Лябараторыя Бундэсвэра знайшла ў арганізьме расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага сьляды атруты з групы «Навічок».
Пра гэта гаворыцца ў адмысловым прэс-рэлізе ўраду Нямеччыны.
Наяўнасьць сьлядоў атруты ў арганізьме Навальнага паказалі тэсты, праведзеныя спэцыяльнай лябараторыяй Бундэсвэра на просьбу лекараў з клінікі «Шарытэ», дзе знаходзіцца пацыент.
«Аляксей Навальны стаў ахвярай нападу ў Расеі з ужываньнем хімічнага атрутнага рэчыва»,— падкрэсьліваецца ў заяве.
Улады Нямеччыны папярэдзілі, што давядуць вынікі дасьледаваньняў да кіраўніцтва Эўразьвязу і НАТО, а таксама Арганізацыі за забарону хімічнай зброі.
«Мы заклікаем урад Расеі даць тлумачэньні ў сувязі з інцыдэнтам», — гаворыцца ў паведамленьні нямецкага ўраду.
Аляксей Навальны знаходзіцца ў коме з 20 жніўня. Першыя двое сутак ён быў у шпіталі ў Омску, пасьля яго перавезьлі ў Бэрлін. Паплечнікі палітыка адпачатку настойвалі на вэрсіі аб атручэньні. Яны падазравалі, што расейскія лекары наўмысна зацягвалі выдачу дазволу на перавозку Навальнага, каб у арганізьме складаней было знайсьці сьляды атруты.
Раней з дапамогай «Навічка» былі спробы нэўтралізаваць і іншых апанэнтаў Крамля.