Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская: Я моцна перажываю кожнае затрыманьне


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Былая кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе — пра легітымнае прэзыдэнцтва, жаночую рэвалюцыю, выбар, які стаіць перад сілавікамі, ролю Захаду і Расеі, гонар за мірных пратэстоўцаў і тое, што адбылося ў кабінэце Ярмошынай.

Цалкам інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай глядзіце на відэа.

Прапануем фрагмэнт размовы.

— Найперш я хачу вас запытацца пра моцныя акцыі гэтых выходных — жаночы гранд-марш 29 жніўня і маршы міру ў Менску і іншых гарадах Беларусі 30 жніўня, удзел у якіх узялі сотні тысяч мірных людзей. Як вы лічыце, які галоўны вынік гэтых мірных акцый?

— Найперш хачу сказаць, як я ганаруся сваім народам, сваімі людзьмі, якія ўжо столькі дзён адстойваюць свае правы. Я перакананая, што яны будуць працягваць у тым жа тэмпе, у тым жа духу, таму што мы ня зможам ужо жыць па-іншаму. Ня зможам ані дараваць, ані забыць тое, што здарылася. Мы зразумелі, што ў нас ёсьць правы і што вельмі важна іх адстойваць. Я была вельмі ўражаная тым, што адбываецца.

Нягледзячы на тое, што я вымушаная знаходзіцца па-за межамі Беларусі, мая душа ірвецца дадому, я вельмі хачу вярнуцца. Тут я, на жаль, не магу адчуць атмасфэру гэтых дэманстрацый. Мне падаецца, як бы я сябе адчувала — мне, напэўна, было б страшнавата. У кожнага чалавека ўнутры сядзіць гэты страх, што яго забяруць, будуць зьбіваць, ведаючы, як дзейнічаюць нашы сілавікі. А мне кажуць, што там цудоўная атмасфэра, што людзі шчасьлівыя, што яны адчуваюць такое адзінства, што сьпяваюць песьні, што яны адзін за аднаго.

Я ўвесь час гляджу розныя стрымы, потым пераглядаю відэа, якія выкладаюць у тэлеграм-каналах, дзе толькі магчыма, каб адчуць, што там адбываецца. Я з асьцярогай гляджу, калі зьяўляецца АМАП, калі падганяюць аўтазакі, але цяпер я бачу, што людзі, можа, і не перасталі баяцца, але яны пераадольваюць страх перад гэтымі машынамі. Аўтазак — гэта толькі машына. Людзі ўжо спакойна ў чаргу становяцца, каб спакойна прайсьці ў гэты аўтазак.

Мы бачым, што і АМАП ня так бясчынствуе, як гэта было 9 і 10 жніўня. Яны бачаць мірных людзей, якія прыйшлі на гэтую акцыю, каб проста выказаць свой пратэст. Ніхто ня хоча гвалту, ніхто ня хоча біцца, тым больш калі выходзяць жанчыны.

Мы, «слабы пол», паказалі ўсяму сьвету, наколькі мы моцныя і ў гэтай перадвыбарчай кампаніі, і цяпер. Я гляджу на гэтых сьветлых жанчын, і гэта настолькі прыгожа, гэта настолькі моцны пасыл, што жанчыны сталі замест мужчын, сталі побач з мужчынамі. Яны гатовыя нароўні адстойваць свае правы — права на свабоднае і бясьпечнае жыцьцё сваіх дзяцей, на будучыню сваіх дзяцей.

Гэта ўсё цудоўна. Я з трымценьнем на ўсё гляджу. Але і эмоцыі страху прысутнічаюць. Я кожнае затрыманьне моцна перажываю ўнутры сябе. Таго і таго затрымалі, а людзі ідуць сьвядома, іх ніхто ня гоніць. Усе па добрай волі, усе разумеюць, за што выходзяць, бо гэта выбар кожнага чалавека.

Поўны тэкст інтэрвію неўзабаве на нашым сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG