклад Магатмы Гандзі. Але гандызм — гэта невыкананьне законаў, сабатаж, акцыі грамадзянскага супраціву, страйкі, блякаваньні. Агулам кажучы, гэта сілавы пратэст, але бяз зброі. Ёсьць маса іншых градацыяў паміж «здымаць чаравікі перад лавачкай» і «рабіць кактэйлі Молатава».
Пра сілавы пратэст са зброяй
Гэта правакацыя. Я не скажу такога ніколі. Калі б у Беларусі пачалася нейкая грамадзянская міні-вайна, Пуцін туды дакладна ўвёў бы войскі. Пакуль ва ўладзе ў Расеі будзе Пуцін, Беларусь адарвацца ад імпэрыі безбалесна ня зможа. Варыянты два: або, як ва Ўкраіне, давядзецца ваяваць за сваю свабоду і незалежнасьць, або так, як ёсьць, з Лукашэнкам яшчэ гадоў 15, але без вайны. Я б цяпер ня стаў радыкалізаваць пратэст. Але ня проста гуляючы з балёнікамі, а працягваючы і страйкі, і пратэсты. Выбар павінна рабіць сама Беларусь.
Пра зьмену рыторыкі беларусаў
Два месяцы таму мне пісалі: маўляў, ня лезь, у нас асаблівая сытуацыя, не вучы нас жыць. А цяпер я бачу, што так, мы пачынаем разумець, што такое Расея, што такое Пуцін. Мы разумеем, што нам трэба рухацца ў бок Эўразьвязу і Свабоды. Мы пачынаем разумець, што гэтае пытаньне не ў Лукашэнку, а пытаньне ў імпэрыі.
Пра падтрымку Пуціным Лукашэнкі
Лёгікай гэтага не зразумець. Трэба думаць з гледзішча псыхалёгіі гопніка. Пуцін ненавідзіць Лукашэнку. За 20 гадоў Лукашэнка выеў яму ўсе мазгі. Але ён, хоць і непрыемны, але зразумелы Пуціну дыктатар. З усякім новым трэба ўсё пачынаць ад пачатку. Адзін дыктатар ня можа сабе дазволіць, каб у іншай краіне рухнуў рэжым іншага дыктатара. Гэта прыклад, што можна.
Пра рэакцыю расейцаў на магчымае ўварваньне Пуціна ў Беларусь
Беларусь не такая сакральная для расейцаў, як Крым. 96% насельніцтва тады звар’яцелі ў Расеі. Беларусь таксама для расейцаў «наша», мы, маўляў, яе не аддамо, але ня так, як Крым. Можа, 45-60%. Але гэта ня мае значэньня. Расейскі народ цяпер ня ёсьць субе’ктам палітыкі ў Расеі. Усё залежыць ад аднаго чалавека. Калі ён абвесьціць усеагульную мабілізацыю, каб пайсьці на Беларусь, то і Аляксей Навальны, і расейскія лібэралы, хто цяпер вывешвае сьцягі Беларусі на аватарках, яны стануць са зброяй і скажуць «Мы ня згодныя, але што ад нас залежыць», і пойдуць штурмаваць Менск.
Пра галоўную заваёву беларускіх пратэстаў
Галоўная падзея ўжо адбылася. Адбылося нараджэньне нацыі. Палітычнай нацыяй беларусы сябе ўсьведамілі. Гэты працэс незваротны, і назад шляху няма. Пытаньне толькі ў тым, колькі зойме часу шлях ад гэтага пункту да пункту свабоды і сувэрэнітэту.