Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты выступілі з заявай у падтрымку Максіма Знака і Ільлі Салея. Пад ёй ужо падпісаліся каля 400 чалавек


Архіўнае фота. Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Ільля Салей (зьлева направа)
Архіўнае фота. Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Ільля Салей (зьлева направа)

Адвакаты і юрысты Беларусі выступілі з адкрытай заявай у сувязі з затрыманьнем 9 верасьня іх калегаў Максіма Знака і Ільлі Салея. Пад зваротам ужо каля 400 подпісаў.

«Мы, адвакаты і юрысты Рэспублікі Беларусь, якія падпісалі гэты зварот, цьвёрда перакананыя, што падставы для перасьледу нашых калегаў адваката Максіма Знака і адваката Ільлі Салея адсутнічаюць», сказана ў заяве.

У ёй згадваюцца прафэсійныя заслугі Максіма Знака і Ільлі Салея і падкрэсьліваецца, што ў сваіх дзеяньнях, вусных і пісьмовых паведамленьнях яны ніколі:

  • не заклікалі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь;
  • не зьвярталіся з мэтай учыненьня гэтых дзеяньняў да замежных дзяржаваў, замежных або міжнародных арганізацый;
  • не распаўсюджвалі матэрыялы, якія зьмяшчаюць названыя вышэй заклікі.

У заяве падкрэсьліваецца, што адвакацкая супольнасьць Беларусі цяпер «востра адчувае, як хутка падае прэстыж прафэсіі адваката», адвакаты зазнаюць перасьлед і ціск з боку сілавых структур у сувязі са сваёй прафэсійнай дзейнасьцю і «ўжо ня могуць паўнавартасна і бясьпечна выконваць свае прафэсійныя абавязкі».

Адвакаты патрабуюць:

  • Неадкладна вызваліць Максіма Знака і Ільлю Салея.
  • Спыніць ціск на адвакатаў Беларусі і выконваць закон «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь».
  • Не перашкаджаць рэалізацыі грамадзянам Беларусі свайго права на карыстаньне юрыдычнай дапамогай (арт. 62 Канстытуцыі)
  • Спыніць перасьлед адвакатаў, якія, рэалізуючы канстытуцыйнае права на свабоднае выказваньне меркаваньняў і перакананьняў (арт. 33 Канстытуцыі), выказваюць сваё меркаваньне ў рамках прафэсійнай дзейнасьці.

На момант публікацыі пад заявай падпісаліся ўжо каля 400 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG