Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пратэст без структураў — гэта кісель». Каму і навошта трэба партыя Бабарыкі


Навошта патрэбная новая партыя «Разам», да стварэньня якой заклікалі Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава? Ці можа Каардынацыйная рада адыгрываць ролю лідэра? Партыя «Разам» ствараецца, каб кіраваць цяперашнімі пратэстамі, ці на будучыню?

Па гэтых пытаньнях у «Праскім акцэнце» дыскутуюць палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч і рэжысэр, грамадзкі дзеяч Андрэй Курэйчык.

Дракахруст: З гісторыі вядома, як у 1917 годзе на нарадзе расейскіх палітычных партыяў нехта з удзельнікаў сказаў, што ў Расеі няма партыі, гатовай узяць уладу. На гэта лідэр бальшавікоў Ленін адказаў: «Ёсьць такая партыя!». Гэта — да абвяшчэньня Віктарам Бабарыкам і Марыяй Калесьнікавай стварэньня новай палітычнай партыі «Разам/Вместе». Вы, Андрэй, яшчэ ў траўні заклікалі да стварэньня партыі пераменаў.

Курэйчык: Усе рэвалюцыі мелі посьпех пры наяўнасьці палітычных структураў. Гэта і «Салідарнасьць» у Польшчы, і БНФ у Беларусі, і Блёк Цімашэнкі і «Наша Ўкраіна» падчас першага Майдану, партыя Пашыньяна падчас армянскай рэвалюцыі. І зараз аказалася, што пры велізарнай колькасьці людзей на вуліцах няма структуры, каб кіраваць гэтым морам людзей. Зараз вуліца ня можа выбраць сябе лідэраў. Дзе яны, гэтыя лідэры?

Карбалевіч: Апошні раз у Беларусі рэгістравалі партыю ў 2000 годзе — КХП БНФ. Наўрад ці для Бабарыкі і Калесьнікавай зробяць выключэньне. Тыя 15 партыяў, якія ў Беларусі ёсьць, змагаюцца за выжываньне. Палова зь іх мёртвая, другая палова — паўжывая. Яны пакутуюць ва ўмовах сыстэмы, якая не прадугледжвае палітычнай канкурэнцыі. Тое, што новая партыя павядзе народ — у гэтым ёсьць сумневы. А вось тое, што можа раскалоць — гэта пэўна, і першыя прыкметы ўжо навідавоку. Сёньня супраць Лукашэнкі аб’ядналіся вельмі розныя людзі. І любая спроба неяк вызначыцца ідэалягічна можа прывесьці да расколу адзінага фронту.

Курэйчык: Каардынацыйная рада ніколі ня будзе палітычным органам. У Каардынацыйную раду пайшлі розныя людзі — спартоўцы, пісьменьнікі, бізнэсоўцы, вось я, людзі, якія ня маюць да палітыкі ніякага дачыненьня. Ня будзе Алексіевіч ніколі змагацца за ўладу. Рада хоча правесьці перамовы з уладай наконт таго, каб палітык Аляксандар Лукашэнка і палітык Сьвятлана Ціханоўская памяняліся месцамі. Усё! Ніякай барацьбы за ўладу. І ў гэтай радзе ніколі ня пройдзе ніякае ідэалягічнае ці палітычнае рашэньне. І гэта я вам кажу як чалец гэтай рады. Застаўся штаб Бабарыкі. Два іншыя штабы практычна трапілі за краты ці зьехалі. У штабу Бабарыкі прыкладна 10 тысячаў актывістаў. І ніякага статусу. Вось яны і прыдумалі сабе статус — цяпер яны будуць партыяй. Яны не прадстаўляюць усіх. Гэта партыя Віктара Бабарыкі. Пратэст без структураў — гэта кісель. Наступіць халоднае надворʼе — увесь пратэст расьцярушыцца. Толькі структуры могуць яго неяк падтрымліваць.

Карбалевіч: Праблема Лукашэнкі ня ў тым, з кім весьці перамовы. Праблема ў тым, што ён у прынцыпе адмаўляцца іх весьці. Калі гэтая праблема вырашыцца, знайсьці суразмоўцаў — гэта будзе самае простае. У гісторыі былі партыі без акрэсьленай ідэалёгіі. Скажам, партыя «Слуга народу» ва Ўкраіне. Ці ў нас была Партыя народнай згоды на чале з Карпенкам. Яе чальцы канкуравалі паміж сабой па адных і тых жа акругах. Але калі ідэалёгія партыі не акрэсьленая, цяжка чакаць, што яна здольная структурызаваць сваіх прыхільнікаў. Калі партыя за ўсё добрае і супраць усяго кепскага, то яна ня надта будзе адрозьніваецца ад таго руху, які мы зараз назіраем на вуліцах.

Курэйчык: У штабу Бабарыкі ёсьць цудоўны офіс, шмат кваліфікаваных спэцыялістаў, 10 тысячаў актывістаў, сеткі СММ, інфармацыйныя сеткі. Магчыма, і яшчэ нейкія рэсурсы засталіся. І цяпер ім ці разысьціся і хадзіць па вуліцах, ці паспрабаваць арганізаваць нейкую структуру. І яны засноўваюць гэтую аснову на будучыню.

Карбалевіч: Андрэй патлумачыў, навошта партыя. Трэба нечым заняць людзей, якія далучыліся да пратэставага руху, трэба накіраваць іх у нейкае практычнае рэчышча. Вось прыдумалі адкліканьне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Усе разумеюць, што ніякага практычнага сэнсу гэта ня дасьць, але «варушняк» будзе. Гэтак жа і з партыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG