Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замест вачэй — шчыліны, налітыя крывёй», — грамадзяніна Расеі зьбілі пры затрыманьні і паказалі па БТ


Антон Урупін у сюжэце «Беларусь 1»
Антон Урупін у сюжэце «Беларусь 1»

Грамадзяніна Расеі Антона Ўрупіна, які 15 гадоў жыве ў Беларусі і працуе ў ІТ-сфэры, моцна пабілі пры затрыманьні, цяпер ён у шпіталі. Яму можа пагражаць ня толькі крымінальная справа, а яшчэ і дэпартацыя.

Беларускае тэлебачаньне 12 кастрычніка паказала сюжэт «Нямірны пратэст». У кадры моцна зьбіты малады чалавек з акрываўленым тварам, які нібыта ўдзельнічаў у беспарадках. Аказалася, што праграміста Антона Ўрупіна хуткая з пастарунку даставіла ў аддзяленьне хірургіі 9-га клінічнага шпіталя.

Вось што расказвае маці Антона Ўрупіна.

«Дзіч нейкая, як можна так мантажаваць? І пры чым тут хлопцы, якіх выпадкова затрымалі?»

У сюжэце БТ на фоне карцінкі з вулічных сутычак ідзе закадравы тэкст: «Вось толькі калі гэтыя мірныя пратэстуны, якія пляваць хацелі на закон і спакой грамадзян, пасьля начных пахаджэньняў трапляюць за краты і пачынаюць даваць паказаньні, ад бравады не застаецца і сьледу».

Паказваюць твары траіх затрыманых, якія проста называюць сябе. Сярод іх Антон Урупін з акрываўленым тварам.

І далей ідзе тэкст: «Вось яны, рэальныя твары пратэсту, і ім пагражаюць рэальныя тэрміны».

Маці Антона Ўрупіна спадарыня Людміла шакаваная сюжэтам БТ.

«Я нікому са сваякоў не казала, што Антона затрымалі, пабілі і што ён у шпіталі, таму што нашай бабулі 90 гадоў, не хацелася хваляваць яе. Але калі я паглядзела відэа, дзе нарэзка незразумелых кадраў з пратэстаў, да якіх прыляпілі твар Антона ў крыві, дзе ён называе сябе, была шакаваная. Дзіч нейкая, як можна так мантажаваць? І пры чым тут хлопцы, якіх выпадкова затрымалі? Жорсткасьць ім жа трэба неяк апраўдаць», — разважае Людміла.

«Я калі ўбачыла сына, ледзьве не самлела. У дзяўчыны Антона здарылася гістэрыка»

Урупіны — грамадзяне Расеі, але ўжо 15 гадоў жывуць у Беларусі, бо тут усе карані, сваякі. Антон працуе ў ІТ-кампаніі. Як напісалі ягоныя калегі, «топавы devops-спэцыяліст».

Спадарыня Людміла расказала, што ў нядзелю ўвечары ёй патэлефанаваў сын з машыны хуткай дапамогі, сказаў, што яго вязуць зь Ленінскага РУУС у 9-ы шпіталь. Родныя паехалі туды.

«Выгляд быў жахлівы, мы думалі, што і нос, і рэбры зламаныя, на галаве кровападцёкі, гематомы па ўсім целе. Я калі ўбачыла яго, ледзьве не самлела. У дзяўчыны Антона здарылася гістэрыка.

Твар у крыві, замест вачэй — шчыліны, налітыя крывёй. Ляжачаму чалавеку пырскалі ў вочы пярцовым балёнчыкам! У яго апёк рагавіцы вока. Прайшлі поўнае абсьледаваньне, рэбры і косьці цэлыя. Падазрэньне на чэрапна-мазгавую траўму», — кажа маці.

Паводле словаў Людмілы, ні ў якіх пратэстах сын ня ўдзельнічаў. 11 кастрычніка ўвечары ён з двума сябрамі паблізу ад мэтро «Пушкінская» піў каву. Выйшлі з кавярні, дайшлі да скрыжаваньня, на іх напалі сілавікі і моцна зьбілі. Сына білі пяцёра. Усе траўмы яму нанесьлі менавіта пры затрыманьні. Потым завезьлі ў Ленінскае РУУС.

Машына так і засталася на Пушкінскай.

«Сын — хлопец фізычна моцны. Як сказаў нам супрацоўнік міліцыі, які суправаджаў яго на хуткай, у пастарунку ў Антона толькі пасьпелі спытацца, хто ён. Сын блытаў словы, неадэкватна адказваў — нават міліцыянты заўважылі, што „па галаве моцна настукалі“. І нейкі начальнік у Ленінскім РУУС нават запытаўся: „Навошта так зьбіваць людзей?“ І даў каманду выклікаць хуткую дапамогу. Нават пратаколу няма — сын ня ў стане быў ні на якія пытаньні адказваць. Спачатку пагражалі, што ён будзе ў шпіталі пад канвоем, але супрацоўнік зьехаў, калі даведаўся, што сыну як мінімум тыдзень давядзецца правесьці ў шпіталі. Пакуль яго ніхто не дапытваў», — кажа Людміла Ўрупіна.

Увесь мэдычны пэрсанал паставіўся вельмі адказна, уважліва: і дактары, і мэдсёстры, умовы ў палаце добрыя, кажа маці.

Калегі па працы ўсе падтрымліваюць, дапамагаюць з адвакатам.

Маці перажывае ня толькі за тое, што могуць завесьці крымінальную справу, але і за тое, што сына як грамадзяніна Расеі могуць дэпартаваць зь Беларусі. Антону ўжо тэлефанавалі з аддзелу грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG