Юры Дракахруст аналізуе заявы міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова наконт сытуацыі ў Беларусі, зробленыя сёньня на міжнародным моладзевым форуме «Тэрыторыя сэнсаў»
Сьцісла:
- Тэзы Лаўрова хутчэй пацьвярджаюць інфармацыю пра тое, што Ўладзімір Пуцін прыняў рашэньне падтрымаць у беларускім супрацьстаяньні Аляксандра Лукашэнку
- Некаторыя выказваньні Лаўрова дакладна супадаюць з асноўнымі наратывамі, якія прасоўваюць у Беларусі расейскія адмыслоўцы па прапагандзе
- Пазыцыя Масквы робіцца больш жорсткай — яна адмаўляецца нават ад вельмі мяккай крытыкі Лукашэнкі і ад ідэі вонкавага пасярэдніцтва ў беларускім крызісе
- Лукашэнку даецца індульгенцыя на прымальную для яго форму дыялёгу з грамадзтвам
- Масква ня робіцца «сабакам, якім круціць хвост», яна захоўвае свабоду манэўру ў залежнасьці ад хады падзеяў у Беларусі і прапановаў заходніх партнэраў
Кіраўнік МЗС Расеі Лаўроў выступіў сёньня на міжнародным моладзевым форуме «Тэрыторыя сэнсаў» з шэрагам праграмных заяваў па сытуацыі ў Беларусі. Вось асноўныя тэзы яго выступу:
- Сытуацыя ў Беларусі нармалізуецца
- Беларускія апазыцыянэры-эмігранты заклікаюць да праліцьця крыві ў Беларусі, да сілавых сутыкненьняў
- Беларускія сілавікі цяпер нікога не чапаюць і ня ўмешваюцца ў правядзеньне мірных дэманстрацыяў
- Мы ня будзем супраць любога рашэньня, якое прыме беларускае кіраўніцтва адносна дыялёгу са сваім народам
- Заходнія партнэры ва Ўкраіне ў 2014 годзе, спрабуючы пасярэднічаць, прадэманстравалі сваю недамоваздольнасьць
- Беларускі народ сам вырашыць, як выходзіць з крызісу, і пасярэднікі яму не патрэбныя
- Дыялёг па рэформе Канстытуцыі Беларусі можа спрыяць нармалізацыі сытуацыі
- На Ціханоўскую маглі рабіць ціск, каб яна і пасьля ад’езду працягвала заклікаць жыхароў Беларусі да пратэстаў і страйкаў
- Праграма Ціханоўскай неканструктыўная — там і ўступленьне і ў ЭЗ, і ў НАТО, і беларусізацыя за кошт прасоўваньня «шмат у чым штучнай беларускай мовы» ўва ўсе сфэры, дзе будзе выціснутая расейская мова
- Да Каардынацыйнай Рады ёсьць пытаньні наконт спосабаў яе фармаваньня. У ёй нямала людзей, вядомых сваім адмоўным стаўленьнем да разьвіцьця саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
Гэтыя тэзы Лаўрова хутчэй пацьвярджаюць інфармацыю пра тое, што Ўладзімір Пуцін прыняў рашэньне падтрымаць у беларускім супрацьстаяньні Аляксандра Лукашэнку, і тое, што ў Беларусі на баку ўлады ўжо працуюць расейскія прапагандысты і паліттэхнолягі.
Некаторыя выказваньні Лаўрова дакладна супадаюць з асноўнымі наратывамі, якія прасоўваюць у Беларусі расейскія спэцы па прапагандзе: пратэст зьліваецца, Ціханоўская — за ўступленьне ў ЭЗ і NATO, за выцісканьне расейскай мовы. У прамове Лаўрова асабліва ўражвае шавіністычная сэнтэнцыя пра беларускую мову — «шмат у чым штучная». Тое, што адпаведная праграма не належыць Ціханоўскай і гэта было даказана, зусім не зьбянтэжыла міністра-прапагандыста.
Таксама мэта паліттэхнолягаў — раскалоць, падзяліць пратэст, пасварыць яго лідэраў. І міністар працуе на гэтую задачу, знаходзячы сярод чальцоў КР ворагаў Расеі.
Пару дзён таму ён прызнаў, што выбары ў Беларусі прайшлі неідэальна. Цяпер пра гэта не гаворыцца, відаць, за гэты час яны істотна палепшыліся. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон нядаўна казаў, што Пуцін у прынцыпе станоўча выказаўся пра пасярэдніцтва АБСЭ ў беларускім крызісе. Цяпер Лаўроў кажа, што пасярэднікі беларускаму народу наагул не патрэбныя ніякія. Па-свойму лягічна, расейскія паліттэхнолягі, якія прыехалі ў Беларусь — яны ж не пасярэднікі, яны найміты, якія ваююць на пэўным баку.
З аднаго боку, Лаўроў кажа пра дыялёг, зь іншага — адзначае:
«Мы ня будзем супраць любога рашэньня, якое прыме беларускае кіраўніцтва ў адносінах дыялёгу са сваім народам». Не любога рашэньня, якое будзе выпрацаванае ў выніку дыялёгу, а любога рашэньня, якое прыме наконт дыялёгу адзін бок — беларускае кіраўніцтва.
Які «дыялёг» беларускае кіраўніцтва вяло са сваім народам у засьценках Акрэсьціна і Жодзіна — цяпер вядома ўсяму сьвету. Відаць, і супраць такога дыялёгу Крэмль асабліва ня мае пярэчаньняў. Гэтыя зьверствы, якія беларусаў абурылі ці ня больш, чым фальсыфікацыі на выбарах, Лаўроў не палічыў патрэбным пракамэнтаваць нават гумова-дыпляматычнай формулай пра «непрапарцыйнае ўжываньне сілы».
Пры жаданьні ў заявах Лаўрова можна ўбачыць нейкія адценьні і адрозьненьні ад аглабельнай лініі Лукашэнкі і яго падначаленых. Страшылкі пра вайсковую пагрозу з боку NATO, на якую апошнімі днямі налягае Лукашэнка і міністар Хрэнін, — гэта не для Лаўрова. Лукашэнка псыхапатыю сабе дазволіць можа, ядзерная дзяржава — не.
Лукашэнкаву трактоўку канфлікту як спробы перавароту супраць легітымнага, 80%-га прэзыдэнта Лаўроў таксама не паўтарае. Паводле Лаўрова, назіраецца канфлікт, сытуацыя, у якой пэўная рацыя ёсьць прынамсі ў кожнага з бакоў. Ухвальныя словы наконт рэформы Канстытуцыі можна расцаніць як параду зрабіць гэтую рэформу хутка. Рэформа, расьцягнутая на месяцы і гады, цяперашні востры крызіс вырашыць няздольная паводле вызначэньня.
Іншымі словамі, Масква ня цалкам ператвараецца ў «сабаку, якім круціць хвост». Пэўную свабоду манэўру яна захоўвае. Калі пратэсты ў Беларусі сьціхаць ня будуць, калі з улікам гэтага Захад прапануе Крамлю нейкую формулу вырашэньня беларускага крызісу, прымальную для Масквы, яе пазыцыя можа і зьмяніцца. Але пакуль выглядае, што сапраўды рэалізуецца лінія на дапамогу Лукашэнку. І заявы Лаўрова — палітыка-дыпляматычны складнік гэтай падтрымкі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.