Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выпалі два дні прыёму». Плястычны хірург, якога затрымалі са сьцягам на парозе кватэры, адбыў у Жодзіне двое сутак


Аляксей Дужы
Аляксей Дужы

Вядомага плястычнага хірурга Аляксея Дужага зь Менску вызвалілі з жодзінскага СІЗА. Яго затрымалі 20 верасьня, калі ў Менску праходзіў Марш справядлівасьці.

Аляксей сказаў Свабодзе, што ня ведае, зь якой нагоды яго затрымалі. Пратаколу ён ня бачыў і не падпісваў, таксама яго не судзілі.

Аляксей прыехаў з Гомля ў Менск, калі марш амаль што скончыўся. Ён жыве на праспэкце Незалежнасьці.

«Я занёс рэчы ў кватэру, а потым выйшаў, вітаў дэманстрантаў, мне трэба было там дачакацца дзяўчыны. Людзі пайшлі ў бок крамы „Акіян“, а там быў кардон „Рубеж“. Адна калёна падыходзіла з плошчы Якуба Коласа, потым калёны аб’ядналіся і пайшлі на плошчу Якуба Коласа. На плошчу я не пайшоў. Убачыў, як адзін з хлопцаў высока нёс сьцяг, і папрасіў, каб ён мяне сфатаграфаваў са сваім сьцягам».

Пакуль фатаграфаваліся, пад’ехалі міліцэйскія мікрааўтобусы. Аляксей прапанаваў хлопцу схавацца ў ягонай кватэры, амапаўцы пабеглі за імі.

«Мой тэлефон застаўся ў яго, а ў мяне яго сьцяг. Хлопец зьвярнуў недзе ўбок, яго таксама затрымалі некалькі амапаўцаў, а я ўжо адчыніў дзьверы, ступіў на парог кватэры, як амапавец, які бег за мной, схапіў мяне за плячо. Я яму кажу, што гэта мая кватэра, я тут жыву. Ён кажа, што я са сьцягам, я кажу, што гэта ня мой сьцяг. Амапавец сказаў, што нічога ня ведае, маўляў, калі ня пойдзеш, то буду цябе мясіць».

У мікрааўтобусе Аляксей сустрэў і таго хлопца, Максіма. Амапаўцы прымушалі яго разблякаваць тэлефон, які належаў Аляксею. Аляксей назваў код, і амапаўцы даведаліся, што Аляксей доктар.

«Яны пытаюцца: а чаго ты ходзіш? Я кажу — за свабоду слова, за незалежнасьць Беларусі».

У мікрааўтобусе разам з Аляксеем было некалькі затрыманых, аднаго зь іх пабілі за тое, што не разблякаваў тэлефон. Затрыманых адвезьлі да аўтазака.

«Там амапавец усім даваў кухталя, каб хутчэй заходзілі ў аўтазак. У камэру, разьлічаную на чатырох, запакавалі 11 чалавек. Было вельмі цяжка дыхаць, бо аўтазак доўга стаяў і не было вэнтыляцыі, а людзі былі ў куртках. Стаяць было цяжка, бо было напхана многа людзей».

Частку затрыманых разам з Аляксеем завезьлі ў Маскоўскі РУУС. Паводле Аляксея, некаторых выклікалі на допыт, а яго сфатаграфавалі і зьнялі адбіткі пальцаў.

«Пратакол падпісваць мне не давалі, таксама не тлумачылі мае правы. Спачатку вывелі адну групу людзей, потым і нас пасадзілі ў аўтазак і павезьлі ў Жодзіна. Там прывялі ў нейкія сутарэньні, выстраілі, правялі пераклічку. Потым сказалі ўсім разьдзецца і некалькі разоў прысесьці».

Пасьля гэтага Аляксея і іншых затрыманых завялі ў камэру, разам было 8 чалавек.

«На коўдрах была дата „2020 год“, але ложкі былі не засланыя, і мы на іх леглі, пераначавалі. Раніцай прывезьлі сьняданак. У камэры ляжаў часопіс „15 сутак“, абрывак нейкай газэты і сканворды, напалову разгаданыя. Таксама засталіся печыва і хлеб ад папярэдніх сядзельцаў, мы гэтага не чапалі. На шпацыры нас не выводзілі, кармілі даволі нармальна».

У камэры сядзелі людзі ад 21 да 52 гадоў, адзін зь сярэдняй, астатнія з вышэйшай адукацыяй. Аляксею 37 гадоў, ён сябра ТБМ, цікавіцца гісторыяй.

У СІЗА ў Жодзіне Аляксея пратрымалі да аўторка, некаторых выводзілі на суд.

«Спачатку двух вывелі з нашай камэры, а потым сказалі ўсім зьбірацца і выходзіць. Нам сказалі забіраць рэчы, і нас выпусьцілі. Я думаю, што такім чынам людзей проста хочуць запалохаць, каб меней людзей пратэставала».

Аляксей хваляваўся за сваю працу, бо на дні зьняволеньня былі прызначаныя апэрацыя і перавязкі.

«Два дні прыёму выпалі, людзей не прыняў, а ў іх, відаць, таксама былі пляны. Але цяпер тыя, хто ня ведаў пра мяне, даведаліся, што такі ёсьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG