8 кастрычніка ў паўфінале плэй-оф Эўра-2020 зборная Беларусі згуляе на выезьдзе супраць Грузіі за права выйсьці ў фінал кантынэнтальнага адбору.
Напярэдадні высьветлілася, што ў Тбілісі беларуская каманда паляціць без аднаго зь лідэраў — паўабаронцы барысаўскага БАТЭ Станіслава Драгуна.
Камэнтуючы нявыклік дасьведчанага гульца, галоўны трэнэр Міхаіл Мархель патлумачыў гэта тым, што ў футбаліста падазрэньне на каранавірус.
Аднак, паводле інфармацыі парталу By.tribuna.com, рашэньне зьвязанае ня столькі з каранавірусам — прынамсі тэст ад 28 верасьня даў адмоўны вынік. Мяркуючы па ўсім, справа ў грамадзянскай пазыцыі Станіслава Драгуна.
Упершыню пра сытуацыю ў краіне ён выказаўся яшчэ 18 жніўня, асудзіўшы невытлумачальна жорсткія дзеяньні амапаўцаў. Таксама разам зь іншымі футбалістамі зьняўся ў відэа супраць гвалту. Падтрымаў асуджаную на 15 сутак баскетбалістку Алену Леўчанку і зьняволенага на 6 сутак былога спартовага тэлекамэнтатара Ўладзіслава Татура.
Акрамя таго, Станіслаў Драгун гуляў зь белай стужачкай на руцэ, крытыкаваў Беларускую фэдэрацыю футболу і яе старшыню Ўладзімера Базанава.
Па зьвестках «Трыбуны», усё гэта ня вельмі падабалася спартовым босам, якія ацэньваюць палітычную сытуацыю ў краіне выключна з пазыцыі дзейнага кіраўніцтва.
Так, са словаў самога Станіслава Драгуна, адзін з супрацоўнікаў Дому футболу наўпрост запатрабаваў ад яго быць больш стрыманым у выказваньнях.
На наступны матч 14 кастрычніка супраць Казахстану ён таксама не заяўлены.