Урад Латвіі вылучыў 50 000 эўра на лячэньне беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій і катаваньняў. Пры падтрымцы валянтэрскай арганізацыі праз мяжу былі перапраўленыя першыя шэсьць пацярпелых зь цяжкімі траўмамі. Мужчыны кажуць, што каб яны не ўцяклі, то зьніклі б або селі ў турму, паведамляе партал Delfi са спасылкай на Latvijas Televīzija.
Двое пацярпелых Віктар і Іван папрасілі схаваць іх твары і зьмяніць імёны. Гэтая паездка ў Рыгу для іх стала першай у Эўразьвяз. Цела Віктара — у шрамах, у Латвіі яго праапэравалі яшчэ раз і знайшлі аскепкі ад сьветлашумавой гранаты.
Іван ня быў актыўным удзельнікам пратэстаў, але зараз стаў перакананым праціўнікам Лукашэнкі. Яго затрымалі на вуліцы, зьбівалі пры затрыманьні, у машыне, у ізалятары. У выніку ён атрымаў цяжкае страсеньне мозгу, пераломы костак твару і ногі, разрыў барабаннай перапонкі.