У Беларусі абмежавалі доступ да онлайн-плятформаў «Голас» і Zubr.in, паведамляе Tut.by са спасылкай на афіцыйны сайт БелДІЭ.
Сайты гэтых онлайн-ініцыятываў трапілі ў сьпіс рэсурсаў абмежаванага доступу «на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусі» 21 жніўня. Сьпіс з такімі рэсурсамі недаступны для прагляду звычайнымі карыстальнікамі, але даступны для інтэрнэт- і гостынг-правайдэраў. У адным зь іх нам пацьвердзілі гэтую інфармацыю.
Акрамя таго, у сьпіс абмежаванага доступу рашэньнем Міністэрства інфармацыі ўнесьлі некалькі дзясяткаў проксі-сэрвісаў, з дапамогай якіх пры адсутнасьці доступу да інтэрнэту 9–11 жніўня некаторыя карыстальнікі адкрывалі папулярныя мэсэнджэры.
20 жніўня «Голас» разам з ініцыятывай «Честные люди» апублікавалі прамежкавыя вынікі альтэрнатыўнага падліку галасоў. Зь іх можна зрабіць выснову, што Аляксандар Лукашэнка ня мог набраць 80%, як палічыла ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай.
На падставе сабраных плятформай дадзеных адзін з распрацоўнікаў «Голасу» Павал Лібер заявіў, што выбары прэзыдэнта Беларусі былі «цалкам сфальсыфікаваныя».
Вось тры яго галоўныя высновы:
- «Выбары трэба прызнаць несапраўднымі, бо фальсыфікацыі выявілі на кожным трэцім участку. У Беларусі павінны прайсьці новыя — сумленныя і празрыстыя — выбары прэзыдэнта».
- «Вынікі выбараў ЦВК узяў з паветра. Ён нават не знайшоў часу пералічыць свае ж (хай і сфальсыфікаваныя) выніковыя пратаколы з выбарчых участкаў».
- «Аляксандр Лукашэнка ня ёсьць легітымным прэзыдэнтам. І вельмі б хацелася, каб ён азнаёміўся з гэтай справаздачай да яго ўжо знакамітай фразы «як можна сфальсыфікаваць 80%?».
Што такое плятформа «Голас»
Плятформу запусьціла ініцыятыва «Честные люди», аб стварэньні якой абвясьціў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а цяпер палітычны зьняволены Віктар Бабарыка. На плятформе зарэгістраваліся 1,15 млн карыстальнікаў.
«Плятформа «Голас» існуе, каб кожны мог даведацца, колькі галасоў аддадзена за кандыдатаў на яго ўчастку, і параўнаць з дадзенымі пратаколу, — пішуць на сайце. — Усё, што трэба зрабіць, — даслаць фота абодвух бакоў вашага бюлетэню ў чат-бот „Голасу“. Толькі бюлетэнь, бяз пашпарту і сэлфі. Ваш голас застанецца ананімным».
У дзень выбараў 9 жніўня сайт быў недасяжны ў шэрагу беларускіх правайдэраў, а некаторыя карыстальнікі паведамлялі, што замест арыгінальнага «Голасу» адкрываўся фальшывы сайт, які прасіў увесьці тэлефонны нумар.
Што ўлады казалі пра «Голас»
Плятформу для альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах прэзыдэнта Беларусі «Голас» прапаноўвалі заблякаваць яшчэ на пачатку жніўня.
6 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна даць ацэнку законнасьці ініцыятываў альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах у Беларусі.
«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, — гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генэральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасьці падобных ініцыятываў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», — сказаў ён.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла ў відэазвароце ад 6 жніўня, што дзейнасьць інтэрнэт-плятформы «Голас» скіраваная на «арганізацыю масавых беспарадкаў» і зьяўляецца «стварэньнем ценевага Цэнтравыбаркаму, ня больш і ня менш».
У Генэральнай пракуратуры 7 жніўня заявілі, што онлайн-плятформы «Голас» і Zubr.in займаюцца правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў і дасьледаваньняў без акрэдытацыі.