Некалькі чалавек ужо адмовіліся ад удзелу ў агульным страйкаме пасьля размоваў з праваахоўнікамі.
Пачатак страйку і патрабаваньні
Упершыню пра намер распачаць забастоўку супрацоўнікі «Беларуськалію» паведамілі празь некалькі дзён пасьля выбараў — у пятніцу 14 жніўня. 17-га пачалі ствараць страйкамы на рудаўпраўленьнях, празь дзень стварылі агульны страйкам на «Беларуськаліі». Паводле паведамленьняў ад шахтароў, усе шэсьць руднікоў прадпрыемства ў нейкі момант спынілі падачу руды на паверхню, абсталяваньне працавала зь мінімальна магчымай магутнасьцю. Гэта рабілася для таго, каб не сапсаваць яго і захаваць магчымасьць аднавіць працу пасьля выкананьня патрабаваньняў. Іх было і застаецца шэсьць:
1. Прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі.
2. Прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і Лідзію Ярмошыну да адказнасьці.
3. Вызваліць усіх палітзьняволеных і ўдзельнікаў пратэстаў.
4. Не дапусьціць пакараньня ўдзельнікаў страйку.
5. Каб на пэрыяд страйку банкі не патрабавалі з удзельнікаў працэнтаў па крэдытах.
6. Захаваць дзеяньне калектыўнай працоўнай дамовы з усімі ўдзельнікамі страйку.
Пазыцыя кіраўніцтва і ціск на рабочых
Гендырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты ад пачатку не падтрымаў дзеяньняў сваіх падначаленых. У дзень фармаваньня страйкамаў на рудніках яго можна было бачыць на месцах, аднак ні да шахтароў, ні да журналістаў Галаваты пагаварыць не падыходзіў. Ягоны службовы аўтамабіль заяжджаў на тэрыторыю руднікоў праз унутраны праезд.
18 жніўня ўдзельнікі страйку пачалі заяўляць пра ціск. Шахтараў, якія падпісаліся пад заявай аб стварэньні страйкаму, сталі выклікаць на асабістыя размовы з кіраўніцтвам і папярэджваць аб незаконнасьці забастоўкі і магчымых наступствах, уключна са звальненьнем.
Паводле беларускага заканадаўства, супрацоўнікі прадпрыемстваў маюць права на забастоўку, аднак яна мусіць быць адпаведным чынам аформленая, а яе патрабаваньні павінны датычыцца непасрэдна ўмоваў працы. У адказ на адкрытым сходзе на цэнтральнай плошчы Салігорску страйкам заявіў, што апошнія падзеі ў краіне і афіцыйныя вынікі выбараў перашкаджаюць шахтарам нармальна працаваць і не дазваляюць сканцэнтравацца на сваіх абавязках.
Колькі шахтароў далучыліся да страйку і працягваюць у ім удзельнічаць?
Запіс у лік удзельнікаў страйкамаў пачаўся 18 жніўня. Паводле арганізатараў забастоўкі, за першы дзень на кожным з шасьці рудаўпраўленьняў «Беларуськалію» да забастоўкі далучыліся каля 1000 чалавек. Агулам на прадпрыемстве прыкладна 20 тысяч супрацоўнікаў, аднак у гэтую лічбу ўваходзяць таксама офісныя і абслуговыя работнікі. Шахтары складаюць прыкладна чвэрць ад усіх рабочых прадпрыемства.
Пасьля ціску з боку кіраўніцтва і першых затрыманьняў колькасьць страйкоўцаў паступова зьніжалася. 19 жніўня на мітынгу ў цэнтры Салігорску прэс-сакратар агульнага страйкаму «Беларуськалію» Глеб Сандрас паведаміў Свабодзе, што ў забастоўцы працягваюць удзельнічаць каля 4 тысяч шахтароў. Праз тыдзень пасьля пачатку страйку актыўны ўдзел у страйку і сходах на цэнтральнай плошчы гораду ўдзельнічалі ад некалькіх тысяч да некалькіх соцень чалавек. Па словах саміх шахтароў, частка з тых, хто вярнуўся ў шахты, працягвае баставаць «па-італьянску». Людзі знаходзяцца на сваіх працоўных месцах, але працуюць марудна і неэфэктыўна.
Затрыманьні
Раніцай 20 жніўня стала вядома пра зьнікненьне аднаго з арганізатараў страйку Дзьмітрыя Кудзялевіча. Ён удзельнічаў у стварэньні страйкаму ад самага пачатку яго працы 17 жніўня, вёў перамовы з кіраўніцтвам ад імя шахтароў. Кудзялевіч змог паведаміць, што ягоны аўтамабіль атачылі невядомыя, пасьля чаго тэлефон перастаў адказваць.
На сувязь з жонкай Дзьмітры Кудзялевіч выйшаў позна ўвечары. На наступны дзень ён расказаў, што быў затрыманы супрацоўнікамі міжраённага аддзелу КДБ у Салігорску. Яго адвезьлі ў будынак Камітэта дзяржбясьпекі, адкуль Кудзялевіч, паводле яго, змог уцячы праз фортку прыбіральні. Празь некалькі гадзін ён ужо быў ва Ўкраіне, дзе знаходзіцца і цяпер.
Празь некалькі дзён затрымалі сябра страйкаму Паўла Сячко. Ён пасьпеў паведаміць, што «зь ім размаўляюць». Неўзабаве Сячко вярнуўся дадому, аднак заявіў, што «адыходзіць ад справаў».
Былі затрыманыя таксама ўдзельнікі страйкаму Алеся і Ўладзімер Логінавы. Іх знайшлі ў Салігорскім РАУС празь некалькі гадзін. Што з актывістамі цяпер, ня ведаюць нават у страйкаме. Логінавы выходзяць на сувязь пэрыядычна, актыўнага ўдзелу ў працы страйкаму не бяруць.
24 жніўня затрымалі сустаршыню агульнага страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна. Некалькі гадзін было невядома, дзе ён знаходзіцца. Пасьля заявы страйкаму аб намеры сабраць сход шахтароў ля будынку РАУС Бокун знайшоўся ў судзе. Вечарам таго ж дня яго асудзілі «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» і далі штраф 675 рублёў.
Што будзе далей?
Па стане на 25 жніўня штодзённыя ранішнія сходы шахтароў на цэнтральнай плошчы Салігорску спыніліся. Рэгулярна працягвае зьбірацца толькі страйкам. Як расказаў Свабодзе прэс-сакратар агульнага страйкаму Глеб Сандрас, прадпрыемства не працуе на поўную магутнасьць. Моцна абмежаванай застаецца праца 1-га і 2-га рудаўпраўленьняў.
«Плян вытворчасьці за месяц ужо сарваны, — гаворыць Глеб Сандрас. — У нас ёсьць лічбы па кожным з рудаўпраўленьняў. Можна дакладна сказаць, што месячны плян ня будзе выкананы. Магчыма, на 60-70% толькі. Рэальныя лічбы адрозьніваюцца ад тых, пра якія гаворыць кіраўніцтва».