Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з стваральнікаў плятформы «Голас» Павел Лібер: маштабы фальсыфікацыяў абсалютна драматычныя


Павел Лібер
Павел Лібер

На кожным трэцім выбарчым участку ў Беларусі выяўлены фальсыфікацыі, агучаныя ЦВК выніковыя зьвесткі значна разыходзяцца з афіцыйнымі зьвесткамі ўчастковых пратаколаў, на ўчастках зафіксавана больш за 6700 парушэньняў, сьцьвярджаюць аўтары дасьледаваньня, падрыхтаванага онлайн-плятформай «Голас» пры дапамозе супольнасьці «Честные люди» і плятформы Zubr.in.

«Голас» быў створаны напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў для дакладнага ўліку галасоў на ўчастку. Выбарнік у дзень галасаваньня меў зрабіць фота абодвух бакоў бюлетэня і адправіць у чат-бот «Голасу». Такім чынам стала магчымым падлічыць галасы і зразумець рэальную карціну галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах.

Сямёра ўдзельнікаў «Голасу» цяпер знаходзяцца ў СІЗА. Адзін з галоўных распрацоўнікаў плятформы, вядомы беларускі ІТ-спэцыяліст Павел Лібер зьехаў у Кіеў яшчэ да выбараў — дзеля бясьпекі.

Карэспандэнтка «Настоящего времени» Юлія Жукава паразмаўляла з Паўлам пра маштабы фальсыфікацыяў на выбарах, у якіх, паводле афіцыйных дадзеных, Аляксандр Лукашэнка набраў 80% галасоў.

«Усе, хто ня выехаў за мяжу, альбо затрыманыя, альбо аштрафаваныя»

— Да нядаўняга часу ўсё, што мы ведалі пра плятформу «Голас», — што гэта грамадзкая ініцыятыва. Хто стаіць за ёй, было незразумела. І тут раптам у дзень выніковых справаздач вы пішаце пост у Фэйсбуку пра тое, што адзін з распрацоўнікаў — гэта вы. Чаму вырашылі выйсьці зь ценю?

— Мы вельмі шмат часу інвэставалі ў гэтую плятформу і ўсё роўна сустракалі нейкі элемэнт недаверу ў грамадзтве: відаць, абсалютна ананімнай плятформе складана давяраць. І паколькі хадзіла шмат чутак, што гэта замежная распрацоўка, інтрыгі «замежных агентаў» (як толькі дзяржаўныя СМІ на нас ні нападалі), мы вырашылі, што фінальная справаздача — вельмі важная рэч у жыцьці плятформы. Таму варта ўсё ж такі выходзіць зь ценю, паказаўшы ўсім, што гэта рабілі ў Беларусі беларускія айцішнікі, што ўся гэтая ананімнасьць была выключна для бясьпекі праекту і для нашай уласнай фізычнай бясьпекі.

Усе, хто ня змог выехаць за мяжу, альбо затрыманыя, альбо аштрафаваныя. Гэта значыць, увагі да гэтай плятформы з боку дзяржавы было вельмі шмат, менавіта нэгатыўнай увагі.

— Вы адчувалі ціск?

— Калі нас было паўмільёна, то, у сутнасьці, ціску не было, нас яшчэ не ўспрымалі ўсур’ёз. Але дзесьці за тыдзень да выбараў, калі лічыльнік ўжо падыходзіў да мільёна, нас пачалі вінаваціць у тым, што мы злачынны праект, што мы — «ценевая ЦВК», што мы распальваем масавыя беспарадкі, а гэта крымінальная адказнасьць у Беларусі. І хлопцаў і дзяўчат, якія засталіся ў Менску, затрымалі і выставілі ім той самы артыкул з крымінальнай адказнасьцю, і гэта яшчэ раз сьведчыць, што мы прынялі правільнае рашэньне, захоўваючы ананімнасьць максымальна.

— Затрыманых людзей з вашага праекту вызвалілі?

— Не, яны арыштаваныя. Прычым гэта людзі, якія нават ня ўдзельнічалі ў распрацоўцы плятформы. Яны дапамагалі нам адміністраваць сацыяльныя сеткі, чаты. Менавіта таму яны не выяжджалі, бо не займаліся нічым нелегальным. Але «Голас» атрымаў велізарную ўвагу перад выбарамі, і нас стараліся закрыць, абліць брудам. Пра нас пісалі на першых палосах дзяржаўных СМІ, маўляў, гэта ўсё для таго, каб разгайдаць грамадзтва. Нападкі былі вельмі моцныя.

