Днём 3 верасьня перастала выходзіць на сувязь гомельская журналістка Ларыса Шчыракова. Яе сябры і калегі забілі трывогу. Выявілася, што журналістка цяпер знаходзіцца ў гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня.
Дзяжурны гомельскага ізалятару адмовіўся казаць, зь якой прычыны затрымалі журналістку.
Ларысу Шыракову забіралі ў міліцыю на гэтым тыдні, там склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП — нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. 30 жніўня яна была на Маршы міру ў Гомлі ў якасьці журналіста.
3 верасьня Шчыракову мелі судзіць, але суд адклалі, бо адправілі пратакол на дапрацоўку.
У Шчыраковай ёсьць сын 13 гадоў. Калі яе раней на гэтым тыдні забіралі ў міліцыю, то пагражалі адправіць сына ў прытулак. У міліцыі журналістцы зрабілася блага, яе шпіталізавалі, а потым выпісалі.