Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 300 працаўнікоў «Нафтану» ўступілі ў незалежны прафсаюз


Цягам жніўня і верасьня больш за 330 працаўнікоў «Нафтану» выйшлі зь дзяржаўнага і ўступілі ў незалежны прафсаюз.

Пра гэта Свабодзе паведаміла супрацоўніца «Нафтану» Вольга Брыцікава, якая ў жніўні ўдзельнічала ў зборы подпісаў пад калектыўным лістом да кіраўніцтва аб’яднаньня з патрабаваньнямі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле Вольгі Брыцікавай, тады было сабрана прыкладна 3,5 тысячы подпісаў. Які лёс гэтага калектыўнага звароту? Паводле Вольгі Брыцікавай, разгляд звароту адміністрацыя «Нафтану» замарудзіла.

«Калі мы яшчэ зьбіралі подпісы, дык наймальнік усумніўся ў тым, каму яны належаць. Вы ж разумееце: нас усіх ня хочуць лічыць. Як адносна маршаў кажуць, што ў іх бяруць удзел маргіналы ды прастытуткі, гэтак і адносна нашых подпісаў засумняваліся, што іх ставілі працаўнікі „Нафтану“. Было прапанавана правяраць усе подпісы праз базу дадзеных працаўнікоў „Нафтану“. Але такія запыты пакідаюць сьлед, і пры жаданьні потым можна аказваць ціск на людзей. Падчас збору подпісаў ужо пачаўся ціск з боку кіраўнікоў падразьдзяленьняў, і гэта магло працягвацца. Таму далейшы збор подпісаў мы спынілі. Іншага адказу на нашы патрабаваньні няма», — паведаміла Вольга Брыцікава.

Што даў актывістам пераход з праўладнага ў незалежны прафсаюз? «Найперш гэты пераход быў прычынай ціску на актывістаў. Цяпер мы спрабуем дасягнуць рэальнай салідарнасьці сярод сябраў прафсаюзу», — сказала Вольга Брыцікава.

Пра цяперашнія настроі на прадпрыемстве Вольга Брыцікава сказала гэтак: «Частка калектыву захоўвае былыя настроі і не хавае іх, але другая частка знаходзіцца ў пэўным разладзе. Яны незадаволеныя, але баяцца выказвацца», — мяркуе Вольга Брыцікава.

У выніку збору подпісаў за новыя выбары Вольга Брыцікава атрымала вымову, яе пазбавілі прэміі за жнівень. Фармальна — за адсутнасьць на працоўным месцы без паважнай прычыны ў час, калі разам зь іншымі актывістамі яна лічыла сабраныя подпісы. Таксама былі пакараныя іншыя актывісты, цяпер яны разам спрабуюць аспрэчыць накладзеныя спагнаньні, сказала Вольга Брыцікава.

«Адметна, што папярэдне мы абмяркоўвалі з кіраўніцтвам, што на час падліку подпісаў нам дадуць адпускныя запіскі, якія дазваляюць не прысутнічаць на працоўным месцы. Мы пагаджаліся нават, каб гэты час нам не аплачвалі. Кіраўніцтва паабяцала, але ў выніку нас пакаралі. Вылучаюць тых, хто высунуўся, і караюць, каб іншыя ня бралі прыклад», — мяркуе Вольга Брыцікава.

6 кастрычніка ў інтэрнэце зьявіўся відэазварот працаўнікоў «Нафтану», у запісе якога бралі ўдзел больш за 30 чалавек, у тым ліку Вольга Брыцікава. «Пакуль бяз дрэнных наступстваў», — сказала працаўніца «Нафтану».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG