У Беларусі недасяжны сайт Радыё Свабода. Кліенты ўсіх буйных апэратараў атрымліваюць паведамленьні, што сайт заблякавала Міністэрства інфармацыі на падставе закону аб СМІ. Прапануем ніжэй спосабы абыходу блякаваньня.
Мэсэнджэр Telegram
Усе публікацыі Свабоды выходзяць адначасова як на сайце, так і ў Telegram (у больш сьціслым фармаце), падпісацца на канал можна тут. Мы адмыслова сьціскаем фота- і відэаматэрыялы, каб вы апэратыўна маглі іх загрузіць і паглядзець. Калі вы хочаце падзяліцца эксклюзіўнай інфармацыяй, фота ці відэа пішыце ў тэлеграм @SvabodaBelarus, ананімнасьць гарантаваная.
Мабільная праграма для iOS і Android
На момант публікацыі інфармацыю Свабоды можна чытаць праз мабільную праграму RFE/RL. Яна дасяжная для карыстальнікаў апэрацыйных сыстэм Android, iOS, Samsung Smart TV, Apple TV. Паставіць праграму на свой тэлефон можна ў Google Play і App Store.
Пры ўсталяваньні абавязкова выберыце беларускую мову (гл. на выяву ніжэй) – гэта дасьць вам доступ да кантэнту менавіта Беларускай службы Радыё Свабода, сайт якой у Беларусі блякуюць.
Сацыяльныя сеткі
Каб апэратыўна атрымліваць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, падпішыцеся на нашыя сацыяльныя сеткі:
VPN і Proxy-сэрвісы
Тэхналёгіі VPN дазваляюць забясьпечыць сеткавыя злучэньні паверх іншай сеткі, у выпадку са Свабодай – беларускіх правайдэраў.
Каманда vpn-сэрвісу Psiphon апублікавала справаздачу пра беларускую блякіроўку інтэрнэту 9-11 жніўня. Супрацоўнікі Psiphon налічылі 1.76 мільёна карыстальнікаў, якія хаця б раз падлучыліся да сыстэмы 11 жніўня. Гэта кожны чацьвёрты інтэрнэт-карыстальнік Беларусі.
На момант публікацыі ў Беларусі недасяжны сайт psiphon.ca, але працуе яго люстэрка psiphon3.com.
Проксі-сэрвісы выконваюць роль пасярэдніка паміж карыстальнікам і сэрвэрам, які блякуецца ў пэўным месцы. Сьпіс проксі-сэрвэраў для браўзэру можна паглядзець тут.
Мэсэнджар Telegram падтрымлівае мноства proxy-сэрвэраў, якія публікуюцца ў каналах Proxy MTProto і MTProto Belarus Proxy (Прокси). Раз на некалькі гадзінаў на каналах публікуюцца новыя адрасы proxy-сэрвэраў, уключыць якія можна адной кнопкай: «Connect». Некалькі з гэтых сэрвэраў могуць не працаваць, але адзін зь двух-трох дзясяткаў заўсёды застанецца працоўным.
Пасьля таго, як карыстальнік дадае проксі, сэрвэр зьяўляецца ў сьпісе ўжо ўсталяваных, пры тым у сьпісе пазначаецца, да якіх ранейшых сэрвэраў няма доступу, а да якіх ёсьць. Тыя, да якіх ёсьць, паказваюць ping – час, за які сыгнал праходзіць між сэрвэрам і карыстальнікам. Чым меншы гэты час, тым хутчэйшае будзе злучэньне.
Браўзэр Opera з убудаваным VPN
Браўзэр распрацаваны пад апэрацыйныя сыстэмы Windows, MacOS, Linux, iOS, Android. Каб уключыць VPN трэба націснуць адпаведную кнопку ў адрасным радку. Спампаваць браўзэр можна тут.