Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі больш за 13 тысяч чалавек сталі ахвярамі рэпрэсій за ўдзел у мірных пратэстах: яны былі затрыманыя, атрымалі арышты або штрафы, засталіся бяз працы праз свае палітычныя погляды.
Электроншчык: Пасьля звальненьня з «Інтэгралу» вырашыў, што буду вучыцца
Сяргей Немагай страціў працу на менскім заводзе «Інтэграл», дзе вырабляюць электроніку: ён адкрыта выступіў супраць міліцэйскага гвалту і фальсыфікацый падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Свой першы працоўны дзень пасьля выбараў малады чалавек памятае да гэтага часу:
«Пасьля 9 жніўня ня толькі са мной, але і ва ўсёй краіне ўсё памянялася. Усё стала па-іншаму. 9-га пачаўся наш з калегам страйк, і праз тры дні я быў звольнены», — успамінае ён.
Страйк доўжыўся ўсяго тры дні і ня стаў масавым, але звольнілі Сяргея па артыкуле. Кіраўніцтва заводу заявіла, што ён не адпрацаваў абавязковы час разьмеркаваньня пасьля вучобы ў ВНУ, а гэта значыць, што Немагай застаецца вінен дзяржаве амаль 2 тысячы даляраў.
Сяргей прызнаецца, што калі б не падтрымка беларусаў, яму давялося б цяжка.
«Салідарнасьць беларусаў вельмі адчуваецца: у дапамозе фінансавай, у падтрымцы сяброў, людзей, якія мяне зусім ня ведаюць. Гэта відаць на ўсіх мітынгах, акцыях, — кажа Немагай. — Гэта відаць ня толькі па тым, як людзі ставяцца да мяне. Але і наогул у цэлым адзін да аднаго: грамадзтва зьмянілася».
Сяргей кажа, што не шкадуе, што застаўся бяз працы: асвойвае новую прафэсію і верыць у перамены да лепшага.
«Цяпер я студэнт. Пасьля працы на „Інтэграле“ вырашыў, што буду вучыцца. Зараз я вучуся ў двух месцах: у Кіеўскай сэмінарыі і ў БДУІР (Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі) на завочным. Са мной, у прынцыпе, усё добра: я хаджу на пратэсты, падтрымліваю новую Беларусь».
Ратавальнік. «Жонка абняла і сказала: Ты заўсёды за справядлівасьць»
Менскага ратавальніка Максіма Сташулёнка таксама звольнілі са службы з прычыны яго грамадзянскай пазыцыі. Пажарны папярэдзіў жыхароў аднаго са сталічных раёнаў, што ў іхны двор едуць супрацоўнікі МНС і міліцыя будзе здымаць бел-чырвона-белы сьцяг.
«Я напісаў, каб папярэдзіць жыхароў, таму што ўвесь час гэтыя канфлікты адбываюцца, — кажа Максім. — Супрацоўнікі АМАПу прыяжджаюць на зьняцьце сьцягоў, нават некалькі чалавек затрымалі. Да абсурду гэта ўсё даходзіць».
Беларускіх супрацоўнікаў МНС пасьля выбараў 9 жніўня рэгулярна прыцягваюць да здыманьня бел-чырвона-белай сымболікі, якую ў сябе ў дварах вывешваюць жыхары. У тых пажарных, хто адмаўляецца гэта рабіць, узьнікаюць праблемы на службе. Але, нягледзячы на рэпрэсіі, здымаць непажаданы для ўладаў сьцяг згаджаюцца ня ўсе.
Максіма Сташулёнка пасьля ягонага ўчынку з працы звольнілі ў той жа дзень і патрабавалі, каб на працягу трох сутак ён вызваліў службовую кватэру: у ёй Максім жыў зь цяжарнай жонкай і малым сынам. Максім успамінае, што самае цяжкае для яго было — расказаць жонцы аб звальненьні.
«Я купіў букет кветак, ехаў дадому. Калі я пад’ехаў, пад вокнамі ўжо стаялі людзі, якіх, зноў жа, я ня ведаў. Пара знаёмых чалавек было. Яны стаялі, сьпявалі песьні, ліхтарыкамі сьвяцілі. Тут нават міні-аркестар быў», — успамінае Максім.
Жонка абняла яго і сказала: «Усё ішло да гэтага: ты заўсёды за справядлівасьць, за сумленнасьць, за праўду. Калі-небудзь гэта павінна было адбыцца».
Максім кажа, што ўжо ў дзень звальненьня атрымаў дзясяткі званкоў з прапановамі аб дапамозе — ад зусім незнаёмых людзей. Такой салідарнасьці сямʼя не чакала.
Цяпер Максім працуе ў IT-кампаніі і разам з адвакатамі дамагаецца аднаўленьня на службе. Ён падкрэсьлівае, што не шкадуе, што папярэдзіў людзей.
Тэхноляг: Падтрымка была і да выбараў, і падчас выбараў, а пасьля набыла велізарныя, неверагодныя маштабы
Пра салідарнасьць беларусаў расказвае і былы тэхноляг Кацярына Гапоненка. Яна яшчэ ў жніўні папрасіла кіраўніцтва свайго прадпрыемства арганізаваць страйк, але ёй адмовілі. У адказ жанчына напісала заяву на звальненьне. Цяпер Кацярына ўдзельнічае ў мірных акцыях пратэсту і актыўна падтрымлівае завадчан.
«Выйсьці на страйк асабіста для мяне — гэта значыць выказаць сваю пазыцыю супраць гвалту, супраць беззаконьня. Супраць таго, што мы ня можам свабодна выйсьці на вуліцу і выказаць сваю думку, — кажа Кацярына. — Што мы ня маем права выйсьці ў вопратцы пэўнага колеру, у бранзалетах пэўнага колеру. Нас арыштоўваюць, нас бʼюць людзі ў форме, невядома, хто гэта, за што. Я лічу, што гэта беззаконьне, а права ў дэмакратычным грамадзтве — гэта прыярытэт».
Кацярына кажа, што аб звальненьні не шкадуе, хоць і прызнаецца, што сыходзіла ў нікуды. Цяпер яна асвойвае IT і, гэтаксама як Максім і Сяргей, спадзяецца на лепшае.
«Падтрымка неверагодных беларусаў была і да выбараў, і падчас выбараў, а пасьля яна набыла велізарныя, неверагодныя маштабы, — кажа Гапоненка. — Асабіста мне была аказана і матэрыяльная падтрымка, і падтрымка ў перакваліфікацыі ў сфэры, якая мне цікавая, якая разьвіваецца. Кожны беларус цяпер робіць усё магчымае, каб тут застацца. Для таго каб не прачынацца з думкай, што дзесьці лепш, а прачынацца і засынаць з думкай, што тут лепш, што я раблю максымум, і жыць у неверагоднай краіне зь неверагоднымі людзьмі, у маленькай Швайцарыі».
- Беларусам, якія засталіся бяз працы з палітычных прычын, дапамагае ў тым ліку Фонд салідарнасьці BYSOL. Грошы для падтрымкі пацярпелых прыходзяць з усяго сьвету, цяпер на рахунку фонду каля 2 мільёнаў даляраў.
- Пасьля выбараў дапамогу ад фонду атрымалі каля трохсот жыхароў Беларусі, якія падпалі пад рэпрэсіі. Больш за тысячу заявак цяпер разглядаюцца.