— Хакерскія атакі адчувалі?

— Гэта цікавая гісторыя. У сам дзень выбараў беларускія ўлады паспрабавалі нашу плятформу падмяніць. Мы прасілі слаць нам фатаграфіі бюлетэняў. Выбарнікі мелі рабіць гэта праз чат-боты, зь якімі яны працавалі дагэтуль. Але пры гэтым унутры Беларусі на ўзроўні дзяржаўнага тэлекамунікацыйнага апэратара зрабілі так, што жыхары Беларусі, адкрываючы нашу плятформу, траплялі на фальшывы сайт, сайт-заглушку, які прапаноўваў ім запампаваць свае бюлетэні туды.

Мы дастаткова хутка гэта вызначылі і закрылі. Але сам факт вельмі цікавы, бо вынікае, што ўсякі жыхар Беларусі, заходзячы на ўсякі сайт зь Беларусі, ня можа быць упэўнены, што ён заходзіць на сапраўдны сайт. Паколькі дзяржава валодае ўсім трафікам і тэлекам-правайдэрам, адпаведна на ўзроўні дзяржавы гэта можна падмяніць.

«Маштабы фальсыфікацыяў абсалютна драматычныя»

— Адна з вашых галоўных высноваў — выбары былі сфальсыфікаваныя. Ацаніце маштабы фальсыфікацыяў.

— Маштабы абсалютна, я б сказаў, драматычныя. Напэўна, асноўная выснова нашай справаздачы — вынікі нашай ЦВК не сыходзяцца нават з афіцыйнымі пратаколамі, якія запаўнялі старшыні выбарчых камісіяў.

Самы яскравы прыклад: ЦВК афіцыйна запісала Сьвятлане Ціханоўскай у Менску каля 126 тысяч галасоў, а ў тых няпоўных пратаколах зь Менску, якія апынуліся ў нас у руках, іх ужо было 132 тысячы. Гэта значыць, яшчэ нават не даходзячы да плятформы «Голас», мы бачым, што ЦВК проста намалявала нейкія выніковыя лічбы.

А ўжо калі мы бяром плятформу «Голас», то бачым, што на кожным трэцім участку ў нас адбыліся фальсыфікацыі, гэта значыць на канкрэтных участках фатаграфіяў бюлетэняў было загружана больш, чым афіцыйных галасоў за гэтага кандыдата.

— Колькі, паводле вашых зьвестак, прагаласавала за Сьвятлану Ціханоўскую і Аляксандра Лукашэнку?

— Мы ня ставілі задачу падлічыць дакладную колькасьць галасоў. Калі выбары сфальсыфікаваныя, гэта немагчыма. Мы ставілі задачу пракантраляваць факты фальсыфікацыяў на асобна ўзятых участках. Паводле зьвестак, якія мы сёньня бачым, можам казаць, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма электаральнай большасьці, гэта значыць 50%. Але ў дакладныя лічбы мы ня можам трапіць, бо разумеем, што маем ня ўсе пратаколы і кожны старшыня камісіі дамалёўваў нейкую колькасьць ад сябе.

— Што вы зьбіраецеся рабіць з гэтымі зьвесткамі далей? Ці будзеце аспрэчваць у судзе вынікі выбараў?

— Вынікі ўжо перадаваліся ў Вярхоўны суд, які даў адмову, паведаміўшы, што калі ЦВК адмовілася прызнаць выбары несапраўднымі, то Вярхоўны суд нічога ня можа зрабіць. Таму зараз мы працуем дзеля далейшай кансалідацыі грамадзтва, калі людзі самі абыходзяць сваіх суседзяў, свой раён, зьбіраюць фізычныя подпісы, хто зь іх прагаласаваў, напрыклад, за Ціханоўскую.

Ужо ёсьць цікавыя выпадкі, калі мы бачым, што афіцыйна на нейкім участку за яе 80 галасоў, у «Голасе» — 800 бюлетэняў, а людзі пайшлі і за два дні сабралі подпісы 650 чалавек за тое, што так, я сапраўды галасаваў на выбарах за Ціханоўскую. Мы перакладаем гэта ўсё зь лічбавага вымярэньня ў фізычнае, калі грамадзяне могуць пераканацца, што фальсыфікацыя сапраўды была, што «Голас» ня хлусіць.

Яны бачаць усе гэтыя подпісы, яны разумеюць, што сапраўды іх груба падманулі. Менавіта таму ў нас адбываюцца ўсе гэтыя пратэсты, страйкі — бо людзей падманулі.

Цалкам інтэрвію з Паўлам Ліберам чытайце ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG