Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭГУ пракамэнтаваў прызнаньне свайго сайту і сацсетак «экстрэмісцкімі» ў Беларусі


Брама будынку ЭГУ ў Вільні. Архіўнае фота
Брама будынку ЭГУ ў Вільні. Архіўнае фота

Адукацыйная ўстанова паведаміла, што яе сайт будзе працягваць працу з «прыняцьцем неабходных захадаў абароны асабістых зьвестак карыстальнікаў».

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт напісаў пасьля прызнаньня экстрэмісцкімі ягонага сайта і сацсетак ўладамі Беларусі:

«Зьвяртаем вашу ўвагу, што экстрэмісцкімі прызнаныя канкрэтныя інфармацыйныя каналы ЭГУ. Навучаньне ва ўнівэрсытэце, навукова-акадэмічная і любая іншая дзейнасьць, зьвязаная з ЭГУ, ня можа зьяўляцца прадметам правапарушэньня»,— заявілі ў ВНУ.

Апрача таго ЭГУ папрасіў усіх, хто жыве ў Беларусі або наведвае Беларусь прыняць захады бясьпекі, а менавіта:

  • чысьціць гісторыю інтэрнэт-аглядальніку пасьля кожнага наведваньня сайту ЭГУ (любой яго вэрсіі — беларускай, расейскай, ангельскай або літоўскай);
  • не рабіць перадрукі з сайту ЭГУ ў сваіх публічных сацыяльных сетках;
  • па магчымасьці апавясьціць знаёмых, якія могуць наведваць сайт ЭГУ, аб сытуацыі і неабходных захадах бясьпекі;
  • скасаваць падпіску на вышэйзгаданыя акаўнты ў Instagram, Facebook, Youtube.

Сайт і сацсеткі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту прызнаў «экстрэмісцкімі» суд Цэнтральнага раёну Менску 20 жніўня.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG