Улады Кіпру адменяць праграму выдачы грамадзянства краіны за інвэстыцыі. Яна будзе дзейнічаць да канца кастрычніка, а потым яе скасуюць.
Грамадзянства краіны, якая ўваходзіць у Эўразьвяз, каштавала ад 2 мільёнаў 200 тысячаў эўра. Больш за тысячу чалавек, якія атрымалі пашпарты Кіпру, былі расейцамі.
Аб скасаваньні праграмы паведаміў афіцыйны Твітэр прэзыдэнта Кіпру. У паведамленьні сказана, што праграма адмененая па прапанове міністраў фінансаў і ўнутраных справаў.
Паводле дадзеных неназваных крыніцаў газэты «Палітыс», да закрыцьця праграмы ўлады разгледзяць яшчэ 700 пададзеных ужо заявак на грамадзянства, і заяўкі, якія будуць пададзеныя да канца месяца.
Па стане на лістапад мінулага году грамадзянства Кіпру атрымалі 4000 іншаземцаў. У жніўні канал «Аль-Джазіра» выдаў расьсьледаваньне, у якім называліся імёны ўладальнікаў дзьвюх з паловай тысячаў такіх пашпартоў, 40% зь іх былі расейцамі.
Кіпрскі пашпарт ёсьць у фігуранта санкцыйнага сьпісу ЗША, мільярдэра Алега Дзерыпаскі, былога ўладальніка «Уралкалію» Дзьмітрыя Рыбалоўлева, суўладальніка Evraz Аляксандра Абрамава і суўладальніка аэрапорту «Шарамецьева» Аляксандра Панамарэнкі, пісала выданьне The Bell.
У расьсьледаваньні «Аль-Джазіры» сьцьвярджалася, што многія ўладальнікі пашпартоў Кіпру зарабілі свае грошы злачынным шляхам. Праграма актыўна крытыкавалася кіроўнымі органамі Эўразьвязу. Чыноўнікі ЭЗ лічаць, што прададзеныя пашпарты дапамагаюць шматлікім замежнікам ухіляцца ад выплаты падаткаў і павялічваюць карупцыю. Улады Кіпру адмаўлялі абвінавачаньні, заяўляючы, што праграма ўратавала дзяржаву ад банкруцтва, а выпадкі атрыманьня пашпартоў за незаконныя даходы расьсьледуюцца і спыняюцца.