Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дваіх звольнілі». Рабочыя расказалі, што на «Белшыне» страйк «душаць на корані»


Будынак заводакіраўніцтва «Белшыны»
Будынак заводакіраўніцтва «Белшыны»

Страйкоўцы цьвердзяць, што на ўдзельнікаў забастоўкі цісьне адміністрацыя, і двое зь іх ужо вымушаныя былі звольніцца. Цяпер працаўнікі спрабуюць стварыць страйкам і спадзяюцца, што гэта дапаможа «разварушыць» калектыў.

«Страйкоўцаў прымушаюць штодня пісаць тлумачэньні, чаму яны адмаўляюцца працаваць»

Работнік падрыхтоўчага цэху заводу масавых шын Віталь Красьніцкі ўдзельнічае ў страйку. Паводле яго, забастоўка на «Белшыне» трымаецца на асобных групах працаўнікоў з розных цэхаў. Ён настойвае, што адміністрацыя прадпрыемства аказвае ціск на страйкоўцаў, палохае, што імі зоймуцца сілавыя структуры. Двое днямі вымушаныя былі напісаць заявы на звальненьне па ўласным жаданьні. Цяпер яны пазьбягаюць кантактаў з калегамі. Красьніцкі кажа, што і яму ўжо намякалі: калі не сунімецца, то знойдзецца прычына звольніць.

Па словах Віталя Красьніцкага, страйкоўцы хадзілі ў прафкам, і ягоны старшыня запэўніў, што звальняць іх ня маюць права, бо Канстытуцыя дае ім права на страйк. Працаўнікі перадалі праз старшыню прафкаму свае патрабаваньні кіраўніцтву прадпрыемства: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, правядзеньне сумленных і адкрытых выбараў, пакараньне тых, хто зьбіваў удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту, вызваленьне палітвязьняў.

Віталь Красьніцкі (у цэнтры)
Віталь Красьніцкі (у цэнтры)

Паводле Віталя Красьніцкага, на пачатку зьмены на страйкоўцаў складаецца акт, што яны адмаўляюцца выконваць свае абавязкі. Іх змушаюць пісаць тлумачэньне, чаму яны не працуюць.

«Мы адзначаем, што карыстаемся канстытуцыйным правам на забастоўку, — кажа суразмоўца. — Адміністрацыя навязвае працоўным думку, што мы «займаемся абы-чым, каб не працаваць».

На ягоны погляд, калектыў пабойваецца далучацца да забастоўкі, бо бачыць, што ўдзельнікаў няшмат і «кіраўніцтва іх дацісьне». Акрамя таго, працаўнікі занепакоеныя, што ім не кампэнсуюць фінансавыя страты ад прастою прадпрыемства.

Спроба бабруйчанаў падтрымаць шыньнікаў у іх намерах абвясьціць забастоўку
Спроба бабруйчанаў падтрымаць шыньнікаў у іх намерах абвясьціць забастоўку

Разам з тым, цьвердзіць Красьніцкі, пераважная большасьць «шыньнікаў» не задаволеныя тым, як скончыліся выбары. Яны лічаць, што іхныя галасы скралі, і шмат працаўнікоў удзельнічаюць у акцыях пратэсту, якія штодня праходзяць у Бабруйску. Ён спадзяецца, што калегі далучацца да забастоўкі, як будзе створаны страйкам. Гэтым страйкоўцы займаюцца цяпер. Суразмоўца прызнаецца, што дагэтуль ня ведалі, як яго ствараць.

«Працаўнікі нібыта і ўладай незадаволеныя, але падтрымаць забастоўку баяцца»

На «Белшыне» ад 1993 году існуе суполка Беларускага незалежнага прафсаюзу. У найлепшыя свае часы яна налічвала да 200 сяброў. Цяпер трымаецца толькі на траіх. Узначальвае яе Сяргей Гурло. За ўдзел у акцыях пратэсту ён адседзеў 8 сутак і вызваліўся 18 жніўня. Кажа, што пакуль разьбіраецца ў сытуацыі і да страйку не далучыўся.

Сяргей Гурло кажа, што з мноства цэхаў прадпрыемства пра страйкоўцаў чуў толькі ў двух. Большасьць працаўнікоў пабойваецца да іх далучацца.

Сяргей Гурло (крайні зьлева)
Сяргей Гурло (крайні зьлева)

«Нібыта яны і ўладай незадаволеныя, і гатовыя баставаць, але страх пераважае. Як звольняць, дык у Бабруйску нікуды не ўладкуесься потым», — тлумачыць суразмоўца.

Пасьля вызваленьня Сяргею Гурло расказалі на прадпрыемстве, што 14 жніўня адна са зьменаў адмаўлялася працаваць паўтары гадзіны і выходзіла з патрабаваньнямі да заводакіраваньня. Спыненьне працы ўспрымалася тады як папераджальны страйк. За яго падпісалася 150 працаўнікоў. Потым шыньнікі далучылася да пратэставай акцыі. Удзельнікаў адміністрацыя гразілася пазбавіць прэміяльных.

Пра тое, што двух страйкоўцаў змусілі звольніцца па ўласным жаданьні, Сяргей Гурло ведае. Ён кажа, што адзін зь іх быў перадавіком і ягоны партрэт вісеў на дошцы гонару, гэта выдатны спэцыяліст.

«Вядома ж, забастоўка душыцца на корані, — падсумоўвае гутарку прафсаюзны актывіст. — Заўтра выйду на зьмену, і, магчыма, і тых, хто застаўся з страйкоўцаў, пазвальняюць».

Калёна «Белшыны» на мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі
Калёна «Белшыны» на мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі

Даведацца пра пазыцыю адміністрацыі прадпрыемства і кіраўніцтва мясцовай арганізацыі прафсаюзу работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай прамысловасьці Свабодзе не ўдалося. У камэнтарах іншым мэдыя прадстаўнікі кіраўніцтва «Белшыны» абвяргалі зьвесткі пра намеры работнікаў арганізаваць на прадпрыемстве страйк. Яны даводзілі, што «калектыў працуе, бо яму трэба карміць свае сем’і».

Супрацоўнікі заводакіраваньня ў гутарцы з журналістам настойваюць, што прадпрыемства працуе ў звыклым тэхналягічным рэжыме. Некаторыя адзначаюць, што пра сытуацыю з забастоўкай на ўсім прадпрыемстве адказваць ня могуць, бо яно завялікае.

Пагаварыць са звольненымі супрацоўнікамі нам таксама не ўдалося — яны адмаўляюцца кантактаваць з журналістамі.

На акцыянэрным таварыстве «Белшына» працуе 9 тысяч чалавек. Прадпрыемства спэцыялізуецца на вырабе шын для шырокага спэктру аўтамабільнага, будаўнічага і сельскагаспадарчага транспарту. Прадукцыю прадае больш як у 60 краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG